У змаганні з нябачным ворагам

У змаганні з нябачным ворагам

Чарнобыль стаў выпрабаваннем для цэлых краін і народаў, тым больш для асобных людзей. Ліквідацыяй наступстваў аварыі займаліся многія тысячы вайскоўцаў. У іх ліку — наш зямляк гвардыі лейтэнант Віктар Баран (на здымку). 

Перад ім, выпускніком знакамітага Ульянаўскага вышэйшага ваенна-тэхнічнага вучылішча, адразу адкрываліся выдатныя гарызонты і перспектывы. Першае месца службы — Крым, паўднёвы горад Сімферопаль. Пасада — адразу капітанская: начальнік службы паліва гвар-дзейскага танкавага палка. 

Такому мог пазайздросціць кожны малады афіцэр. 

Аднак праз год Віктар трапіў туды, куды не ўсялякі пагодзіцца ехаць. 

Узважанае рашэнне

На календары быў верасень 1988-га, калі лейтэнант паклаў на стол гвардыі палкоўніка Вішнякова рапарт з просьбай камандзіраваць у зону адчужэння. Гэта было ўзважанае рашэнне. Малады чалавек разумеў узровень рызыкі. Ужо праз лічаныя дні Віктар Баран прыбыў ва ўкраінскую вёску Старыя Саколы, прыняў справы ў асобнай механізаванай брыгадзе. 

З памятнай вясны восемдзесят шостага часць праводзіла дэзактывацыю ў самай небяспечнай 30-кіламетровай зоне. Гвардыі лейтэнанту давялося выконваць адказную задачу — забяспечваць бензінам і дызельным палівам, маслам і спецвадкасцямі тэхніку. “Гаспадарка” дасталася надзвычай вялікая: штодзённы расход паліва брыгады складаў 180 тон. 

Кожную раніцу машыны выязджалі на забруджаныя аб’екты. Там вайскоўцы з дапамогай аўтаразлівачных станцый спецрастворамі ачышчалі ад радыяцыі вёскі і хутары, розныя прадпрыемствы, дарогі, палі і лясы. Бульдозерамі ды грэйдарамі здымалі глебу, якую самазвалы вывозілі ў месцы пахавання. Усімі сіламі стараліся, каб у рэкі не траплялі забруджаныя воды. 

Верылася: бяда не назаўжды, і ў горадзе Прыпяць старанна абраблялі кожны дом, каб праз час людзі маглі вярнуцца ў роднае жытло. (На жаль, і цяпер, праз дзесяцігоддзі, горад нежывы…) У вёсках абмывалі сады, падворкі, не абміналі нават сабачыя будкі. 

Гэтак штодня напружана шчы-равалі з сямі гадзін ранку да шасці вечара. 

Цяжкай была праца і ў падначаленых Віктара Сцяпанавіча. Большасць тэхнікі працавала ў зоне, дзе яе даводзілася запраўляць. Мелася рота падвозу паліва, якую нярэдка ўзначальваў начальнік службы паліва — гвардыі лейтэнант Баран. Найчасцей гэта адбывалася, калі ў небяспечных кропках надараліся экстраныя выпадкі. І такія рэчы адбываліся неаднойчы. 

Быццам тое ўчора было

У кастрычніку ў Чарнобыльскай зоне адчужэння Віктар адсвяткаваў сваё 24-годдзе. Ён быў малады, энергічны ў змаганні з нябачным і небяспечным ворагам — радыяцыяй. А дома, у Крыме, усім сэрцам перажывала за мужа яго Алена. Яна чакала першынца. Калісь Віктар Баран і Алена Сокал заканчвалі першую гарадскую школу ў Жабінцы. Затым афіцэрская жонка падзяліла мужаў лёс, пацягнулася за ім, як нітачка за іголачкай. Іх сыны Андрэй і Вадзім выбралі дарогу праваахоўнікаў. А бацька выйшаў у адстаўку ў званні падпалкоўніка з пасады камандзіра базы паліва флоту, адслужыўшы больш за чвэрць веку. 

Але і сёння, быццам тое было зусім нядаўна, у памяці Віктара Сцяпанавіча закінутыя вёсачкі, адзічэлая жывёла, дары прыроды, якія нельга было ўжываць, ды мёртвы горад атамшчыкаў з зарослымі прыпяцкімі берагамі. 

У лістападзе пасля выканання задачы брыгада пакідала зону адчужэння. За спінамі заставалася тэхніка, што “свяцілася” ад радыяцыі… 

Грудзі Віктара Сцяпанавіча ўпрыгожваюць шматлікія ўзнагароды. Сярод іх найбольш дарагімі лічыць медалі “За выратаванне гінуўшых” і “За адзнаку ў воінскай службе” І сту-пені. Іх гвардзеец-ліквідатар атрымаў за мужнасць і самаадданасць, праяўленыя пры ўхіленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 

Пастскрыптум 

Горкая спадчына Чарнобыля існуе і сёння. Перыяд паўраспаду некаторых радыенуклідаў складае дзясяткі, сотні, а то і тысячы гадоў. Трывожныя весткі прыносяць стужкі навін пра лясы, што гараць у небяспечнай зоне. Ад гэтага яшчэ больш усведамляеш, наколькі важнай справай займаліся людзі, падобныя нашаму герою. 

Сёлета ў цэнтры Жабінкі ўрачыста паўстаў абноўлены помнік воінам-афганцам. Ідзе размова пра пашырэнне мемарыяльнай часткі гарадскога парку. Здаецца, будзе цалкам натуральна, калі побач з удзельнікамі далёкай Афганскай вайны будуць ушанаваны і землякі-ліквідатары. 

Яны зрабілі, што маглі і нават крыху больш, каб беларусы як асобны народ не зніклі з планеты Зямля. 

Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top