Горкі пах канопляў

Горкі пах канопляў

Маладыя людзі школьнага ўзросту нярэдка вельмі цікаўныя. Прычым, часам наталяюць гэту цікаўнасць небяспечнай інфармацыяй. Пачуюць або прачытаюць у “сусветнай павуціне” пра тое, што, пакаштаваўшы сухія каноплі, можна атрымаць незвычайнае адчуванне, іншымі словамі кайф, і могуць займець спакусу праверыць пачутае-прачытанае. Іх, яшчэ зусім дзяцей па сутнасці, нават не заўжды можа спыніць перасцярога дарослых: чалавечы арганізм да наркатычных рэчываў хутка прывыкае, а такое захапленне вылечыць вельмі цяжка.
Таму чарговае пасяджэнне суда раёна з мэтай прафілактычнай работы сярод падлеткаў вырашана было зрабіць выязным у сярэдняй школе № 3. Справу Арцёма Г. можна і трэба было выкарыстаць дзеля гэтай мэты.
Арцём абвінавачваўся ў тым, што летась у пачатку лістапада паехаў у лес паблізу Селішчаў па грыбы. Тады і натрапіў на дзікія каноплі. Раней мужчына ў інтэрнэце чытаў, што можна выкарыстоўваць іх замест тытуню. Таму высушыў каноплі і захоўваў іх у сваёй машыне.
Але калі ёсць рэчыва, яно павінна быць ужыта. На Новы год Арцём прыехаў у Жабінку праведаць сястру. Пасля застолля пайшоў гуляць, тут і ўспомніў пра каноплі. Набіў люльку і закурыў, ды чаканага “кайфу” не атрымаў. Наадварот, адчуў сябе дрэнна, раптам закружылася галава. На вакзале мужчына нагрубіў білетнаму касіру. Тая пазваніла ў міліцыю, і ў хуткім часе Арцёма забралі людзі ў пагонах. Пры вобыску ў ягоных кішэнях былі знойдзены курыльная трубка і каля 2,3 грама канопляў, якія эксперты аднеслі да небяспечных наркатычных сродкаў — марыхуаны.
Судом Жабінкаўскага раёна з улікам абставін справы і асобы абвінавачваемага, таго, што на яго ўтрыманні двое непаўналетніх дзяцей, акрамя таго маюцца станоўчая характарыстыка па месцы працы і чыстасардэчнае раскаянне ў здзейсненым злачынстве, Арцёму Г. назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу.
Апроч таго, на аснове часткі 1 артыкула 46-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь была прыменена спецыяльная канфіскацыя — забрана ў даход дзяржавы марыхуана, а з Арцёма Г. спагнана 78 рублёў 75 капеек працэсуальных выдаткаў за правядзенне экспертыз.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro