Сцягі над Рэйхстагам

Сцягі над Рэйхстагам

30 красавіка і 1 мая 1945 года адбыліся памятныя падзеі ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта ў гэтыя дні ў Берліне над будынкам Рэйхстага высока ўзняліся чырвоныя палотнішчы.
Галоўным сімвалам Перамогі лічыцца штурмавы сцяг 150-й стралковай дывізіі, узняты над Рэйхстагам воінамі Чырвонай Арміі ўкраінцам Аляксеем Берастам, рускім Міхаілам Ягоравым і грузінам Мелітонам Кантарыя. Як высветлілі даследчыкі ваеннай гісторыі, адбылося гэта ў 22 гадзіны 30 красавіка па берлінскім часе. У Маскве пачынаўся ўжо новы дзень — святочны Першамай.
Класічны фотаздымак, на якім Ягораў і Кантарыя замацоўваюць на даху імперскага парламенцкага будынка дывізійны сцяг, якому ў хуткасці было наканавана стаць Сцягам Перамогі, зроблены пазней, 2 мая, ужо ў светлую пару дня (на здымку). У журналістыцы такія фота называюць пастановачнымі. Дарэчы, гэта далёка не першае па часе чырвонае палотнішча, узнятае над Рэйхстагам, аднак іншыя, якія залуналі над ім на працягу 30 красавіка, не захаваліся да нашых дзён.
Сёння Сцяг Перамогі — бясспрэчная рэліквія, якая захоў-ваецца ў Маскве. Копія славутага штандара ёсць і ў беларускай сталіцы. (У нашай краіне з 1996 года ён афіцыйна прызнаны сімвалам Перамогі).
У баях на вуліцах нямецкай сталіцы вызначыліся і нашы землякі. Прыкладам, да апошняга свайго дня, сустракаючыся з моладдзю і журналістамі, жабінкавец Аляксандр Юстынавіч ЗАВЯРЖЭНЕЦ (1926-2016) з бачным задавальненнем распавядаў, што меў гонар пакінуць свой аўтограф на сцяне Рэйхстага.
Аднак далёка не кожнаму спрыяла шчасце жывым вярнуцца “да родных ніў, да роднай хаты”.
У тыя самыя часы, калі залунаў Сцяг Перамогі, свае галовы склалі многія байцы. У іх ліку — гвардыі радавы Іван Сямёнавіч КАВАЛЬЧУК (1916-1945). Баец 74-й гвардзейскай стралковай дывізіі, паранены ў вулічным баі, памёр 30 красавіка ў шпіталі 584-га медсанбата. Іванава цела пахавалі ў скверы на вуліцы Шылерпраменадштрасэ. Неўзабаве родныя ў Пятровічах атрымалі пахавальную па мужу і бацьку, які загінуў за некалькі дзён да заканчэння вайны.
На наступны дзень, 1 мая, спынілася сэрца нараджэнца Рудкі Цімафея Пятровіча ФЕДАРУКА (1908-1945). Ён служыў у праслаўленым 99-м гвардзейскім Памеранскім артпалку, які браў Берлін у складзе 47-й гвардзейскай Ніжнедняпроўскай стралковай дывізіі. Цімафей Пятровіч загінуў літаральна за некалькі крокаў ад Перамогі і быў пахаваны ў цудоўным берлінскім парку, размешчаным на вуліцы Патсдамерштрасэ.
Куды былі перанесены астанкі Кавальчука і Федарука пасля заканчэння вайны, дакладна невядома. Пры штурме нацысцкай сталіцы свае галовы склалі ад 75 да 80 тысяч воінаў Чырвонай Арміі. У саракавыя гады ў Берліне для іх былі створаны тры вялікія брацкія мемарыялы — у Трэптаў-парку, Ціргартэне і раёне Панкоў. У адным з гэтых месцаў і знайшлі свой апошні прытулак нашы землякі.
Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro