Памятка вайны ў Сасновым Бары

Памятка вайны ў Сасновым Бары

На пачатку сорак другога было знішчана ўсё насельніцтва Жабінкаўскага гета, а затым нацысцкія каты давяршылі сваю зладзейскую задуму ва ўрочышчы Сасновы Бор. У 2004 годзе на гэтым месцы паўстаў помнік. Пра тое, як праз доўгі час была ўвекавечана памяць ахвяраў Халакосту, сённяшні расказ.
Хадасоўская трагедыя не была таямніцай для мясцовых жыхароў. І пры гэтым многія дзесяцігоддзі заставалася неўвекавечанай. Таму замест помніка на 44-м кіламетры шашы Брэст — Мінск, дзе некалі адбываўся масавы расстрэл, амаль да самага неба ўзнеслі свае высокія шаты гонкія сосны. Толькі дзякуючы намаганням сведкі жудаснай падзеі Васіля Сцяпанавіча Барташука, які жыў на суседнім хутары, памяць не згасла.
У 2003 годзе сюды, ва ўрочышча Сасновы Бор паблізу Хадасоў, нарэшце наведаліся байцы 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна, якія ўстанавілі дакладнае месца гібелі нявінных людзей і паднялі астанкі з зямлі.
Узнікла пытанне, як належна аддаць даніну павагі ахвярам Халакосту. На той час я быў вядучым метадыстам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, таму давялося займацца гэтым непасрэдна. Падрыхтаваў сцэнарый мерапрыемства і паехаў з ім да старшыні Брэсцкага цэнтра “Халакост” Аркадзя Бляхера. (Да слова, журналіст-франтавік Аркадзь Маісеевіч памёр некалькі дзён таму, пражыўшы 97 гадоў). А тады, яшчэ вельмі жвавы і цікаўны, ён ветліва сустрэў мяне, папрасіў прачытаць прынесены тэкст і раптам расхваляваўся да слёз. Давялося нават двойчы спыняцца. Уявіце, як адгукаліся чуллівыя словы ў сэрцах людзей, калі ў час цырыманіялу іх агучваў Аляксей Гарбацюк, вядомы сваім пастаўленым “левітанаўскім” голасам…
Пасля “чыткі” нечакана ўзнікла замінка. Яна тычылася часу. На дварэ быў верасень, па іўдзейскім календары набліжаўся Новы год, які цягнуўся тыдзень, а за ім зноў безліч дзён, калі траурныя мерапрыемствы не праводзяцца.
Аркадзь Маісеевіч па тэлефоне з некім параіўся, а потым сказаў:
— Бліжэйшая дата, калі дазваляецца правесці гэткае мерапрыемства, 4 кастрычніка. І тое не пазней, чым да трох гадзін…
У названы дзень на вялікім аўтобусе прыехала група з Брэста, прысутнічалі мясцовыя настаўнікі і дзеці, прадстаўнікі розных арганізацый і ўстаноў. Яны сталі сведкамі адкрыцця помніка. Да слова, яго праект стварыў архітэктар раёна Сцяпан Кандрацюк. Памятка ваенных часоў уяўляла сабой вялікі валун з надпісам па-беларуску: “На гэтым месцы, паблізу Хадасоў, спачываюць астанкі 196 ахвяр Халакосту — яўрэяў, забітых у верасні 1942 года. Вечны вам спакой”.
Сведкам тых жудасных падзей быў Васіль Барташук. Тады ён быў яшчэ падлеткам, пас кароў. Вакол поле — усё бачна як на далоні. Мужчын каты паставілі з аднаго боку яміны, жанчын — з другога, усіх прымусілі распрануцца. Расстрэльвалі іх з васьмізарадкі. Потым падышлі яшчэ тры машыны з Буснёў, дзе таксама былі яўрэі. Усіх паставілі каля ямы і расстралялі. Пра гэта Васіль Барташук расказаў пасля заканчэння цырыманіялу, калі яго акружылі з пытаннямі вучні і настаўнікі. А ў тую хвіліну, як стаяў перад мікрафонам, стары ўжо чалавек змог прамовіць толькі:
— Я там быў… я тое бачыў… не магу… — і заплакаў.
Са свайго боку, Аркадзь Бляхер шчыра падзякаваў кіраўніцтву раёна, усім, хто спрыяў узвядзенню помніка. Ён разам з тагачасным старшынёй райвыканкама Мікалаем Токарам адкрылі мемарыяльнае месца. Потым равін Рыгор Абрамовіч, які прыехаў з Мінска, прачытаў малітвы. Да пастамента ўсклалі кветкі і па іўдаісцкай традыцыі — рознакаляровыя каменьчыкі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: помнік каля вёскі Хадасы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top