З любоўю да Радзімы і працы

З любоўю да Радзімы і працы


“Толькі праз карпатлівую працу можна заваёўваць вяршыні”, — такімі словамі Мікалай Аляксандравіч Прасмыцкі пачаў сустрэчу са старшакласнікамі Ленінскай адзінаццацігодкі. Паўстагоддзя таму назад у мужчыны ўзнікла думка –— праз многія гады пагутарыць з людзьмі будучыні нашай краіны, каб перадаць ім жыццёвы вопыт. Клопаты аб іншых людзях сталі жыццёвым крэдам для Мікалая Аляксандравіча. І вось задача, якую ён некалі ставіў перад сабою, стала рэальнай. Сяброўская гутарка, пазітыўны настрой і добрая энергетыка ветэрана працы хутка ажывіла аўдыторыю.
— У 1958 годзе я прыйшоў у Жабінкаўскі раён на пасаду агранома. Мне заўсёды падабалася працаваць на зямлі. Калі мне прапанавалі выбіраць у якую гаспадарку пайсці дырэктарам, то я пайшоў у адсталы на той момант саўгас “Рагазнянскі”, паставіў сабе мэту зрабіць яго адным з лепшых. Так яно і адбылася. Мы нават прымалі ўдзел ва Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі, а ў тэлевізійным фінале на прыз Рэспубліканскага камітэта тэлебачання і радыёвяшчання наш хор заняў першае месца. Шчаслівыя, дадому мы ехалі на аўтамабілі, які атрымалі ў падарунак за перамогу, — дзяліўся ўспамінамі Мікалай Аляксандравіч.
З цікавасцю вучні слухалі пра гісторыю будаўніцтва роднага пасёлка, пра адвод забалочаных тарфянікаў для будаўніцтва торфабрыкетнага завода, як у Чыжэўшчыне пачалі ўзводзіць першую ў рэспубліцы малочнатаварную ферму-аўтамат на 400 кароў, як працавалі на будоўлі санаторыя “Буг”.
Пачулі старшакласнікі і вершы Мікалая Аляксандравіча, якія дапоўнілі яго расказ пра жыццё ветэрана. Гэта і дзяцінства, азмрочанае вайной, і жыццё ў Ленінскім, і праца ў сельскай гаспадарцы, пасёлку, аб працы ў Брэсце, дзе жыве зараз.
Напрыканцы сустрэчы Мікалай Аляксандравіч падарыў лепшым вучням школы свае зборнікі вершаў і даў маленькую параду:
— Аднойчы я запытаў ў сваёй матулі, якую прафесію мне выбраць? Яна адказала, што патрэбна рабіць дабро іншым людзям, працаваць на зямлі — вырошчваць хлеб і шанаваць прыроду. Вось і я вам ад усяго сэрца жадаю любіць Радзіму і працу, тады вы станеце сапраўды шчаслівымі людзьмі.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: Мікалай Аляксандравіч уручае свой зборнік вершаў лепшай вучаніцы.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top