ПРАЗ КНІГУ ДА міру

ПРАЗ КНІГУ ДА міру

У нядзелю ў свеце адзначаецца Дзень славянскай пісьменнасці і культуры. Ён знітаваны з сапраўдным грамадзянскім подзвігам, які здзейснілі ў ІХ стагоддзі святыя “Салунскія браты” Кірыл і Мяфодзій — стваральнікі знаёмай кожнаму з дзяцінства азбукі.
Імёны братоў-прапаведнікаў шануюць як на Усхо-дзе, так і на Захадзе. Праваслаўная царква абвясціла іх “славянскімі настаўнікамі”, у тым ліку за тое, што Мяфодзій і яго малодшы брат Кірыл неслі веру сярод язычніцкіх народаў Балгарыі, Чэхіі і Маравіі, заклалі асновы царкоўнаславянскай мовы. Сапраўды, спадчына гэтых асветнікаў моцна паўплывала на развіццё і фарміраванне культуры славянскіх народаў.
У выніку нашы продкі пазнаёміліся з пісьменнасцю ўжо ў час прыняцця хрысціянства, а самая старажытная славянская кніга, якая дайшла да нашых дзён, — Астрамірава Евангелле — адносіцца да сярэдзіны ХІ стагоддзя. Прычым, пісьменнасць была ўласціва не толькі святарам і манахам. Пра тое сведчаць шматлікія берасцяныя граматы ды знакаміты грабеньчык, знойдзены пры раскопках старажытнага Берасця. На ім невядомы вучань выразаў першыя літары азбукі — ад Аз да Людзі.
Напісанае слова хутка распаўсюджвалася. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывалі жанчыны, што таксама ўнікальна, бо ў тагачаснай Заходняй Еўропе прадстаўніц слабага полу чытаць-пісаць звычайна не вучылі. Так, Ганна Яраслаўна, унучка полацкай князёўны Рагнеды, калі ехала ў Парыж, каб стаць каралевай Францыі, у пасаг мужу прывезла славянскую Біблію (гэтая кніга дасюль лічыцца французскай рэліквіяй). Рагнедава праўнучка Ефрасіння Полацкая стала асветніцай нашай зямлі. Кожнаму адукаванаму чалавеку вядомы справы епіскапа Кірылы Тураўскага — яшчэ аднаго выдатнага распаўсюджвальніка святла духоўнасці і веры. Нездарма ў цэнтры нашага горада паўстаў храм, што носіць яго імя.
З часам літары змяняліся, некаторыя зусім зніклі. У 1708 годзе паводле ўказа Пятра I азбука была рэфармавана. Гэты варыянт і лёг у аснову сучаснага шрыфта.
Дзень славянскай пісьменнасці і культуры ўпершыню адзначаўся ў 1863 годзе ў сувязі з тысячагоддзем узнікнення азбукі (згадаем, нават слова “кірыліца” пайшло ад імя аднаго з яе стваральнікаў). Потым пра гэты выдатны дзень неапраўдана забыліся амаль на цэлы век. Зараз у Беларусі свята адзначаецца як царквой, так і шырокай грамадскасцю.
Не стаіць убаку і Жабінкаўшчына. Прынамсі, у раённай бібліятэцы беражліва захоўваюцца ўнікальныя перавыданні скарынінскіх кніг і Слуцкага Евангелля (на здымку). Таму кожны можа дакрануцца да вытокаў, прайсці шлях, якім ішлі многія-многія пакаленні продкаў: праз кнігу да міру!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro