Як вывесці гаспадарку на новы ўзровень? Кіраўнік ААТ «Жабінкаўскі» Міхаіл Вячорка раскрывае сакрэты

Як вывесці гаспадарку на новы ўзровень? Кіраўнік ААТ «Жабінкаўскі» Міхаіл Вячорка раскрывае сакрэты

Міхаіла Вячорку ведаюць як амбіцыёзнага і разважлівага кіраўніка. Зусім нядаўна, усяго два гады таму, ён стаў “у руля” ААТ “Жабінкаўскі” і, нягледзячы на невялікі адрэзак часу, вывеў гаспадарку на новы ўзровень: па выніках работы за 2019 год таварыства занесена не толькі на раённую, але і абласную Дошку гонару! Сёння малады дырэктар — госць “СП”.

— Міхаіл Мікалаевіч, быць перадавіком — пачэсная і адказная справа. Якімі дасягненнямі асабліва ганарыцца калектыў “Жабінкаўскага”?
— Шчыра кажучы, кожная лічба, кожны паказчык дастаўся дзякуючы неймаверным намаганням і шчырай працы кожнага — як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве. Прыемна, што змаглі выканаць усе даведзеныя ключавыя паказчыкі па таварнасці малака, надоях на карову, валавай прадукцыі, зніжэнні затрат і іншыя. Удвайне прыемна, што нашы дасягненні ацанілі на абласным узроўні. Значыць, мы ідзем у правільным накірунку.
— Вядома, што ўзятую планку трэба трымаць.
— Стараемся. Летась намалацілі 8442 тон збожжа пры ўраджайнасці 49,4 цэнтнера на круг. Цукровых буракоў, нягледзячы на спякотнае лета, сабралі 15714 тон — а гэта 616,2 цэнтнераў з гектара (у 2018 годдзе гэтая лічба складала 686,9 ц/га). Асаблівы гонар — жывёлагадоўчая галіна. Менавіта вытворчасць малака і мяса дае ў касу гаспадаркі найбольшую — каля 79% — выручку. Так, летась ад кожнай каровы надаілі 7176 кілаграмаў малака. Сёлета плануем падняць планку да 7500 кілаграмаў. Дарэчы, за два гады нам удалося павялічыць прадукцыйнасць дойнага статка на 828 кілаграмаў! За гэтай лічбай — правільная арганізацыя кармлення, даення, селекцыйная работа са статкам.
— ААТ “Жабінкаўскі” смела крочыць у будучыню: абнаўляецца машынна-трактарны парк, праводзяцца рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў…
— А без гэтага ў наш імклівы час немагчыма: навінкі інжынернай думкі прыходзяць у сельскую гаспадарку, і гэта выдатна, бо без іх не будзе прагрэсу! Мы актыўна інвестыруем у абнаўленне машынна-трактарнага парка, бо тая тэхніка, што ёсць, даўно маральна і фізічна састарэла. Каб выконваць работы якасна і ў тэрміны, а таксама зменшыць расходы на рэмкамплекты, за апошнія два гады набылі два Джон-Дзіра, культыватар, машыну для ўнясення арганічных угнаенняў КМП-20, апырсквальнік, два МАЗы. Зараз чакаем дастаўку яшчэ двух энерганасычаных трактароў МТЗ 12-21, столькі ж — “Амкадораў” і васьміметровы культыватар. Яны стануць выдатнымі памочнікамі на палях і фермах.
— У Якаўчыцах побач з ужо існуючай фермай можна пабачыць падмурак і рыштаванні новабудоўлі…
— Гэта наш гонар — узводзяцца два кароўніка з даільна-малочным блокам “карусель” на 40 скаціна-месцаў. У раёне гэта будзе першая такая ферма, разлічаная на 720 кароў (у перспектыве павялічым дойны статак да 1000 галоў). Лічу, што “карусель” — гэта даенне заўтрашняга дня, а “паралель” — сённяшняга. Дарэчы, з уводам “каруселі” на Жабінкаўшчыне не застанецца ферм з прывязным утрыманнем жывёлы і даеннем у малакаправоды. Мяркую, наш раён стане першым у рэспубліцы, які перайшоў на беспрывязнае ўтрыманне статка. На МТФ “Навасады”, “Курпічы”, “Панцюхі” і “Якаўчыцы” зараз 1708 дойных кароў. Сёлета плануем увесці ў статак яшчэ 150 і столькі ж — у будучым годзе, каб хутчэй укамплектаваць новую МТФ, якую плануем запусціць напрыканцы бягучага года. Дарэчы, у нашай гаспадарцы самая вялікая шчыльнасць жывёлы (91 галава на 100 гектараў сельгасугоддзяў) і гэта не мяжа. Нават з павелічэннем колькасці жывёлы мы можам забяспечыць сябе кармамі з пераходзячым фондам. Сёлета агранамічная служба вырашыла праэксперыментаваць: пасеялі кукурузу разам са сланечнікам, каб павялічыць колькасць бялку ў кармах.
— Міхаіл Мікалаевіч, ведаю, абнаўленні закранулі і мехмайстэрні…
