“За агульнай літарай закона — жывы, канкрэтны чалавек…”

“За агульнай літарай закона — жывы, канкрэтны чалавек…”

Нарадзіўся ў 1960 годзе ў в.Маціевічы. Пасля заканчэння васьмігодкі тут і сярэдняй школы №1 г.Жабінка працаваў слесарам, шафёрам у родным для бацькоў — шафёра Фёдара Піліпавіча і жывёлавода Ганны Іванаўны — калгасе імя Куйбышава. За абаранак аўтамашыны сеў і пасля вайсковай службы. У 1982 годзе паступіў у Харкаўскі юрыдычны інстытут на спецыяльнасць “правазнаўства”… Адкладваю аркуш з тытулам “Аўтабіяграфія” і пачынаю гутарку з яе аўтарам — “новым-старым” пракурорам Жабінкаўскага раёна, саветнікам юстыцыі У.Ф.Кірылюком.
— Казённая аўтабіяграфія, Уладзімір Фёдаравіч, як правіла, казённа і пішацца. Што дадасце да пачатку яе?
— Рос звычайным вясковым хлопцам. Любіў свае Маціевічы і прыроду вясковую, дапамагаў бацькам, неблагім быў вучнем у школе. Калі вучыўся ў Жабінцы, займаўся музыкай у Васіля Чапялевіча (баян і сёння ў мяне ёсць), боксам — у Мікалая Грыгарука, захапляўся таксама футболам.
Няпростым быў лёс маёй маці (на жаль, некалькі гадоў назад яе не стала). Ганна Краўчук у гады фашысцкай акупацыі была вывезена ў Германію. Пасля вызвалення пайшла санітаркаю на фронт, дайшла да Берліна. Адтуль яе перакінулі на савецка-японскую вайну. Мела баявыя ўзнагароды…
— Што падштурхнула вас пасля службы ў арміі паехаць вучыцца на юрыста?
— Акурат армія. Служыў у Маскве, у аўтамабільнай часці. Быў намеснікам камандзіра ўзвода, калі адзін з нашых кіроўцаў дапусціў дарожную аварыю. Тады, на пачатку 1980-х яшчэ выбіраліся грамадскія абвінаваўцы і грамадскія абаронцы. У якасці апошняга на судзе выступаў я. Пасля гэтага праз камандзіра роты суддзя паклікаў да сябе і сказаў: “Вам варта пасля службы паступаць на юрыдычны факультэт, не хацелі б?”. Я ўсур’ёз задумаўся, аднак паехаў паступаць у Харкаў не адразу па дэмабілізацыі. Цэлы год, працуючы ў калгасе, рыхтаваўся да ўступных экзаменаў: як-ніяк, пасля школы чатыры гады мінулі. А ў час вучобы ў інстытуце асабліва “штудзіраваў” спецпрадметы, без ведання якіх не можа атрымацца добры юрыст. Я гэта ўсведамляў, дык і даваліся яны даволі лёгка.
— Тыя, хто раіць ісці ў вашу прафесію або прымае ў яе, на якія вартасці маладога чалавека звяртаюць увагу перш за ўсё?
— На годнасць быць юрыстам нас правяралі пры паступленні ў інстытут, праводзілі, кажучы па-сучаснаму, вуснае тэсціраванне. Чалавек нашай прафесіі павінен быць крыштальна чыстым, мець пачуццё справядлівасці, адчуваць грамадскую адказнасць. Адстойваць інтарэсы людзей, не дапускаць, каб асудзілі невіноўнага, сачыць, каб строга выконвалася заканадаўства, — якраз дзеля гэтага ішоў я ў юрысты, у гэтым заключаецца і асноўная задача пракурора.
Прынятыя на службу ў органы пракуратуры праходзяць абавязковую стажыроўку (цяпер паўгода, а не год, як раней). За гэты час спаўна праяўляюцца і прафесійныя, і маральныя іх якасці. І толькі потым яны зацвярджаюцца на сталых пасадах.
— Стажорам на пасадзе следчага, потым следчым вы пачыналі службу ў Жабінцы. Што памятаецца з тых амаль сямі гадоў?
