Мячы ў падарунак

Мячы ў падарунак

У школах адбыліся ўрачыстасці з нагоды завяршэння чарговага навучальнага года. Для 228 выпускнікоў Жабінкаўскага раёна школьны званок стаў апошнім. Не маглі стрымаць у гэты дзень слёзы радасці бацькі і настаўнікі. А кветкі і шары, што паляцелі з рук выпускнікоў далёка ў неба, напамін пра тое, як неўзабаве раз’едуцца ад школьнага парога тыя, хто зараз прымае віншаванні з нагоды атрымання агульнай сярэдняй адукацыі. Хутка вучняў 9-ых (у раёне іх налічваецца 282 чалавекі) і 11-ых класаў чакаюць экзамены.
Асабліва шчаслівымі ў гэты дзень адчувалі сябе першакласнікі сельскіх школ усёй нашай краіны. Шчырыя ўсмешкі і агеньчыкі радасці ў вачах малых ДУА “Ракітніцкая СШ” свяціліся 31 мая не толькі таму, што завяршыўся навучальны год. У гэты дзень у межах рэспубліканскай акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч!” больш 18 тысяч вясковых першакласнікаў атрымалі ў падарунак незаменны атрыбут самай папулярнай у свеце гульні. Прапаганда футболу і здаровага ладу жыцця сярод школьнікаў — вось галоўная мэта акцыі, якая стала магчымай дзякуючы сумесным намаганням “Беларускай федэрацыі футболу”, Міністэрства адукацыі, ААТ “Белаграпрамбанк” і СП “Санта Імпэкс Брэст”. Атрымаць мяч, які ўпрыгожаны лагатыпамі спонсараў акцыі і выявамі рэкламных персанажаў, вучні Ракітніцкай школы змаглі з рук начальніка разлікова-касавага цэнтра № 2 г.Жабінка ААТ “Белаграпрамбанк” Валерыя Андраюка. У час школьных канікулаў малышам і іх старэйшым сябрам, вядома, вельмі дарэчы будзе такі падарунак.


— “Белаграпрамбанк” не выпадкова стаў партнёрам дадзенай акцыі. Ужо 5 гадоў ім рэалізуецца спецыяльная праграма для нашых юных кліентаў – “Расці вялікі!” — адзначыў Валерый Андраюк. — Верым, што праз некалькі гадоў, дзякуючы гэтым падарункам, у  айчынным футболе з’явяцца новыя вялікія футбалісты. А мы прыкладзём усе намаганні, каб акцыя “Падары дзіцяці футбольны мяч!” у  нашай краіне стала добрай традыцыяй.
Валерый Мікалаевіч павіншаваў усіх вучняў з заканчэннем навучальнага года і пажадаў карысна правесці гэтыя тры летнія месяцы. А падараныя мячы паслужаць гарантыяй таго, што ў час канікулаў школьны стадыён пуставаць не будзе.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: падчас правядзення акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч!”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top