— Так, па выніках работы за мінулы год, мы занялі трэцяе месца ў вобласці па створаных умовах у мехмайстэрнях. Касметычны рамонт плаўна ператварыўся ў капітальны: мы замянілі плітку ў душавых, туалетах, раздзявальнях, пакоях прыёмы ежы, памяшканнях для слесараў, сваршчыкаў і токараў. Устанавілі цвёрдапаліўны кацёл, так што падчас рамонтных работ у зімовы перыяд у мехмайстэрнях будзе цёпла і камфортна.
— Палепшаныя ўмовы работы, новая тэхніка, рэканструкцыя ферм — гэта выдатна. Цікава, якую зарплату атрымліваюць працаўнікі?
— У гаспадарцы яна вырасла, і значна — на 34%. За мінулы год атрымалася ў сярэднім 945 рублі. Сёлета плануем выйсці на сярэднемесячную зарплату 1000-1100. І гэта цалкам рэальныя лічбы.На мой погляд, кожны работнік нашай каманды павінен атрымліваць дастойныя заробкі, каб не даводілася думаць, дзе шукаць падпрацоўкі, каб накарміць сям’ю. У нас шмат маладых рупліўцаў, якім яшчэ няма і сарака гадоў. Увогуле, наш калектыў выдатны, жыве агульнай справай, як сям’я. Людзі — галоўны здабытак гаспадаркі. Толькі разам мы — сіла!
— Міхаіл Мікалаевіч, якую дапамогу гаспадарка атрымлівае з боку дзяржавы?
— Наш калектыў, як я ужо гаварыў вышэй, складаецца з малададых, ініцыятыўных спецыялістаў, гатовых уключацца ў доўгатэрміновыя праекты і эканамічна выгадныя эксперыменты. Супрацоўнікі райсельгасхарчу рэгулярна ўносяць слушныя прапановы і парады. Дый без без дапамогі дзяржавы немагчыма было б будаўніцтва “каруселі” ў Якаўчыцах.
— Часта даводзіцца бачыць вас у полі, на сяўбе, на жніве…
— Я чалавек не кабінетны. Шчыра кажучы, мне ў чатырох сценах не хапае паветра. А вось у полі — прастора, эмоцыі, адносіны з людзьмі. Пачынаў, дарэчы, працаваць у Іванаўскім раёне, у ААТ “Бакунова”. Мой кіраўнік таксама больш часу праводзіў у полі, чым за сталом у кабінеце. У ААТ “Ракітніца”, дзе я працаваў эканамістам да прыходу сюды, таксама за сталом не сядзелася.
— Ці адчуваеце падтрымку родных? Быць дырактарам гаспадаркі, кіраваць амаль трыма сотнямі чалавек — нялёгкая справа…
— Безумоў-на, надзейны тыл — мая любая жонка. Я ўдзячны лёсу за тое, што ён дараваў мне такую разумную, кемлівую і цярплівую жанчыну. Шчаслівы, што маю чатырох дзетак: Даша восенню пойдзе ў пяты клас, Кацярына — у першы, Цімошку ў гэтым годзе споўнілася тры гады, а Анюце ўсяго дзесяць месяцаў. Адзінае шкада — працоўны дзень пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы і заканчваецца позна вечарам, таму часта малечу бачу ўжо сонных. Радасць, калі атрымоўваецца выехаць усім разам на прыроду, пазабаўляцца з дзецьмі — яны мяне практычна не бачаць. Старэйшых, калі выпадае нагода, бяру на работу — яны з цікавасцю разглядюць цялят, тэхніку, бачаць, які няпросты шлях хлеба і іншых прадуктаў на наш стол. Калі яны вырастуць і вырашаць звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, з зямлёй — буду толькі рады. Мне самаму любоў да зямлі прывілі бацькі — яны, дарэчы, дагэтуль трымаюць вялікую гаспадарку, у тым ліку карову і каня. Лайдачыць ні ў дзяцінстве, ні ўжо дарослым не ўдаецца (смяецца). Грывастыя коні — мае светлыя ўспаміны маленства: дзед пасвіў калгасны табун, і я выдатна ездзіў верхам ужо з чатырох гадоў, выганяў коней у начное, частаваў іх лустай хлеба, пасыпанай соллю… Мару, што на базе нашай гаспадаркі адкрыем конна-спартыўны клуб, каб дзеці нарэшце змаглі адарвацца ад гаджэтаў і адчуць хараство прыроды.
— Дарэчы, ужо трэці год запар у Беларусі праходзіць Год малой радзімы.
— Я бы працягнуў яшчэ б на колькі часу. Лічу, гэта правільная практыка — наводзіць парадак на зямлі, падтрымліваць чысціню. Бо гэта — заклад паспяховага развіцця нашага рэгіёна і краіны ў цэлым. Радуе, што аграгарадок Якаўчыцы, дзе летась ладзіліся раённыя “Дажынкі”, папрыгажэў і стаў яшчэ больш утульным. Імпануе, што райцэнтр будуецца, прырастае шматпавярхоўкамі, пашырае інфраструктуру.
— Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам і вашай гаспадарцы!
Запісала Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top