Залатыя жаніх і нявеста

Залатыя жаніх і нявеста

У Дзень Перамогі ў хаце Васіля Адамавіча і Марыі Васільеўны Яшчукоў з вёскі Старое Сяло было шматлюдна і весела: з нагоды іх залатога вяселля сабраліся самыя блізкія і родныя людзі. Трое дзяцей, восем унукаў і двое праўнукаў — галоўнае багацце, сумесна нажытае за паўвека сямейнага жыцця.
Гучалі тосты, удзячнасці, пажаданні ад прадстаўнікоў Азяцкага сельвыканкама Ларысы Харс і Алены Мароз, слова “горка” і, вядома, іх успаміны.

Шчаслівы вэлюм

— Нават не верыцца, што з Васілёчкам паўстагоддзя разам, — расказвае Марыя Васільеўна. — Памятаю, як прыехаў ён да нас на танцы, у салдацкай форме, прыгожы такі. Мяне дадому правёў, а раніцай у Гродна паехаў, у сваю часць. Потым ліст даслаў, і я напісала ў адказ. Ліставаліся, пакуль яго не накіравалі ў Чэхаславакію. Год не ведала, што з ім, дзе ён. Аднойчы бягу на работу ў бібліятэку, бачу, ля клуба хлопец сядзіць у бэжавай сарочцы, усміхаецца. Мне ажно няёмка стала: нібыта і твар знаёмы, а не пазнаю… Толькі як загаварыў, пазнала свайго Васю. Калі даведаўся, што я замуж не выйшла, пакуль служыў, праважаць дадому часта браўся. Ідзе побач, а мне хораша і так прыемна на душы… То кветачку каля дарогі сарве, у далонь зацісне, твар сур’ёзны, а вочы ўсміхаюцца. Закружыла нас каханне, як восеньскі лістапад. Праз год вяселле згулялі, у тым жа Старасельскім клубе, у якім некалі пазнаёміліся.
Марыя Васільеўна, паглядаючы на вясельныя чорна-белыя фотаздымкі, пытае: “Памятаеш, Васілёчак, якая я была прыгожая нявеста? Кароценькі вэлюм “каронай” толькі ў моду ўваходзіў, нідзе немагчыма было яго дастаць. У Старым Сяле на ўсю вёску толькі два вэлюмы і былі — вось іх усе дзяўчаткі і прасілі, каб замуж выходзіць. Сяброўцы маёй Ганне Алексяевіч муж з Германіі прывёз. Яна нікому не адмаўляла, і, відаць, вэлюм той шчаслівы быў — усе добра з мужамі жылі. Ну, а вясельную сукенку мне мама пашыла…
— Ага, на рыбку была падобная. Таму доўга цябе “рыбка мая” называў, — гаворыць гаспадар. — Памятаеш, і надвор’е такое ж было — цёплае, сонечнае. Вішні і яблыні цвілі, стаялі, як нявесты, у сваіх белых сукенках… А як гасцей на падворак мо пад сотню набілася, дык нават разгубіўся: як жа іх усіх запомніць, хто з іх кум, а хто сват? На сталах халадзец, кісель і каўбаса запечаная, піва хатняе ў флягах. І падарунак бацькоўскі паміж гасцямі мітусіўся — жывая цялушка. Такога зараз на вяселлях не пабачыш.

Каханне не ў словах

— Ну, а чаму 9 мая распісацца вырашылі? — пытаюся. — Прыкмета ж такая ёсць: у маі жаніцца — усё жыццё маяцца.
— Тады модна было ў Дзень Перамогі гуляць вяселле. А хіба закаханыя вераць у прыкметы? — разважае Марыя Васільеўна. — Я вырасла ў вялікай сям’і, нас шасцёра дзяцей было. Мы па каханні жаніліся. Нас бацькі як вучылі? Стварылі сям’ю — жывіце разам, няма чаго суседзяў сваркамі цешыць. Дзіця ў калысцы загукае — любі яго, гадуй, гартуй не толькі цела, але і душу. А ў сямейным жыцці на першым месцы не пацалункі і прагулкі да світанку павінны быць, а цярпенне і павага. Дзесьці трэба патрываць, уступіць, недзе пра-маўчаць, “вочы заплюшчыць”. Каханне часта не ў словах, а ў справах, клопаце і турботах. І дзяцей выхоўваць не словамі трэба, а ўласным прыкладам.
Сапраўдным узорам вер-насці, кахання, мудрасці і былі Марыя Васільеўна і Васіль Адамавіч для сваіх дзяцей — Віктара, Святланы і Іны. Яны абодва шмат рупіліся: ён — механізатарам, а яна амаль чатыры дзясяткі выкладала матэматыку ў Старасельскай школе. Дома — вялікая гаспадарка. Раней жа як было: калі не трымаеш карову, значыць, гультай і абібок. А дзеці былі першымі памочнікамі — карову з пашы прыгнаць, свінням падаслаць, зерне птушкам сыпануць, зелля нарваць — і толькі тады за ўрокі садзіцца. Цяпер гады і здароўе не тыя, таму на падворку толькі птушка.

Выдатны прыклад

— Мама вельмі строгая і справядлівая была — як да родных дзяцей, так і да школьнікаў, — кажа дачка Святлана. — На яе ўроках заўжды былі цішыня і парадак. Многія яе вучні і зараз пры сустрэчы абдымаюць і кажуць “дзякуй” за трывалыя веды. Ганарыцца мамачка, напрыклад, Арцёмам Марозам, Дзмітрыем Федаруком, Сяргеем Кузьмічом, Дзмітрыем Чарнаком, Мікалаем Калюшыкам, На-
дзеяй Яшчук і многімі іншымі. У 2015-м яна развіталася са школай, але яе і зараз запрашаюць весці ўрокі. Пакуль мама даглядае ўнучыка Ромку — ён у дзіцычы сад не ходзіць, а восенню збіраецца ў першы клас. Дзякуючы бабулі ўжо ўмее крыху чытаць і няблага рашае прыклады і задачкі. Усе ўнукі, а іх усяго восем, з радасцю спяшаюцца ў бабуліну і дзядулеву хату, што пахне ў выхадныя пірагамі, бо ведаюць: для кожнага хопіць любові і ўвагі, добрага слова і пачастункаў. Праўнучкі Дамініка і Арцём таксама частыя госці ў старасельскай хаце. Мы ўсе ганарымся, што працягваем добрыя традыцыі сям’і Яшчукоў. І іх залаты юбілей сумеснага жыцця — выдатны прыклад для нас, як трэба ісці па жыцці разам.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top