— Расследаваў крымінальныя справы, падследныя органам пракуратуры. Гэта найбольш важныя справы: забойствы, згвалтаванні, злачынствы службовых асобаў, іншыя. Той перыяд быў часам шліфавання прафесійнага майстэрства. Магу пахваліцца, што ніводная справа, якую вёў, не была накіравана пракурорам на даследаванне. Я ўнікаў не толькі ў сутнасць праблемы, а і ў сутнасць чалавека, бо за літарай закона, агульнага для ўсіх, стаіць канкрэтная асоба. У крымінальна-працэсуальным кодэксе ёсць шэраг артыкулаў, якія ўтрымліваюць надзвычай важны прынцып: калі сумняваешся ў віноўнасці падследнага, нечага аддаваць яго пад суд. Дый узбуджаецца справа толькі пасля дасканалай праверкі матэрыялу. І ўжо ў аніякім разе нельга ад самага пачатку настройваць сябе супраць чалавека. Не павінна быць перадузятасці, пракурор у ходзе нагляду абавязаны рашуча абрываць яе.
Следчым пракуратуры Жабінкаўскага раёна працаваў да 1993-га, пасля чаго быў прызначаны пракурорам. Усяго роднай установе прысвяціў ужо 21 год. Сёлета ў лютым вярнуўся сюды пасля пяцігадовага перапынку.
— Перапынак быў звязаны з тым, што перайшлі ў абласную пракуратуру…
— Дакладней, быў пераведзены (самі ў нас не “ходзяць”) у маі 2007 года на пасаду старшага памочніка пракурора вобласці ў наглядзе за аператыўна-вышуковай дзейнасцю. Ажыццяўляў нагляд за законнасцю дзеянняў органаў унутраных спраў. Служба была насычаная і цікавая. Аднак прапанова зноў узначаліць раённую пракуратуру супала з маім жаданнем. Я ж тут пачынаў, ведаю раён, людзей. Прыемна было сустрэцца з калектывам пракуратуры. Да Брэста працаваў тут разам з сённяшнім намеснікам Аленай Міхайлаўнай Сідарук. Гэта адукаваны і вопытны работнік, дарэчы, яна калісьці была прынятая паводле майго хадайніцтва. Пракурор, намеснік пракурора і памочнік (зараз на гэтай пасадзе стажор) — такі склад аператыўных работнікаў раённай пракуратуры.
— Працуючы ў Брэсце, цікавіліся справамі жабінкаўскіх калег?
— Яшчэ б. Цікавіўся пастаянна, як працуюць, што ў іх атрымліваецца, што не. Быў у курсе аператыўнай абстаноўкі ў раёне. У цэлым радаваўся за калег. Жабінкаўская пракуратура наогул у ліку лепшых у вобласці, хаця бываюць, вядома, розныя моманты. На пачатку гэтага года ў нас назіраўся рост злачыннасці, асабліва крадзяжоў. Неабходна было ўзмацніць прафілактычную работу, якую каардынуе пракуратура. Правялі шэраг нарадаў міжведамаснага каардынацыйнага савета, упершыню запрасілі для гутаркі старшыняў садовых таварыстваў, паколькі дачнікі мала дбалі пра захаванасць маёмасці на сваіх дзялянках. У выніку прынятых захадаў удалося зменшыць колькасць і крадзяжоў, і шэраг іншых злачынстваў. Скарацілася з 89 да 73 працэнтаў агульная злачыннасць. Падрабязней пра нашу работу раскажам чытачам газеты, калі будуць падведзены вынікі першага паўгоддзя.
— Некалькі слоў Уладзімір Фёдаравіч пра сям’ю. Наколькі ведаю, не толькі вы маеце дачыненне да правазнаўства і правааховы.
— Жонка Тамара Васільеўна — кіраўнік групы рэжыму сакрэтнай дзейнасці райаддзела ўнутраных спраў. Сын Аляксандр працуе пажарным  у абласным упраўленні надзвычайных сітуацый, малодшы Мікалай — міліцыянер аддзела Дэпартамента аховы ў Жабінцы. Яшчэ ў нашай сям’і — нявестка і ўнук. Усе яны, не сумняваюся, павіншуюць мяне з маім прафесійным днём.
Гутарыў Алесь КАСКО.
На здымку: пракурор Жабінкаўскага раёна Уладзімір Фёдаравіч Кірылюк.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top