Злачынная “талака”

Адвеку беларусы цяжкую працу рабілі разам, дапамагаючы адзін аднаму. Талака не раз выручала ў добрых справах, а гэтая парачка аб’ядналася дзеля крадзяжу. У вёсцы Сенькавічы Уладзімір Д. ды Артур Ч. вынялі аконную раму і вынеслі з дому рэчаў, якія належалі Яўгену Я., на 44 рублі.
У суседняй хаце збілі навясны замок і пажывіліся… яшчэ амаль на 42 рублі. “Небагата!” — скажаце вы. Сапраўды так, затое сораму займелі колькі! І яшчэ бу-дзе, бо супраць членаў злачыннай “талакі” ўзбуджана крымінальная справа.

Крадзеж з… дапамогай сучаснай тэхнікі

Усё часцей можна пачуць: рознага роду спрытнюгі крадуць грошы, якія знаходзяцца на карт-рахунках. Напрыклад, неўстаноўленая асоба ў невядомым месцы, не маючы права на камп’ютарную інфармацыю, праз інтэрнэт увяла ў сістэму заведама лжывае паведамленне пра тое, што грашовымі сродкамі распараджаецца гаспадыня Людміла Ч., і ў адначассе ўкрала ў той 360 рублёў. Такое злачынства падпадае пад частку 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса краіны.

Асцярожна: гашыш!

Для чаго хлопцы Аляксей К. і Андрэй К. купілі сабе рэчыва цёмна-карычневага колеру? Пасля таго, як 0,93 грама яго работнікі міліцыі выявілі ў Аляксея, ён і сябар сцвярджалі, што перапрадаваць рэчыва не збіраліся. Значыць, набылі для сябе, для сваіх патрэб.
Згодна з заключэннем эксперта, гэта быў небяспечны наркатычны сродак — гашыш. Як вядома, ужываць наркотыкі — толькі шкодзіць свайму здароўю, а купля і захоўванне наркатычных рэчываў трапляе пад артыкул закона. Вядома ж, на вінаватых была ўзбуджана крымінальная справа, цяпер суду разбірацца з тымі, хто пад уплывам спакусы пераступае праз закон.

Яўгенава “рамантыка”?

Ужо двойчы прыцягваўся судом да адказнасці за крадзяжы Яўген Д. Апошні раз адбыў пакаранне зусім нядаўна — летам мінулага года. Не прайшло і паўгода, як Жэня зноў папаўся на крадзяжах. Можа, не дае яму спакою зладзейская “рамантыка”, пра якую гаварылася ў знакамітым фільме “Джэнтльмены ўдачы”.
Толькі з 6 па 14 студзеня злодзей двойчы ў начны час наведваўся ў складское памяшканне на вуліцы Лясной, скуль вынес два рулоны мінеральнай ваты “Ізовер” і 10 рулонаў сеткі “Рабіца”. Тым самым “рамантык” прынёс гаспадару гэтай маёмасці стратаў на суму ў 230 рублёў. Такім чынам, зламысніку зноў давядзецца адказваць у судзе за захапленне крадзяжамі.

Даехаў да… суда

У той лютаўскі ранак не ўсе, мусіць, паспелі яшчэ прачнуцца, а вось Андрэй М. ужо выйшаў на прагулку. Нямала машын у горадзе начуюць каля дамоў. Андрэй вагаўся нядоўга і выбраў самую прыгожую “Мазду 626”, неўзабаве забраўся ў кабіну ды пакаціў! Як затым скажа следчым, ён зусім не збіраўся красці аўтамабіль: юнаку “проста” захацелася пакатацца. Нават не думаў, што мудрацы кажуць: “Прастата — горш за крадзеж”. Гэта таму, што такія адносіны часам моцна жыццё ўскладняюць.
Так адбылося і на гэты раз. Неабдуманы ўчынак “давёз” хлопца да суда. У свае дваццаць гадоў Андрэй М. мецьме судзімасць па частцы 1 артыкула 214 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.