Якой бы “схованка” далёкай ні была…

Даўжнік, які мае запазычанасці па аліментах, увесь час “забываецца” выдаткоўваць грошы на сваю крывіначку. Ён не знайшоў нічога больш арыгінальнага, чым хавацца ад закона. Пры гэтым месцам “схованкі” мужчына вызначыў Расію. Мабыць, спадзяваўся, што ў суседняй велічэзнай дзяржаве судовыя выканаўцы яго не адшукаюць. Але дарэмна. Хоць і цягнулася гэта гісторыя гадамі, ды ўсё ж завяршылася лагічна: паблізу Бранска выяўлена месца жыхарства злоснага неплацельшчыка. Цяпер супрацоўнікі Жабінкаўскага АПВ разам са спагнальніцай збіраюць патрэбныя дакументы, каб на падставе міждзяржаўнага пагаднення аб прававой узаемадапамозе паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй ужо судовыя выканаўцы суседняй краіны мелі падставы спагнаць аліменты на карысць дзіцяці.

Ёсць даўгі?
Інфасістэма з імі разбярэцца

Прыватная фірма, зарэгістраваная ў Жабінцы, завінавацілася іншай арганізацыі каля чатырох тысяч рублёў. Раней было не зусім проста спагнаць сродкі з пазычальніка або даўжніка. Аднак сёлета ў краіне запрацавала спецыяльная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма (АІСІ “ДО”). Дзякуючы ёй, літаральна націснуўшы на кнопку, галоўны судовы выканаўца раёна ўжо на наступны дзень змог перавесці на дэпазітны рахунак АПВ грошы, спісаныя ў фірмы-даўжніка. Затым гэтыя сродкі атрымаў спагнальнік.

Разам — за парадак

У цеснай і надзейнай звязцы працуюць сацыяльныя службы раёна з праваахоўнікамі. Спецыялісты аддзела прымусовага выканання, са свайго боку, адчуваюць падтрымку не толькі з боку міліцыі, але і ўпраўлення па працы і занятасці райвыканкама ды іншых суб’ектаў прафілактыкі Жабінкаўшчыны. Напрыклад, АПВ накіроўвае ў РАУС і райвыканкам спіскі гора-бацькоў, якія два і больш месяцы ўхіляюцца ад выплат па аліментах. Сёлета адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, у якім бралі ўдзел і супрацоўнікі аддзела. Яны зацікаўлены, каб у раёне памяншалася колькасць асуджаных паводле артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей”), адначасова, каб больш асобаў працаўладкоўвалася, далучалася да нармальнага жыцця.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік аддзела прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro