У ахове працы дробязяў няма

У ахове працы дробязяў няма

Абласны Дзень аховы працы праводзіўся ўжо трэці раз. На гэты раз сустракалі гасцей у нашым раёне. Каб абмеркаваць асноўныя накірункі работы ў папярэджанні вытворчага траўматызму і забеспячэнні найлепшых умоў працы ў Жабінцы сабраліся старшыні гаррайвыканкамаў, кіраўнікі камітэтаў і ўпраўленняў аблвыканкама, а таксама абласных  службаў і арганізацый, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага нагляду і  грамадскага кантролю, спецыялісты ў ахове працы і многія іншыя. Пабачыць, навучыцца, каб потым наладзіць сваю дзейнасць, узяўшы за аснову ўсё лепшае з работы калег, — такая задача ставілася арганізатарамі семінара.
Першае, што ўразіла берасцейцаў — гэта чысціня нашага горада. Канстанцін Сумар, губернатар Брэсцкай вобласці, на пачатку сустрэчы падкрэсліў, што кожны населены пункт павінен імкнуцца да чысціні як на тэрыторыі прадпрыемстваў, так на і вуліцах горада і вёсак. Жабінка з’яўляецца добрым прыкладам ў гэтай справе.
“Праблема вытворчага траўматызму ў нас вельмі сур’ёзная, — адзначыў Канстанцін Андрэевіч ва ўступным слове. — Колькасць тых, хто атрымаў траўмы на вытворчасці ў вобласці складае 19 працэнтаў ад агульнай статыстыкі па рэспубліцы. Таму нам неабходна больш пільна ставіцца да пытанняў бяспекі на рабочых месцах, прадумаць усе магчымыя шляхі вырашэння праблем”.
Гасцінныя гаспадары прапанавалі ўдзельнікам мерапрыемства “экскурсійны” маршрут па вядучых прадпрыемствах Жабінкаўшчыны, якія надаюць ахове працы немалаважнае значэнне.
Першы прыпынак —– ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, дзе сустрэў гасцей дырэктар Васіль Волк. Спартыўную залу, саўну, бытавыя памяшканні і майстэрні змаглі наведаць удзельнікі семінара. Інжынер у ахове працы Анатоль Іванюк пазнаёміў прысутных з сертыфікатнай сістэмай кіравання аховай працы, укаранёнай на заводзе. Згодна з ёй, у кожным падраздзяленні прадпрыемства ёсць службы для захавання бяспекі працы. Праводзяцца навучальныя курсы, здаюцца экзамены з выкарыстаннем камп’ютарных праграм. Да таго ж, як расказаў дырэктар прадпрыемства, на работу яны не прымаюць чалавека, пакуль ён не пройдзе навучанне ў ахове працы. І толькі пасля двухтыднёвай стажыроўкі можна прэтэндаваць на працоўнае месца.
Аб тым, як ідуць справы ў “ПМК-19”(г. Жабінка) ДУВП “Брэстводбуд” падрабязна расказаў яго начальнік Пётр Вайноўскі. Ужо з парога было бачна, што кіраўніцтва пільна сочыць за  падтрыманнем чысціні на тэрыторыі арганізацыі. Асабліва парадавала думка адміністрацыі: стварэнне бытавых умоў — гэта адна з галоўных састаўных частак работы ў ахове працы. У меліярацыйнай арганізацыі думаюць, як забяспечыць работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы, набыць спецадзенне, кампенсаваць работу ў шкодных умовах добрым адпачынкам ва ўтульных пакоях. Дарэчы, на месцы пустога раней памяшкання, зараз абсталяваны чытальная зала, пакой, дзе можна пагрэць ежу, санвузел і інш.
— Калі маладыя спецыялісты прыходзяць на такое месца працы, яны да справы падыходзяць больш старанна і сумленна, а галоўнае іх не патрэбна прымушаць да работы, імі кіруе жаданне, — заўважыў старшыня райвыканкама Мікалай Токар.
Наступным аб’ектам маршруту стаў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Рагазнянскі”, які забяспечвае працоўнымі месцамі каля 200 чалавек. Малочнатаварная ферма “Бусні”, з дзейнасцю якой таксама азнаёміліся ўдзельнікі Дня аховы працы, як адзначыў старшыня гаспадаркі Аляксандр Семянюк, з’яўляецца ўдалым укладаннем дзяржаўных сродкаў. Патрэбна сказаць, што 75 працэнтаў малака, якое атрымлівае ферма прадаецца гатункам “экстра”.
