А ў ліпені тут быў калісьці бой

А ў ліпені тут быў калісьці бой

Вайна рэхам адгукаецца ва ўспамінах, песнях, помніках. Пра тое міжволі падумалася, калі назіраў, як Валянціна Антановіч углядалася, прыціснуўшы далоні да твару, у надпісы, выбітыя на шыльдзе, прысвечанай воінам 148-га гвардзейскага стралковага палка. Помнік стаіць каля шашы паблізу вёскі Чамяры. Тут, на памежжы Камянецкага і Жабінкаўскага раёнаў, адважна змагаўся яе бацька.
З 1969 года Валянціна Гаўрылаўна жыве ў Жабінцы. Сюды трапіла пасля Столінскага тэхнікума. Тады і не думала, мабыць, што гэта сам лёс “размеркаваў” яе ў мясціны, якія ў ліпені сорак чацвёртага вызваляў гвардыі радавы Гаўрыл Антановіч. Першым месцам працы для яго дачкі сталі Арэпічы, літаральна за некалькі кіламетраў ад месца, дзе наводчык 45-міліметровай гарматы разам з сябрам вёў адчайны бой.
Аднак спатрэбілася паўвека, каб дачка адшукала тое поле бітвы. І вось цяпер усхваляваная стаяла пад пранізлівым халодным ветрам…
— Дапамажыце, калі зможаце, нешта даведацца пра той бой, ды ўвогуле, якім быў бацька на вайне. Ён хоць і памёр праз сорак гадоў пасля Перамогі, аднак пра тыя часы не надта шмат расказваў, — папрасіла жанчына, ведаючы, што я грунтоўна займаюся гісторыяй Вялікай Айчыннай.
Што ж, выконваем пажаданне. Дакументы ваенных часоў сведчаць пра бой, які адбыўся 18-19 ліпеня 1944 года. Ад моцнага агню немцаў артылерыйскі разлік быў знішчаны, жывымі засталіся толькі наводчык гарматы Гаўрыл Антановіч і зараджаючы Іван Лапатнёў. Акружаныя праціўнікам яны адбіваліся ад ворага 32 гадзіны, не давалі немцам наблізіцца, прычым гранатамі і агнём з аўтаматаў знішчылі 14 варожых салдат і афіцэраў. Усе контратакі праціўніка былі адбіты, а батарэя захавана. За мужнасць і адвагу гвардзейцы атрымалі ордэны Чырвонага Сцяга.
Далейшы шлях Гаўрыла Фядосавіча быў не менш гераічным. Ён праявіў сябе пры вызваленні Усходняй Прусіі. За тое мінамётчык Антановіч атрымаў ордэн Славы ІІІ ступені. Апошні бой прыняў пад Берлінам. Яго заслугі ў ліквідацыі акружанай групоўкі праціўніка ў раёне горада Барут (гвардзеец асабіста знішчыў дваццаці двух гітлераўцаў) былі адзначаны камандаваннем ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Да гэтага можна дадаць шматлікія медалі і падзякі ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага за баі пад Баранавічамі, Гумбіненам, Прэйсіш-Айлау, Дамнау, Кёнігсбергам, Берлінам.
А ў жыцці яго дачкі вайна адгукнулася нечакана яшчэ раз. Малодшая сястра Валянціны Гаўрылаўны Ніна пабралася шлюбам з немцам Экхардам Лёфлерам. Высветлілася, што бацька маладога Вілі таксама ваяваў. Пры першай сустрэчы стары Лёфлер сказаў будучай нявестцы па-руску: “Стрелять плёхо!” Ён прайшоў ліхалецце з першага дня, згадваў, як рухаўся ў сорак першым праз Брэст, Барысаў, Смаленск, Іжэўск. Вілі быў інтэндантам, зброю не браў у рукі. Пражыў да 92 гадоў, нярэдка згадваў пра тое, як паблізу Барысава сустрэў сям’ю, у якой гадаваліся пяцёра дзяцей. Немец-забеспячэнец пашкадаваў малых і таемна прывёз ім соль і цукеркі. Праз доўгія гады марыў прыехаць у тую беларускую вёску, каб даведацца пра лёс сям’і, якой дапамог у вайну. Служба для яго скончылася пад Кёнігзбергам, калі Вілі Лёфлер быў паранены ў руку.
— Хто ведае, мой бацька таксама быў у той час у тым месцы, — задуменна прамовіла Валянціна Антановіч. — Маглі і сустрэцца ў супрацьлеглых акопах. А потым, праз доўгія гады, спаткаліся іх дзеці. Вось як бывае ў жыцці…
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і з сямейнага архіва Валянціны АНТАНОВІЧ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top