Жыві, мастацтва, доўгі век!

Жыві, мастацтва, доўгі век!


Дасягненні Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў вядомыя далёка за межамі раёна, найперш дзякуючы добрым справам яе навучэнцаў. 27 мая дзеці разам з бацькамі спяшаліся на святочны канцэрт ў гарадскі Дом культуры, дзе святкаваліся 45-ыя ўгодкі роднай школы.
Сорак пяць гадоў адмерыў час з таго летняга цёплага дня 1967 года, калі ў Жабінцы ўпершыню перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі расчыніла свае дзверы музычная школа — папярэдніца сённяшняй установы. Клопатам дарослых за гэты час каля тысячы навучэнцаў пайшлі ў вялікі свет. У 2004 годзе пры дапамозе раённага выканаўчага камітэта школа перасялілася ў прыгожы і ўтульны будынак. Тут створаны ўсе ўмовы, каб разгледзець і развіць дзіцячыя здольнасці. Дзеля гэтага набываюцца новыя інструменты, пакрысе адчыняюцца новыя класы, што дазваляе развіваць тры асноўныя віды дзейнасці: інструментальны, харэаграфічны, выяўленчага мастацтва.
Сённяшняя школа мастацтваў — майстэрня талентаў, у якой займаюцца 297 маленькіх жабінкаўцаў. Урокі музычнай граматы, эстрадных і народных спеваў, танцаў, малявання, ігры на розных інструментах ім выкладаюць амаль паўсотні высакакласных спецыялістаў, адданых сваёй прафесіі.

Неаднойчы з вуснаў маленькай Феі Мастацтваў, якая першай выйшла на сцэну, каб павітаць са святам, гучала прыгожае параўнанне ўстановы з сапраўдным Храмам Муз і Мастацтва. Музычныя нумары плаўна мяняліся адзін за другім: вучні харэаграфічнага аддзялення закружыліся ў танцы эльфаў; часам гарэзліва, часам задуменна гучалі народныя інструменты ў аркестры настаўнікаў школы, створаным пад кіраўніцтвам Сяргея Носава; павольна спяваў саксафон у руках вучня Міхаіла Панфілы…
У гэтым незвычайным Храме запальваюцца яркія зоркі, і талентам даюцца крылы-веды, патрэбныя ў жыцці. Сярод іх, акрыленых, улюбёных у прыгажосць, і сённяшнія 42 выпускнікі, што ў ганаровай абстаноўцы атрымалі пасведчанні аб заканчэнні ДШМ.

Падмурак створаны. Надзеі ёсць. Паколькі 15 вучняў сёння атрымалі граматы як выдатнікі, Ганна Крапчук і Юля Карпінчук вызначыліся на абласным фестывалі фартэп’яннай музыкі, Аляксандр Маслоўскі і Ірына Кавальчук — у конкурсе імя І.І.Жыновіча, Насця Цісленка і Марыя Голад узнагароджаны за ўдзел у абласным конкурсе музычна-тэарэтычных дысцыплін, усіх поспехаў — лічыць не пералічыць. Пра гэта з задавальнем распавядала дырэктар установы І.М.Разумоўская. У Ірыны Мікалаеўны сёння была асаблівая місія — не толькі прымаць шматлікія віншаванні, але й самой віншаваць найлепшых.
Асабліва прыемна было чуць добрыя словы ў гонар найстарэйшых выкладчыкаў, што не адно дзесяцігоддзе прысвяцілі юным талентам, укладаючы ў дзіцячыя душы разуменне хараства. Гэта ветэраны працы Л.В.Дошчык, У.І.Вайцюк, І.І.Пішчук, А.Я.Прыбыш, П.В.Маркоўскі, С.І.Маркоўская, А.С.Леванюк, Н.Р.Жываева. Мо тысячы разоў яны выходзілі на сцэну, каб дарыць сваё мастацтва слухачам, а сёння, падалося, хваляваліся, як дзеці, — нібыта ў першы раз.


Навыкі, атрыманыя пад наглядам клапатлівых выкладчыкаў, застануцца з маладымі людзьмі і надалей стануць падмуркам развіцця. З часам яно можа дасягнуць вяршынь, на якія ўзняліся цяперашні студэнт Варшаўскай акадэміі музыкі Арцём Галуза, Сяргей Карпук, які вучыўся ў Маскве ў знакамітай “Гнесенцы”, ці Данііл Казлоў — фіналіст дзіцячага “Еўрабачання”. У школе памятаюць і шануюць сваіх навучэнцаў — усіх без выключэння.
Нельга ўявіць свята без гасцей. Яны падзялялі са школай-юбіляркай яе радасць. Запрошаны на сцэну старшыня райвыканкама М.В.Токар не толькі пажадаў доўгага веку ўстанове, дзе выхоўваецца сапраўдная прыгажосць, але ад імя раённага выканаўчага камітэта ўручыў каштоўныя падарункі.
Падвойны, а мо нават трайны абавязак быў ускладзены на Руслана Цісленку. Некалі ён вучыўся тут іграць на скрыпцы, таму прыйшоў на сустрэчу з былымі і сённяшнімі настаўнікамі. Акрамя таго, зараз працуе у фірме “Белэканомзнештэхніка”, якая аказала школе мастацтваў спонсарскую дапамогу. Нарэшце, ён трымаў слова ад імя бацькоў, бо ягоная дачка сёння — выпускніца. (Насця, дарэчы, і далейшы свой лёс марыць звязаць з музыкай). Былой сваёй школе Руслан пажадаў, каб як мага болей “зорак” маглі з гонарам казаць: “Першым упэўненым крокам у мастацтве стала для нас Жабінкаўская школа мастацтваў!”
Добрыя словы музыкам, дарослым і маленькім гаварылі дырэктар ГДК Галіна Турыцына, дырэктар раённай бібліятэкі Ірына Ганчар і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ўстановы-“юбіляркі” Галіна Таргонская.
Віншаванні гучалі і ад начальніка аддзела культуры райвыканкама Васіля Чапялевіча, які нават не спрабаваў хаваць свайго захаплення. Дарэчы, у падарунак ад аддзела культуры школа атрымала вялікі святочны торт, расквечаны агнямі.
А гаспадары свята дарылі гасцям свае выступленні. У прыватнасці, дзіцячы аркестр пад кіраўніцтвам Наталлі Грэцкай, ансамбль цымбалістаў пад началам Надзеі Жываевай, песні ў выкананні Юліі Кічкайла, Таццяны Бяляк, Марыны Базылюк і іншых.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: святкаванне Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top