“Усё дакладна, усё як след!”

“Усё дакладна, усё як след!”

Штогод рэйдавыя групы тэхнічнай інспекцыі працы Брэсцкага абласнога аб’яднання, абкамаў галіновых прафсаюзаў наведваюць Жабінкаўшчыну, каб высветліць, што робіцца ў раёне на карысць працаўнікоў.
Напрыканцы сакавіка восем прадстаўнікоў ФПБ на чале з галоўным тэхнічным інспектарам працы абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргеем Рыжкоўскім пабывалі ў нашым раёне.
— Мы не толькі правяраем розныя арганізацыі і прадпрыемствы, але і маніторм, наколькі падрыхтаваны на Жабінкаўшчыне тэхніка і людзі да палявых работ, — акрэсліў мэты сваёй групы Сяргей Мікалаевіч.
Пасля сустрэчы-нарады ў райвыканкаме тэхнічныя інспектары раз’ехаліся па месцах. Сёлета іх увага засяродзілася на стане аховы працы ў філіяле “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжраённай гандлёвай базы, ЖКГ і дыстанцыі пуці, Жабінкаўскім раёне электрасетак, на камбікормавым заводзе і ў Пятровіцкім лясніцтве, ДРБУ № 103, Жабінкаўскім раёне газазабеспячэння і санаторыі “Надзея”, клубнай і бібліятэчнай сістэмах, сельгаставарыствах “Хмелева”, “Вазнясенскі”, “Жабінкаўскі”.
Непасрэдна з кіраўніком групы карэспандэнту “СП” давялося пабываць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ААТ “Рагазнянскі”.
На вуліцы Калгаснай у Жабінцы Сяргей Рыжкоўскі адразу супакоіў супрацоўнікаў:
— Не хвалюйцеся, мая задача — высветліць, як у вас вядзецца дакументацыя па ахове працы, ці працуе ў арганізацыі адпаведная камісія, ці праводзяцца інструктажы па ТБ, як правяраюцца веды ў работнікаў па нашай тэме, а калі спатрэбіцца, — са свайго боку дапамагчы, падказаць, што зрабіць, каб стала лепш.
І ўжо гартаючы паперы, галоўны інспектар неаднойчы паўтараў з задавальненнем:
— Усё дакладна, усё як след!
Толькі адзін журнал аказаўся не запоўненым, і Сяргей Мікалаевіч шчыра пажадаў дырэктару цэнтра Раісе Мышкавец, каб і надалей ён заставаўся пустым. Дарэчы, у ім фіксуецца траўматызм на вытворчасці…
Другім месцам сустрэчы стаў аграгарадок Ленінскі, а калі дакладней — мехдвор ААТ “Рагазнянскі”. Тут гасцей (на гэты час да групы далучылася старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская) віталі загадчык гаража Віктар Смаль і інжынер па ахове працы гаспадаркі Жанна Трафімук. (Да слова, Жанна Мікалаеўна цяпер выступае, так бы мовіць, адразу ў трох іпастасях: яна не толькі інжынер па АП, але й узначальвае прафсаюзную пярвічку, а нядаўна стала яшчэ і грамадскім інспектарам па ахове працы Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў).
Аднаго погляду спрактыкаванаму воку Сяргея Рыжкоўскага хапіла, каб вынесці свой вердыкт:
— Падрыхтоўка тэхнікі да пасяўной праходзіць належна! Такі парадак нельга навесці за адны суткі, над гэтым патрабуецца шчыраваць што-дня, каб захоўвалася такая чысціня. Не толькі на словах або паперы — на справе “Рагазнянскі” — у ліку лепшых па ахове працы. Мне давялося шмат бачыць гаспадарак, таму гавару гэта з поўнай адказнасцю.
У сувязі з эпідсітуацыяй па каранавірусе, заўважыў госць, прымаюцца адпаведныя меры: у памяшканнях знаходзяцца розныя прафілактычныя сродкі, якімі карыстаюцца работнікі.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
На здымках: Сяргей РЫЖКОЎСКІ ў тэрытарыяльным цэнтры абслугоўвання насельніцтва і ААТ «Рагазнянскі».

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top