Перамог спартыўны дух

Перамог спартыўны дух


Прафесійнае свята меліяратары вобласці сёлета вырашылі адзначыць спартыўнымі спаборніцтвамі. Памерацца сіламі сабраліся каля 200 удзельнікаў перасощных механізаваных калон Брэстчыны 2 чэрвеня на стадыёне і фізкультурных пляцоўках Жабінкі. Свята падзялілася на дзве часткі: ганаровую і спартыўную.

Імі ганарыцца родная зямля

Жабінкаўшчына хлебам-соллю вітала меліяратараў з Маларыты і Драгічына, Брэсцкага, Бярозаўскага і Кобрынскага раёнаў. Пад гукі Дзяржаўнага гімна і “Песні меліяратаў” прадстаўнікі каманд узнялі сцягі.
Са святочнымі віншаваннямі да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюк. Ён пазнаёміў гасцей з сацыяльна-эканамічным станам Жабінкаўшчыны, пажадаў бадзёрасці, выдатнага настрою, поспехаў у фізічнай культуры і спорце, а таксама ўручыў працаўнікам Жабінкаўскай ПМК-19 Валерыю Іванавічу Федаруку і Кліму Кірылавічу Алексюку за добрасумленнасць і прафесіяналізм адпаведна Ганаровую грамату і Пісьмо падзякі райвыканкама.

Затым слова трымалі намеснік генеральнага дырэктара ДУП “Брэстмеліяводгаз” Ю.С.Яўмеенка і намеснік кіраўніка УП “Брэстводбуд” А.А.Бялькевіч. У іх таксама была выдатная місія: уручыць узнагароды найлепшым працаўнікам у галіне — тым, кім “ганарыцца Брэстчына і ўся краіна за іх сумленную і надзейную працу на зямлі”.
Звання “Ганаровы меліяратар” удастоены наш зямляк, экскаватаршчык ПМК-19 Уладзімір Аляксеевіч Ярмолік і начальнік Драгічынскай ПМК-3 Фёдар Пятровіч Якімовіч, якім былі ўручаны знакі ў гэты дзень. Рэспубліканскае дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне “Белмеліяводгас” высока ацаніла ўклад у развіццё меліярацыі начальніка ПМК-19 Пятра Уладзіміравіча Вайноўскага, якога ўганаравалі граматай. Ад кіраўніцтва ДУВП “Брэстводбуд” атрымалі таксама экскаватаршчык Сяргей Сямёнавіч Мазанік і бульдазерыст Мкалай Мікалаевіч Мартынаў; яшчэ 12 працаўнікоў ПМК-19 былі ўзнагароджаны граматамі ўласнага прадпрыемства.

Спаборніцтвы ў імя здаровага ладу жыцця

Другая частка свята была сапраўды спартыўнай, нягледзячы на капрызы надвор’я.
— І стала спаборніцтвам у імя здаровага ладу жыцця.
Парывы ветру перашкаджалі хіба толькі стралкам. Пераможцамі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сталі прадстаўнікі Бярозаўскай ПМК-54, размешчанай у вёсцы Сігневічы. Жабінкаўцы былі на другім месцы.
Увогуле, спрэчка паміж гэтымі дзвюмя камандамі назіралася на працягу ўсяго дня. Не дзіўна, бо тон задалі кіраўнікі прадпрыемстваў Васіль Раманюк і Пётр Вайноўскі. Начальнікі ПМК-54 і ПМК-19 спрачаліся ў стральбе па мішэнях з пісталетаў. Яны былі адпаведна другімі і трэцімі ў гэтым відзе. А пераможцам стаў кіраўнік рамонтна-механічнай майстэрні з Маларыты Віталь Алесік.
Па-сапраўднаму горача было на футбольным полі. Тут феерычна выступілі гаспадары, што не пакінулі шанцу сапернікам. У барацьбе за першае месца жабінкаўцы зноў сышліся з бярозаўскімі футбалістамі і не дазволілі на гэты раз адабраць у сябе перамогу.


Не саступалі па напружанасці і гульні валейбалісты, дзе бярозаўцы ўсё ж узялі рэванш, адсунулі жабінкаўскую каманду на другі радок турнірнай табліцы. Аналагічны вынік прынеслі і спрэчкі наймацнейшых волатаў-гіравікоў. А вось у перацягванні каната ўсіх паклалі “на лапаткі” яроміцкія багатыры, інакш — прадстаўнікі каманды ПМК-52 з вёскі Яромічы Кобрынскага раёна.
Кубак пераможцаў спартакіяды сёлета накіраваўся ў Бярозу. “Серабром” адзначаны поспех спартсменаў з Жабінкаўскай ПМК-19, а “бронзу” атрымалі кобрынцы. Кожны з пераможцаў і прызёраў у індывідуальным заліку атрымаў граматы і каштоўныя падарункі. Арганізатары паклапаціліся пра палявую кухню, дзе згатавалі для ўдзельнікаў і гасцей свята смачную наварыстую юшку. Працавалі таксама гандлёвыя рады раённага спажывецкага таварыства, атракцыёны для маленькіх жыхароў. А ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці культуры Жабінкаўшчыны парадавалі ўсіх сваімі звонкімі песнямі і гарэзлівымі танцамі.


Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: намеснік старшыні райвыканкама А.А.Шалтанюк віншуе ўдзельнікаў спаборніцтваў; узнімаюцца сцягі краіны і ПМК-19; хлеб-соль ад жабінкаўскай зямлі; “Ганаровы меліяратар ” У.А.Ярмолік; напружаныя моманты гульняў.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top