Візіты дабрыні

Візіты дабрыні

Сёння пад знакам Чырвонага Крыжа аб’яднаны людзі неабыякавыя да чалавечых праблемаў. Прыемна, што арганізацыя на Жабінкаўшчыне ўключае ў свае шэрагі ўсё болей школьнікаў. Маладыя людзі актыўна ўліваюцца ў валанцёрскі рух.
Не першы год у трэцяй гарадской школе пад кіраўніцтвам Юліі Канапліцкай працуюць валанцёры, якія аб’яднаны ў атрад “Добрыя сэрцы”.
Вучні ахвотна дапамагаюць пажылым, самотным людзям, рассылаюць віншаванні ветэранам з Днём Перамогі ды іншымі святамі, актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, скіраваных супраць тытуню і сухотаў, прапагандуюць здаровы лад жыцця. У час месячніка, прысвечанага Чырвонаму Крыжу, яны ўключыліся ў акцыю пад лозунгам “Першая дапамога выратоўвае жыцці людзей”.
Першым адрасам дзіцячай дапамогі 25 мая стала кватэра 80-гадовай Веры Максімаўны Кандрацюк. Жанчына летась пахавала мужа, з якім разам пражыла доўгі век, а некалькі месяцаў таму перанесла цяжкую аперацыю. Цяпер засталася самотніцай, прыкавана да ложка, мае першую групу інваліднасці. Разам з тым, мужная жанчына не страціла адчування гумару, веры ў жыццё і людзей. Увесь час да пенсіі працавала на цукровым заводзе, была ў маладосці добрай майстрыхай, пра што нагадваюць гожыя вышыванкі ў пакоі. Дзецям, якія перадалі ёй падарунак, Вера Максімаўна пажадала разумнець, добра вучыцца, бо веды ў жыцці заўсёды трымаюць чалавека. Яе клапатлівая суседка, што зазірнула ў той час у госці да старой, таксама дзякавала “маладыя чыстыя душы, якія, бы анёльчыкі, прыляцелі, каб падтрымаць чалавека, што апынуўся ў бядзе, але ўсё ж трымаецца — усім нам у прыклад — за жыццё”.
Наступным прыпынкам на шляху добрых валанцёрскіх спраў стаў дзіцячы прытулак у пасёлку Ленінскі. Загадчыца прытулку Тамара Мартынчык, як добрых знаёмых вітала валанцёраў. І маленькія выхаванцы таксама былі задаволены гасцямі, уважліва слухалі канцэртнае выступленне юных гітарыстаў з Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Валерыі Дзмітрук, Маргарыты Якавук, Дзмітрыя Масальскага, якімі кіруе выкладчыца ў класе домры і гітары Алена Сцяпанаўна Гацкевіч.
А потым дзеці з прытулку з удзячнасцю атрымалі сувеніры з рук валанцёраў і старшыні раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Таццяны Мікалаеўны Пархімовіч. Акрамя таго ў рамках Года кнігі, які святкуецца сёлета, вучні СШ №3 арганізавалі дабрачынную акцыю “Падары кніжку прытулку”, і цяпер шасцікласніца Даша Казулька і пяцікласніца Насця Мельнікава перадалі стосы дзіцячых каляровых выданняў маленькім чытачам.
Далейшы іх шлях быў скіраваны ў вёску Глыбокае, да шаснаццаці старых людзей, што жывуць у бальніцы сястрынскага догляду. Школьнікі тут нярэдкія і чаканыя госці, таму старыя людзі, збіраючыся на канцэрт, ветліва казалі:
— Зноў дзяўчаткі пра нас не забыліся. Як жа добра, што такія маладзенькія старасць паважаюць! — і слухалі з замілаваннем, як гучаць прыгожа гітарныя струны пад рукамі выканаўцаў. А затым шчыра дзякавалі за клопат і фатаграфаваліся на памяць аб цёплую сустрэчы.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: валанцёры Чырвонага Крыжа ў дзіцячым прытулку.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top