Злёт і спаборніцтвы юных выратавальнікаў

Злёт і спаборніцтвы юных выратавальнікаў

У сувязі са святкаваннем Міжнароднага дня абароны дзяцей каля в.Булькова нашага раёна былі праведзены VI абласны злёт вучняў факультатыўных груп у накірунку “Бяспека жыццядзейнасці” і XI абласны злёт грамадскай арганізацыі юных выратавальнікаў-пажарных. У мерапрыемствах прынялі ўдзел каманды з 17 раёнаў Брэстчыны, у тым ліку нашага, а таксама з прыгранічнага рэгіёна Польшчы. Кожная каманда складалася з шасці ўдзельнікаў, якія паказвалі сваю сілу і вынослівасць, спрыт і кемлівасць у разнастайных конкурсах.
Больш за ўсё захапіў конкурс “Медыцынская падрыхтоўка”. У ім удзельнічалі вучаніцы СШ №3 г.Жабінка Ганна Рыжкоўская і Ганна Конанава. Юным медыкам трэба было адказаць на пастаўленае пытанне і прадэманстраваць веды і навыкі на “пацярпелым”. Дзяўчаты з пастаўленай задачай справіліся выдатна і занялі першае месца. Ім у падарунак была ўручана спартыўная гульня “Дартс”.


Наша каманда вызначылася таксама ў конкурсе “Знаўцы асноў бяспекі жыццядзейнасці”. У ім прыняў удзел вучань трэцяй гарадской школы Раман Галуза. Ён паказаў глыбокія тэарэтычныя веды і заняў другое месца. Юнак узнагароджаны Ганаровай граматай і каштоўным падарункам — наборам для гульні ў вялікі тэніс.
Цікава праходзілі і такія конкурсы, як “Трапны стралок”, “Баявое разгортванне”, “Водная перашкода”, “Палявы выхад”. У час спаборніцтваў панавала атмасфера азарту і волі да перамогі. Каб зняць напружанне, для ўдзельнікаў арганізавалі выступленне брэсцкага рок-гурта “Байкі-бай”, а ў канцы — святочны феерверк і фаер-шоў.


Судзейская камісія з прадстаўнікоў абласнога ўпраўлення МНС падвяла вынікі, узнагародзіла пераможцаў і прызёраў спартыўнага свята ганаровымі граматамі і прызамі. Кожнаму ўдзельніку быў уручаны сертыфікат абласнога злёту. Прыемна, што каманда нашага раёна выступіла дастойна — заняла 6-е месца з 17-ці. Апрача названых юнакоў і дзяўчат, гонар Жабінкаўшчыны абаранялі Дзмітрый Місіюк з Ленінскай сярэдняй школы, Вікторыя Шнып са спецшколы-інтэрната і Яўген Конанаў, нядаўні вучань СШ №3, а зараз навучэнец Драгічынскага ліцэя.
Засталіся задаволеныя ўсе ўдзельнікі свята: і спаборніцтвамі, і ўрачыстасцямі, і шматлікімі знаёмствамі з аднагодкамі. Усмешкі на іх загарэлых тварах яскрава сведчылі пра гэта.
Любоў ФІЛІМАНЮК, спецыяліст райаддзела МНС, кіраўнік жабінкаўскай каманды.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top