Сувязь да Берліна

Азятчук Аляксей Гумянка дваццацігадовым хлопцам апрануў шынель, ваяваў на І Украінскім фронце. З баямі тэлефаніст 50-й гвардзейскай цяжкай гаўбічнай артылерыйскай Свірскай брыгады дайшоў да самага нацысцкага логава.
Адным з першых жабінкаўцаў 29 ліпеня сорак чацвёртага Аляксей Гумянка быў прызваны ў войска. У вучэбнай роце пад Масквой юнак з Азятаў авалодаў навыкамі тэлефаніста. Баявое хрышчэнне давялося атрымаць у сапраўдным пекле — на Сандамірскім плацдарме, дзе склалі галовы тысячы чырвонаармейцаў. Яму пашчасціла: хоць і бываў сотні разоў на валасок ад гібелі, не атрымаў ніводнай раны.
З баямі Аляксей Філімонавіч прайшоў паў-Еўропы, вызваляў Берлін і Прагу і сёння з гонарам згадвае сваю ратную адысею:
— Цяжкая і небяспечная справа карэкціраваць агонь, злучаць батарэі. Гінулі тэлефаністы часта, бо сувязь патрабавалася трымаць бесперарыўна.
І ён трымаў. Надзейна і адважна.
16 красавіка 1945 года распачалася Берлін-ская аперацыя. Першы яе крок — прарыў Нейсенскага рубяжу. Праз чатыры дні ў баях за вёску Грос-Букаў малады баец абслугоўваў сувязь паміж камбрыгам і артылерыстамі. Пад моцным гарматным і мінамётным агнём праціўніка давялося сем разоў выпраўляць лінію сувязі, што паспрыяла поспеху выканання баявой задачы роднай 11-й батарэі. Дзякуючы гераізму і ахвярнасці байцоў рака Нейса была фарсіравана, шлях на Берлін адкрыты.
І праз дзесяцігоддзі Аляксей Філімонавіч згадвае, як разам з пехацінцамі цягнуў кабель да Рэйхстага. За тое, што сувязь працавала бездакорна, тэлефаніст атрымаў падзяку ад камандавання.
А яшчэ ў памяці той неперадавальны момант, калі камандзір дывізіёна Бердычэўскі павіншаваў байцоў з заканчэннем вайны. Радасць не знала межаў у тое імгненне. Усе абдымаліся, стралялі ў паветра, крычалі гучнае: “Ура! Перамога!” З заміраннем сэрца слухаў гвардзеец-сувязіст, як магутны голас Юрыя Левітана зачытаў загад маршала Сталіна:
“8 мая 1945 года ў Бер-ліне прадстаўнікамі германскага вярхоўнага камандавання падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл. Вялікая Айчынная вайна, якую вёў савецкі народ супраць нямецка-фашысцкіх за-хопнікаў, пераможна за-вершана, Германія цал-кам разгромлена.
…Вечная слава героям, што загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы!
Няхай жыве пера-можная Чырвоная Армія і Ваенна-Марскі Флот!”
Гэты дзень памятны ваеннаму сувязісту яшчэ і тым, што менавіта 9 мая сорак пятага ён атрымаў адразу два медалі: “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне” і “За баявыя заслугі”.
У родныя Азяты Аляксей Гумянка вярнуўся вясной сорак сёмага, прысвяціў сябе мірнай калгаснай працы, стварыў са сваёй Марыяй сям’ю, разам выгадавалі цудоўных дочак Алену і Надзею, якія і сёння з пяшчотай даглядаюць бацьку (на здымку).
Кожны май былы баец з гонарам надзявае ўзнагароды. Найбольш ганарыцца медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За вызваленне Прагі”, “За перамогу над Германіяй”. Іх яркае золата і меладычны перазвон міжволі вяртаюць у той светлы дзень, калі прагучала доўгачаканае слова ПЕРАМОГА.
Анатоль РОСТАЎ. Фота з архіва “СП”

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.