Хто банкуе той і мае?
альбо Чужыя грошы ды “ўласны” артыкул

Аднойчы вырашыў Іван з выкарыстаннем банкаўскай пластыкавай карткі ААТ “АСБ Беларусбанк”, якая належала Аляксандру, завалодаць яго грашыма. Чужы пін-код ведаў, а таму без праблем увёў у камп’ютарную сістэму заведама лжывую інфармацыю і лёгкім націскам на кнопку “вывудзіў” з банкамата 500 рублёў.
Не раз гаварылася аб тым, што нельга нікому, нават самым блізкім сябрам, паведамляць дадзеныя пластыкавай карткі, інакш можна ў пэўны перыяд аказацца без грошай. У нашым выпадку Івану давядзецца адказваць у судзе за злачынства, здзейсненае па частцы 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У Бога дзён многа,
альбо Накаўт, атрыманы па-за рынгам

Вадзім К. працаваў намеснікам дырэктара навучальна-спартыўнай установы “Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву Жабінкаўскага раёна”, а па сумяшчальніцтве — трэнерам-выкладчыкам па боксе. У ягоныя абавязкі ўваходзіла складанне табеляў уліку рабочага часу і запаўненне журналаў вучэбна-выкладчыцкай дзейнасці. Вядома, у Бога дзён многа, але ў табель трэба ўносіць толькі адпрацаваныя.
А вось калі б захацелася дадаць рабочых дзён, дык каму складальнік дапісаў бы ў першую чаргу? Вядома ж, сабе, бо нават не праведзены, але запісаны ўрок аплачваецца. Вось і нядаўна выявілася, што Вадзім з 14 верасня 2016-га па 21 красавіка 2017 года заняткаў па боксе не праводзіў, а ў табель і журнал унёс ліпавыя звесткі. Выяўленне маны — што накаўт для Вадзіма К. Супраць гора-намесніка ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 427 КК.

“Шчанячая” справа,
альбо Неўтаймаваная Жанна

Яшчэ ў лістападзе 2018-га суд Маскоўскага раёна горада Брэста ацаніў махлярства Жанны К. паводле артыкула 209. Жанчына, аднак, не стала на шлях выпраўлення, а працягвала падманваць і злоўжываць даверам людзей. Так, будучы ў вёсцы Вярхі, няўрымслівая Жанна ўзяла ў доўг ва Уладзіміра Г. 500 долараў ЗША, а ў Юрыя — яшчэ шэсць соцень паўночнаамерыканскіх “рублёў”. Навошта? Нібы на развіццё бізнесу па продажы шчанюкоў. Узяла, каб не аддаваць!
Цяпер яе дзеянні падпадаюць пад частку 2 таго самага артыкула 209 Крымінальнага кодэкса краіны.

Хто надзеў шапку-невідзімку?
альбо Злодзей, пакажы тварык!

Зараз жабінкавец Іван Г. ламае галаву, хто заходзіў у яго кватэру на вуліцы Кірава. Ці доўга капаўся, каб украсці 445 рублёў? Можа, быў у шапцы-невідзімцы, што ніхто не бачыў і не запомніў твару зламысніка?
Раскрыць незнаёмца, зняць, як кажуць, тую шапку Івану дапамогуць следчыя органы, бо з 31 сакавіка ўзбуджана справа па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса.

Ноч. Прачынаецца хуліганства,
альбо Як Дзмітрый Дзмітрыя пабіў

Было за поўнач. Гадзіннікі адлічвалі новыя суткі. Даўно пара ўжо быць у ложку, а два Дзмітрыі ўсё яшчэ аціраліся ля гарадскога Дома культуры. Суд вызначыць, што хлопцы не падзялілі, але Дзмітрый С. двойчы стукнуў Дзмітрыю З. у твар кулаком. Гэтым нанёс пацярпеламу цялесныя пашкоджанні ў выглядзе закрытых пераломаў ніжняй сківіцы справа, касцей носа ды інш.
На аснове сабраных матэрыялаў супраць Дзмітрыя С. узбуджана крымінальная справа. Ягоная хуліганская выхадка падпадае пад частку 1 артыкула 149 КК.

Патрэбна розум уключаць,
а не з законам у хованкі гуляць

Раённы суд вынес Віталю А. пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ на два гады з утрыманнем 20 працэнтаў заработнай платы ў даход дзяржавы. Аднак чалавек не стаў на шлях выпраўлення. Наадварот, здзейсніў наўмысна новае злачынства.
Так, будучы азнаёмлены з парадкам і ўмовамі адбыцця пакарання і папярэджаны аб крымінальнай адказнасці за ўхіленне, ён, тым не менш, не стараўся дакладна выконваць рашэнне суда. Гульні з законам звычайна заканчваюцца дрэнна.
Цяпер Віталю А. за свае дзеянні прыйдзецца адказваць паводле артыкула 416 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Заліў бак ды… вочы
і паехаў, не чакаючы ночы

Мікалай Д., будучы асобай, прыцягнутай да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 1 артыкула 18.16 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення, працягваў свае паездкі.
Так, у сакавіку зноў быў затрыманы супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі ў райцэнтры на вуліцы Скарыны на “Фордзе Транзіце”. На гэты раз мужчына не меў вадзіцельскіх правоў і быў п’яны.
Няцяжка здагадацца: супраць гора-кіроўцы, які мог прынесці сапраўднае гора і сабе, і іншым людзям, узбу-джана крымінальная справа.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік раённага аддзела міліцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top