Належны курс у лячэбнага “карабля”!

Належны курс у лячэбнага “карабля”!

Падарожнаму, што трапляе ў Жабінку, адразу кідаецца ў вочы бальнічны “гарадок”. У гісторыі гэтай установы выразна выдзяляецца некалькі этапаў. Райбальніца ўзнікла роўна 55 гадоў таму. З таго знакавага 1957 года, калі ў святочнай абстаноўцы на ўскрайку райцэнтра, што дасюль завецца Галінова, адчыніліся дзверы лякарні, мінула шмат часу. Ён, гэты час, патрабаваў пераменаў, і ў 1990 годзе ўзнік сённяшні галоўны бальнічны корпус.  

1. Не адны лекі лечаць чалавека

Для пацыента, якому тэрмінова патрабуецца лячэнне, надзвычай важна атрымліваць яго якасным і ў спрыяльных ўмовах. Дзеля гэтага робіцца шмат. Медыцынскія службы працуюць як добра наладжаны механізм. Апошняя пяцігодка, пачынаючы з абласных “Дажынак-2007”, што праводзіліся ў нашым горадзе, стала перыядам абнаўлення жабінкаўскіх устаноў аховы здароўя.
За гэты час бальнічны “гарадок” не толькі набыў прывабны вонкавы выгляд, але было набыта найноўшае медыцынскае абсталяванне, праведзены рамонтныя работы за сродкі, выдаткаваныя з раённага і абласнога бюджэтаў, і з дапамогай арганізацый-спонсараў
Пачыналася ўсё з добраўпарадкавання тэрыторыі, адначасова рамантаваліся фасады будынкаў, на металакерамічныя былі заменены старыя дахі.
— Аднак мы верылі, што гэта толькі першы крок, і неўзабаве аднаўленне працягнецца, — расказвае галоўны ўрач Жабінкаўскай ЦРБ Анатоль Іванавіч Лаўрукевіч. — Мы ж разумеем: лечаць не толькі лекі… Таму ў наступныя гады перайшлі да капітальнага рамонту ўнутры памяшканняў паліклінікі, дзіцячага і рэанімацыйнага аддзяленняў, хірургіі, неўралогіі, Маштабныя работы праводзіліся планамерна і паслядоўна. Нават у няпростых фінансавых умовах, якія склаліся апошнім часам, мы знаходзілі разуменне ў кіраўніцтва раёна, перш-наперш старшыні райвыканкама Мікалая Васільевіча Токара, бо рабілася і робіцца ўсё для жыхароў Жабінкаўшчыны, дзеля іх здароўя і жыцця, якое ў вялікай ступені залежыць ад якаснага медыцынскага абслугоўвання. Летась на рамонт патрачана каля двух мільярдаў рублёў, сёлета плануюцца яшчэ чатыры з мясцовага бюджэту.
За гэтыя сродкі ўжо зроблена нямала. Завершаны рамонт харчблока, дзе ўсталяваны новая сантэхніка, душавыя, вентыляцыя, інш. У планах — абнаўленне інфекцыйнага корпуса (з якога паўстагоддзя таму пачыналася райбальніца), прыёмнага пакоя і пункта хуткай дапамогі, закупка новага санітарнага аўтамабіля (летась адзін ужо быў прыдбаны). Такім чынам, 2012 год павінен стаць часам, калі прывабнымі стануць усе аддзяленні.
Будаўнікі сканцэнтраваліся на самым вялікім аддзяленні — тэрапеўтычным. Супрацоўнікі аддзялення разам з загадчыкам Віталем Генадзьевічам Вялько задаволены іх працай:
— Вопытныя падрадчыкі з кобрынскай фірмы “Дом люкс” (ёю кіруе дырэктар Валерый Паўлавіч Курашык) прыслухоўваліся да нашых заўваг і пажаданняў, часта прапаноўвалі розныя варыянты, выбіралі найлепшы. Таму аддзяленне нават не зачынялася ў час рамонту, пацыенты амаль не мелі нязручнасцяў. Да таго ж усё рабілася паслядоўна, хутка, якасна.
Вялікую падтрымку аказалі спонсары. У тэрапіі з ахвотай паказваюць сем палат, абсталяваных за сродкі цукровага і камбікормавага заводаў, дыстанцыі пуці, сельгастэхнікі і ПМК-19. Былі закуплены мэбля і медабсталяванне, уладкаваны пасты медыцынскіх сясцёр.
А ў паліклініцы (у кабінеце функцыянальнай дыягностыкі, якім кіруе Алена Іванаўна Карповіч) для хворых тэрапіі працуе апарат “Холтэр”, які дазваляе праводзіць сутачны маніторынг ціску і частаты сардэчных скарачэнняў.

2. Вам дапамогуць людзі і… робаты

Аднак не толькі да “маторчыкаў” пацыентаў прыслухоўваюцца кваліфікаваныя ўрачы і разумныя апараты. У апошнія часы значна пашырыўся “арсенал” медтэхнікі, што прыйшла на ўзбраенне медыкаў.
З дапамогай райвыканкама і старшыні абласнога Савета дэпутатаў Сяргея Дзмітрыевіча Ашмянцава некалькі гадоў таму закуплены сучасны апарат ультрагукавой дыягностыкі высокага класу. На ім правяраюцца, між іншымі, юнакі перад прызывам ва Узброеныя Сілы. Цяпер ужо трэці ўрач Ганна Васільеўна Пукіта праходзіць у сталіцы курсы, каб працаваць на гэтым апараце.
Доктар Аляксандр Іванавіч Куноўскі для даследавання страўнікава-кішачнага тракту карыстаецца фібрагастраскопамі. Ёсць і новы рэктасігмаскоп, які дазваляе праводзіць дыягностыку на тоўстым кішэчніку. А ў лабараторыі Алена Францаўна Малчанава дэманстравала прыдбаны летась біяхімічны аналізатар, які медыкі між сабою любоўна клічуць “Барыскам”.
— Машына-робат спраўна працуе, але пад чалавечым наглядам! — заўважаюць з усмешкай медыкі. — Апарат значна аблегчыў умовы працы лабарантаў у даследаванні крыві, узяў на сябе шмат руцінных аперацый, надзвычай хутка падае дакладныя аналізы на манітор камп’ютара, якія застаецца толькі апрацаваць.
Ёсць станоўчыя змены і ў стаматалогіі. У 2011 годзе ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” аказаў фінансавую дапамогу бальніцы. Такім чынам з’явілася новая стаматалагічная ўстаноўка з відэакамерай. Якасцю айчыннага абсталявання засталіся задаволеныя нават італьянцы, якія наведалі бальніцу. За пазабюджэтныя сродкі цалкам адрамантаваны кабінет для пратэзавання, што дазволіла сёлета жабінкаўцам рабіць зубы з металакерамікі ў сваім раёне, а не спяшацца па паслугу ў Брэст.

У рамках праграмы пераабсталявання рэанімацыйных блокаў і аддзяленняў краіны набыла прывабны стан рэанімацыя і ў нашай бальніцы. Грошы для гэтага выдаткоўваліся з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. У неўралогіі выдзелены так званыя “сасудзістыя ложкі”. Яны для хворых, пераведзеных з рэанімацыі для рэабілітацыі пасля інсультаў. Дзеля гэтага прыйшлося пайсці на пашырэнне колькасці персаналу. І вынік, бясспрэчна, ёсць: цяпер нямала пацыентаў, што перанеслі інсульты, вяртаюцца да жыцця.
Для рэнтгенаўскай службы, якую ўзначальвае Жанна Уладзіміраўна Кузько, у 2009 годзе прыдбаны новы флюараграфічны апарат пульмаскан. У выніку — зараз любы ўчастак лёгкага бачны выразна на камп’ютары, паменшылася шкоднае выпраменьванне, да таго ж для пульмаскана не патрабуецца дарагой рэнтгенплёнкі.
У хірургіі праз шкло мы назіралі за аперацыяй, якую праводзіў у той дзень Аляксандр Васільевіч Дарагакупец. У аперацыйнай поўнасцю праведзены рамонт: уладкаваны новы стол, бясценевыя лямпы, кандыцыянер, што дазваляе заўсёды падтрымліваць тэмпературны рэжым, з’явіліся і кансолі для лячэбных газаў, якія падаюцца ў рэанімацыйныя палаты ды аперацыйныя. А яшчэ — усё надзвычай эстэтычна, светла, з ідэальнай чысцінёй. Каля 135 мільёнаў рублёў мясцовага бюджэту выдаткавана ў красавіку гэтага года на наркозна-дыхальны апарат, які дапамагае не толькі хірургам, але й пацыентам радзільнага аддзялення.

