Баец без адраса

Баец без адраса

Пасля заканчэння Айчыннай вайны пераможцы вярталіся дамоў. Нехта адразу, іншыя праз год-другі. Іх з радасцю, са слязьмі на вачах сустракалі родныя. А ў яго, нашага героя, не засталося ні сваякоў, ні свайго жытла. Жыццё працягвалася — усё трэба было пачынаць наноў…
“За спаленыя гарады і вёскі, за смерць жанчын і дзяцей нашых, за катаванні, гвалты і здзекі над маім народам я клянуся помсціць ворагу жорстка, бязлітасна і няспынна”.
Гэтыя словы партызанскай клятвы набатам адгукаліся ў сэрцы Сяргея Іванавіча ГУДКО, які нарадзіўся ў 1904 годзе ў вёсцы Драмлёва, знішчанай карнікамі на Галавасек. У агні загінуў яго старэйшы брат Карніла Іванавіч ГУДКО (1889–1942) з жонкай Марыяй Максімаўнай (1895–1942) і дзецьмі Уладзімірам, Нінай, Аляксандрам, Сцяпанам, Верай (наймалодшай Сяргеевай пляменніцы ледзь споўнілася адзінаццаць). Яму самому пашчасціла ў той трагічны ранак, калі палала Драмлёва, быць далёка ад дому.
Калі прыйшла савецкая ўлада, Сяргей Іванавіч жыў на Валыні. Неўзабаве апынуўся ў шэрагах Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. У дакументах адсутнічае час прызыву, аднак гэты прабел даволі проста аднавіць: позва была выпісана Паддубцаўскім РВК Паддубцаўскага раёна, які існаваў да снежня 1940 года.
З пачаткам вайны радавому Гудко давялося нямала паваяваць, неаднойчы праявіць адвагу, праліць кроў на франтавых дарогах. Спачатку залічаны ў 156-ю стралковую дывізію, 25 чэрвеня 1944 года быў цяжка паранены пад Віцебскам. Ды Бог аказаўся літасцівым да драмлёўца: дактары змаглі ўзняць яго на ногі. Але пакуль лячыўся ў шпіталі, родная часць імкліва пайшла наперад, і радавы ўліўся ў новае падраз-дзяленне — 140-ы стралковы полк 182-й стралковай Дноўскай дывізіі. Тут пад Новы 1945 год Сяргей Гудко атрымаў першую баявую ўзнагароду — медаль “За адвагу”.
Другою ў сакавіку стаў ордэн Чырвонага Сцяга за бой пад мястэчкам Надрау (сёння — пасёлак Нізоўка за 15 км ад Калінінграда). Вось вынятка з узнагароднага ліста: “31 студзеня 1945 года праявіў выключныя храбрасць і мужнасць. Па сігнале “ў атаку” ён імкліва рынуўся наперад і, накіроўваючы за сабою групу таварышаў у складзе трох чалавек чырвонаармейцаў са свайго аддзялення, з фланга атакавалі групу нямецкіх салдат. Агнём аўтамата і гранатамі тав. Гудко знішчыў шэсць салдат праціўніка, чым садзейнічаў астатнім падраздзяленням ўварвацца ў варожыя траншэі і тым самым узяць населены пункт”.
У гэтым баі драмлёвец быў зноў паранены, але хутка вярнуўся ў строй. Вайну закончыў на балтыйскім узбярэжжы, у партовым горадзе Гдыня.
У памятны дзень 9 мая 1945 года Сяргей Гудко атрымаў медаль на георгіеўскай шоўкавай муаравай стужцы з профілем Сталіна “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”.
Ва ўзнагародных паперах абавязкова запаўняўся 12-ы пункт “Пастаянны хатні адрас таго, хто прадстаўляецца да ўзнагароды, і адрас яго сям’і”. У выпадку нараджэнца “вогненнай вёскі” гэтая графа (па вядомай прычыне) засталася незапоўненай…
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: такою ўяўляў драмлёўскую трагедыю мастак-франтавік Міхаіл Паўлавіч КАРНЕЕЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top