Удзячныя за пераможны май

Удзячныя за пераможны май

Перамога! Якое чаканае і выпакутаванае слова для многіх мільёнаў людзей… На жаль, у тым далёкім маі сорак пятага многія яго не пачулі: не ўсе вярнуліся ў родныя мясціны, каб абняць блізкіх і дарагіх сэрцу людзей. І цяпер мы, нашчадкі, удзячныя сваім прадзедам, ідзем да помнікаў, каб выказаць удзячнасць за Перамогу тым, хто яе набліжаў. У мінулую суботу, 9 мая, ля помніка загінулым воінам і партызанам у Жабінцы па традыцыі гарэў Вечны агонь. На пастаменце, схіліўшы галаву ў суровым маўчанні, нерухома застыў салдат-вызваліцель са зброяй у руках. Побач, паблізу пліт з прозвішчамі загінулых, з жывымі кветкамі — прадстаўнікі арганізацый, працоўных калектываў, жыхары райцэнтра, для каго Дзень Перамогі — адно з самых дарагіх і любімых святаў. З дынамікаў даносіўся голас дыктара, кожнае слова прабірала да дрыжыкаў: “На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся больш за мільён трыста тысяч беларусаў, звыш паўмільёна былі партызанамі і падпольшчыкамі. Беларусь панесла велізарныя чалавечыя страты — загінула трэць насельніцтва. Акупанты пабудавалі на тэрыторыі Беларусі 260 лагераў смерці, знішчылі больш за дзевяць тысяч населеных пунктаў. У гэтым трагічным спісе і наша вёска Драмлёва, якая так і не аднавілася, не паўстала з попелу… Аднак ніякія рэпрэсіі акупантаў не змаглі зламаць волю народа. У ваенным летапісе краіны — подзвігі нашых землякоў. У першыя дні вайны ў Старасельскім лесе быў арганізаваны партызанскі атрад. Жабінкаўцы абаранялі Маскву і Сталінград, удзельнічалі ў баях на Арлоўска-Курскай дузе, білі ворага на Одэры і Вісле, салютавалі Перамозе ў Берліне. На франтах ваявалі каля дзвюх тысяч нараджэнцаў нашага краю. На жаль, не ўсе абаронцы вярнуліся дадому — больш за шэсцьсот нашых землякоў склалі галовы далёка ад родных мясцін, тысячы загінулі ад рук акупантаў, сотні вывезены на прымусовыя работы”. …Адлічвае секунды метраном. Рэхам адбіваюцца яго гукі ў сэрцы кожнага прысутнага на мітынгу. З вялікай пашанай кіраўнік раёна Віталь Кулак, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк і прадстаўнікі працоўных калектываў ускладаюць карзіны з жывымі ружамі і гваздзікамі да помніка героям, што не вярнуліся з вайны. …Праходзяць дзесяцігоддзі, мяняюцца пакаленні, але заваяваная Перамога заўжды надае сілы для стваральнага жыцця на беларускай зямлі, для аднаўлення эканомікі і развіцця краіны. Нашчадкі пераможцаў павінны памятаць, што яны адказныя за лёс роднага краю, сваёй Беларусі. Няхай мір, за які так дорага заплацілі нашы продкі ў гады ваеннага ліхалецця, заўжды захоўваецца на роднай зямлі! Р.S. На жаль, з-за небяспечнай эпідсітуацыі ў горадзе святкаванне 75-й гадавіны Вялікай Перамогі абмежавалася ўрачыстым ускладаннем кветак да помніка загінулым савецкім воінам і партызанам. Аднак многія жабінкаўцы на працягу дня падыходілі да Вечнага агню з кветкамі, каб аддаць даніну павагі і памяці тым, хто каваў Перамогу.

Святлана БЯЛЯК Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top