— Да прыкладу ўчора мы прадалі 27 тон малака. Надой на адну карову складае 7 тыс. кг. Ферма працуе з 2009 года. Каб не дапусціць спаду малака прадукцыі, перавозілі пагалоўе невялічкімі групамі, давалі ім два тыдні асвоіцца. Сёння малочнатаварная ферма “Бусні” — гэта 1000 галоў жывёлы і працавіты калектыў, для якога створаны належныя ўмовы працы.
Кабінет для заняткаў па тэхніцы бяспекі працы, які запрасіў наведаць удзельнікаў семінара старшыня СВК “Рагазнянскі”, выклікаў шчырую зайздрасць у многіх спецыялістаў, адказных за ахову працы. Сучасныя стэнды, магчымасць размясціць адразу некалькі дзясяткаў слухачоў і праграмнае забеспячэнне, якое адпавядае апошнім стандартам у ахове працы — усё гэта створана для таго, каб пазбегнуць траўматызму пад час працы.
Жанна Трафімук, інжынер у ахове працы СВК “Рагазнянскі” засяродзіла ўвагу на тым, як праводзіць медыцынскі агляд вадзіцеляў і трактарыстаў перад выездам на працу. Назвала такія лічбы: у мінулым годзе на забеспячэнне ўмоў аховы працы было патрачана каля 150 мільёнаў, а сёлета ўжо — 580 мільёнаў беларускіх рублёў.
У рамках Дня аховы кіраўнікі наведалі і ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, які за суткі вырабляе больш за 3 тысячы тон цукру. Дырэктар прадпрыемства Віктар Міронаў расказаў і паказаў, якім чынам забяспечваецца ахова працы на заводзе. Пабывалі ўдзельнікі семінара і ў кабінеце, у якім праз камп’ютары можна прасачыць наяўнасць аварыйных сітуацый.
— На кожным участку ў нас працуюць спецыялісты, якія праводзяць непасрэдны кантроль за бяспекай, назіраюць за якасцю прадукцыі, іншымі параметрамі, — гаварыў Віктар Рыгоравіч.
Вынікі абласнога Дня аховы працы падводзілі ў гарадскім Доме культуры. Сваімі назіраннямі дзяліўся намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл Юхімук. Усіх зацікавіла прапанова, якая датычыцца адміністрацыйнай адказнасці працоўных за парушэнні правілаў аховы працы. Зараз такая адказнасць распаўсюджваецца толькі на асобаў, адказных за выкананне правілаў аховы працы. Але ж правільней было б, паводле слоў Міхаіла Іванавіча, калі б служачыя, якія парушаюць тэхніку бяспекі, самі б неслі адказнасць у выглядзе штрафу. Гэта дазволіла б умацаваць працоўную дысцыпліну.
Пытанні кадравай палітыкі ў ахове працы асабліва цікавілі Канстанціна Андрэевіча Сумара, які пераконваў, што ўсе вакантныя месцы павінны заняць кваліфікаваныя спецыялісты.
Ажыўленае абмеркаванне выклікаў той факт, што ў Брэсцкай вобласці за мінулы год 30 мільёнаў рублёў было выплачана “Белдзяржстрахам” працаўнікам, якія пацярпелі ад вытворчага траўматызму. І ў гэтую лічбу не ўвайшлі прыбытак, які быў недаатрыманы, сапсаванае абсталяванне і многае іншае. А намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Суміч, падкрэсліў, што ад траўматызму на прадпрыемствах наша краіна штогод губляе ад 3 да 4 працэнтаў ВВП.
У сваім выступленні Мікалай Токар інфармаваў, што на працягу апошніх гадоў у нашым раёне паляпшэнне ўмоў працы стала прыярытэтным накірункам мадэрнізацыі эканомікі.
— За 2011 год мы палепшылі умовы на 74-х працоўных месцах для 102 чалавек, набылі новую тэхніку, зрабілі рамонт і рэканструявалі вытворчыя і санітарна-бытавыя памяшканні. Дарэчы, за апошнія пяць гадоў ў раёне не выяўлена прафесійных хвароб, што ўзнікшых пад уздзеяннем шкодных вытворчых фактараў, — дзяліўся статыстыкай старшыня райвыканкама.
Радуе той факт, што за апошнія тры гады ў нашым раёне не было дапушчана няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам.
“Намнога лягчэй і танней укладваць грошы ў  бяспеку працы, чым у ліквідацыю вынікаў трагедый, якія могуць адбывацца з-за няўважлівых адносін да гэтай праблемы,” — і гэтыя словы Мікалая Васільевіча павінны ўспрымацца як аксіёма.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top