3. Калі пачуем першы крык?..

Наступнае наша пытанне тычылася менавіта раддома:
— Горад наш хутка расце. Анатоль Іванавіч, калі ж пачуем у мясцовым радзільным аддзяленні першы крык немаўляці?
— Іншымі словамі, вы хочаце спытаць: калі будзе завершаны рамонт? Вельмі хутка, — задаволіў нашу цікавасць галоўны ўрач. — Дарэчы, час ад часу ў Жабінцы прымаліся экстраныя роды, але большасць маленькіх жабінкаўцаў пачнуць з’яўляцца на свет у родным горадзе менавіта пасля адкрыцця акушэрска-гінекалагічнага аддзялення. На сёння ўжо поўнасцю адрамантавана радзільная зала, і да канца года спадзяёмся з’явяцца першыя парадзіхі і немаўляткі.
Дарэчы, у 2011 годзе ў аддзяленні амаль не пуставалі ложкі. Сённяшнія жанчыны прыкметна сталі больш адукаванымі, таму клапоцяцца пра сваё здароўе, нярэдка абследуюцца прафілактычна, праходзяць дыягнастычныя працэдуры.
Далей разам з галоўнай медсястрой Наталляй Мікалаеўнай Спіцынай наведалі службу дзяцінства (сюды ўключаны дзіцячая кансультацыя і дзіцячае аддзяленне).
— Дзеці — самае важнае, што ў нас ёсць, — разважае Наталля Мікалаеўна. — Добра, што цяпер у бальнічных пакоях маленькія пацыенты бачаць наўкола прыгажосць. Створаны асяродак, які нечым нагадвае часцінку роднага дома. Дзеці і без таго пакутуюць ад хваробы, што прымусіла замест бацькоўскага дома, школы або садзіка апынуцца на бальнічным ложку. Стрэс, які яны міжволі атрымліваюць ад лекаў, працэдур (часам вельмі балючых), лягчэй рубцуецца, ад дабрыні і спагады медперсаналу, простых добразычліўцаў, якіх нямала на свеце, і створанай утульнасці ў палатах.
Пазалетась прыйшла нечаканая, але вельмі прыемная навіна: рэспубліканскае “Дзіцячае лато” выдаткавала для Жабінкаўскай бальніцы сродкі. За іх быў ўладкаваны кабінет лячэбнай фізкультуры з трынажорамі, іншым спартыўным інвентаром і цацкамі. Трэба бачыць, як гэта падабаецца малым! Кожны дакладна ведае час, калі расчыняецца пакой, і ўжо загадзя з захапленнем спяшаецца сюды. Мабыць, яшчэ не хапае ў бальніцы актавай залы для святочных мерапрыемстваў, каб запрашаць да дзяцей артыстаў, паказваць тэатральныя казачныя пастаноўкі, праводзіць навагоднія агеньчыкі. Дарэчы, сустракаючы 2012 год, медыкі сваімі сіламі рабілі вясёлае навагодняе свята для пацыентаў. Яно прыйшлося па душы і зусім маленькім, і больш дарослым гледачам. На думку Наталлі Мікалаеўны, вельмі карысна бывае адкрыць у сабе артыстычныя таленты:
— Каб захоўвалася нейкая іскрынка ў душы! Праца — гэта выдатна, але выгараем, мабыць, трохі, калі жыць толькі ёю. Ёсць задумка ўцягваць і свае сем’і ў агульныя заняткі па інтарэсах, праводзіць разам спартыўныя спаборніцтвы, гартуючы здаровы лад жыцця.
На развітанне прагучала слушная думка: значнасць установы перш-наперш усё ж вызначаецца не знешнім выглядам будынкаў. У абноўленай райбальніцы значна палепшыліся ўмовы працы медработнікаў і лячэння, працягвае паступаць усё новае медыцынскае і бытавое абсталяванне, узрастае кваліфікацыя дактароў і медсясцёр. Усё гэта прываблівае сюды маладых, якіх шмат улілося ў шэрагі жабінкаўскіх медыкаў за апошні час, які стаў часам аднаўлення і надзей.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Ірыны Жук.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top