Паэтычнае прысвячэнне Песнярам

Паэтычнае прысвячэнне Песнярам

Нібыта адчуваючы нейкую віну за шматвекавую маркотную долю нашага краю, 130 гадоў таму Бог шчодра кінуў свае зыркія іскры адразу ў дзве душы сваіх сыноў: у свет прыйшлі, каб успыхнуць сапраўднымі зоркамі Янка Купала і Якуб Колас. Геніям зямлі беларускай прысвячалася літаратурнае свята “Вобразы мілыя роднага краю”, што ладзілі супрацоўнікі раённай бібліятэкі для настаўнікаў і вучняў трэцяй гарадской школы.
Гэта быў сапраўды кранаючы ўрок паэзіі і любові да Беларусі, апетай народнымі паэтамі. Перад пачаткам імпрэзы госці знаёміліся з кніжнай выставай “Яны і сёння з намі, нашы песняры”. Своеасаблівай прадмовай да паэтычнага свята стала песня “Так, табе, Беларусь” у выкананні Аксаны Пракошынай.
Зала ў асноўным была напоўнена дзецьмі. Вучні ўважліва прыслухоўваліся да ціхіх цымбальных гукаў, што нараджаліся ад дотыку рук да струнаў выкладчыцы дзіцячай школы мастацтваў Надзеі Рыгораўны Жываевай. Вядучыя Галіна Генрыхаўна Дулевіч і Валянціна Анатольеўна Славуціч нетаропка гарталі старонкі жыцця народных песняроў — сапраўдных сейбітаў любові і павагі да зямлі, што роднаю завецца:
— Яны, тыя зоркі, успыхнулі, каб паказаць Сусвету, што ёсць такі народ, жывая мова беларуская! Яны былі вельмі розныя і як асобы, і як творцы… Але колькі ў іх было роднаснага і аднолькавага: як горача і самаахвярна любілі яны сваю зямельку, поўную хараства, замілавання матчыну песню. Кожны склаў свой гімн Айчыне, з надзеяй і верай шаптаў за яе малітву.
І загучала Купалава “Мая малітва” ў выкананні Уладзіміра Мулявіна. Трэба было бачыць, як напружана слухалі яе дзеці, як кранула яна сэрцы прысутных.
Відэакліп змяніўся ў цішыні… Вязынка і Ляўкі, Акінчыцы і Стоўбцы, Мікалаеўшчына і Альбуць, Смольня і Мінск — памятныя мясціны, знітаваныя з лёсамі паэтаў, з’яўляліся перад вачамі гледачоў. І “спела” адчуванне: уся Беларусь, кожны куток яе прасякнуты духам Коласа і Купалы. Іх імёны і вершы прамаўляліся разам. Хораша, выразна, шчыра — быццам ішлі яны з самых глыбіняў сэрцаў — гэтак гучалі паэтычныя радкі класікаў у выкананні васьмікласніц першай гарадской школы Таццяны Бяляк і Марыны Базылюк.
Трошкі адчуў няёмкасць, калі чытальнікі прапанавалі дзецям разам прачытаць верш Я.Купалы “А хто там ідзе?”, ды, на жаль, зусім нямногія здолелі падхапіць вершаваныя радкі… Затое наколькі прыемна глядзеўся ўрывак з бессмяротнай камедыі “Паўлінка”, які весела разыгралі на сцэне ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Чамучкі” цукровазаводскай бібліятэкі Алена Гусева і Кацярына Шумік.
А завяршылася свята “Вобразы мілыя роднага краю” ўшанаваннем лепшых чытачоў. Шматгадовыя сябры друкаванага слова Святлана Віктараўна Андрасюк, Вера Сяргееўна Салянка і Пётр Фёдаравіч Галоўчык папоўнілі свае хатнія бібліятэкі новымі кнігамі, атрыманымі з рук дырэктара Жабінкаўскай ЦБС Ірыны Пятроўны Ганчар.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час свята кнігі ў СШ №3 г.Жабінка.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top