На Жабінкаўшчыне павялічваюцца тэмпы кормавытворчасці

На Жабінкаўшчыне павялічваюцца тэмпы кормавытворчасці

За вёскай Карды ажыўленне — корма-арыхтоўчы камбайн спрытна падбірае валкі падвяленай травы, і ў выглядзе здрабнёнай масы адпраўляе ў кузавы аўтамабіляў. Перашкоджваюць набраць добры тэмп, бадай, дажджы. Раз-пораз тэхніка спыняецца, калі гружоныя кормам вялікагрузныя аўтамабілі гразнуць на перавільготненых сенажацях, каб выцягнуць сабрата на каляіну.
— Раней, колькі памятаю, тут забалочаная мясціна была, — кажа вадзіцель Віктар Васільчык. — Вада па вясне паўсюль разлівалася. Птушкі тут піравалі, жабкамі ласаваліся. Меліяратары асушылі балота, цяпер тут сенажаці. Трава расце добрая, ды толькі ў “мокры” год сюды не ўлезці. Як пачалі селетнюю касавіцу ў дождж, так ён нас і суправаджае. У дзень ад 300 да 500 тон зялёнай масы ў траншэі для закладкі адвозім. Больш не атрымліваецца: калі “неба плача”, спыняем работу. Толькі аднойчы паставілі своеасаблівы рэкорд — перавезлі 580 тон масы. І вільгаць патрэбна, і касіць трэба.
— Ну, дождж летам ніколі не пашкодзіць, вунь колькі сушыла. Сёлета зямля доўга вільгаці чакала, — уключаецца ў гутарку механізатар Сяргей Нікулін. — Іншая справа, што цяпла доўга не было. А травы няблага ўрадзілі — толькі ўбіраць паспявай. Адчуваеце водар свежаскошанай травы? Любата!
Як расказала галоўны аграном Аксана Бяльчук, да касавіцы рыхтаваліся загадзя. Уборачны канвеер налічвае два корманарыхтоўчых камбайна, пяць адзінак тэхнікі на адвозцы і дзве на трамбоўцы. Работнікі забяспечаны гарачым харчаваннем.
Першым укосам у гаспадарцы ўжо убралі 500 гектараў сенакосаў, нарыхтавана звыш 3000 тон сенажу. Сіноптыкі паабяцалі цёплае надвор’е, таму ў сельгас-арганізацыі разлічваюць павялічыць тэмпы кормавытворчасці.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top