Пытанні ёсць. Яны вырашальныя

Стала добрай традыцыяй кожны апошні чацвер месяца ладзіць сумесныя прыёмы грамадзян спецыялістамі прафсаюзаў і пракуратуры. На чарговую сустрэчу, якую праводзілі галоўны прававы інспектар працы абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Пятручык і намеснік пракурора раёна Алена Сідарук, завіталі грамадзяне, зацікаўленыя пытаннямі аплаты працы, занятасці, парадку ўнясення зменаў у калектыўны дагавор. Кожны наведвальнік атрымаў кансультацыю па ўзнятых праблемах.

З Жабінкі ў Мінск

Малюнак “Перамога. Вяртанне ў родную вёску” прынёс прызавое месца на абласным этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці “Салют Перамогі — 75” Ксеніі Асокінай. Дзяўчынка вучыцца перадаваць свае эмоцыі і настрой з дапамогай фарбаў і паперы ў педагога Ірыны Бялавенцавай у раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Цяпер малюнак 12-гадовай мастачкі з Жабінкі адправіцца ў Мінск.

Ахова працы ў надзейных руках!

Надзвычай важныя справы ў грамадскага інспектара па ахове працы раённага аб’яднання прафсаюзаў. Нядаўна ім стала Жанна Трафімук — чалавек сапраўды неабыякавы. Цяпер да асноўных яе абавязкаў у якасці інжынера па ахове працы ААТ “Рагазнянскі” дадаліся і грамадскія. Абралі Жанну Мікалаеўну невыпадкова. За той тузін гадоў, што яна працуе ў гаспадарцы, “рагазнянцы” двойчы паспяхова абаранялі ў ахове працы гонар раёна на рэспубліцы (у 2012-м былі пераможцамі, праз пяць гадоў занялі другое месца).

Другое жыццё газетам і часопісам

Не спяшайцеся выкідваць старыя кнігі, часопісы і газеты: яны могуць стаць выдатнай асновай для стварэння крэатыўных рэчаў. Падарыце ім другое жыццё!
Жабінкаўская цэнтральная раённая бібліятэка абвясціла конкурс вырабаў і кампазіцый са старых кніг і перыёдыкі. Аўтар ідэі — загадчыца аддзела абслугоўвання Ірына Карнялюк. “Мы жадаем упрыгожыць наш інтэр’ер. Аднойчы ўбачыла ў інтэрнэце, колькі шыкоўных рэчаў можна зрабіць з прачытанай і ўжо неактуальнай прэсы, старых кніг — цікавыя пано, рамкі для фотаздымкаў, гадзіннікі, вазоны для кветак і іншыя элементы дэкору. Хочацца верыць, што з дапамогай нашых майстроў і майстрых бібліятэка абавязкова зменіцца, стане больш утульнай і камфортнай”, — падзялілася Ірына Паўлаўна.

Нясумныя канікулы ў бібліятэцы…

Дзверы дзіцячай бібліятэкі адчынены для маленькіх чытачоў падчас іх вясновага адпачынку. Супрацоўнікі ўстановы дапамагаюць юным наведвальнікам выбраць кнігі, знаёмяць з літаратурнымі навінкамі, энцыклапедыямі і часопісамі, праводзяць цікавыя пазнаваўчыя віктарыны па творах дзіцячых пісьменнікаў. Разам яны разгадваюць крыжаванкі, загадкі і галаваломкі, малююць, рамантуюць кнігі і робяць для іх закладкі. Працуе таксама лялечны гурток “Церамок”, дзе кожны юны чытач можа паспрабаваць сябе ў якасці артыста. А пачуць беларускую казку і пачытаць яе ўслых магчыма ў этнаграфічным пакоі “Хата з матчынай душою”. Адным словам, кожны дзень у бібліятэцы хлопчыкаў і дзяўчынак чакае нейкі сюрпрыз, падрыхтаваны для іх супрацоўнікамі ўстановы.

…і ў школьных лагерах

З 30 сакавіка па 4 красавіка ў другой гарадской, а таксама ў Ленінскай і Якаўчыцкай сярэдніх школах працуюць аздараўленчыя лагеры, дзе адпачываюць 96 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў, для іх ладзяцца пазнаваўчыя конкурсы і віктарыны, спартыўныя і забаўляль-ныя мерапрыемствы. Ра-зам са сваімі аднагодкамі школьнікі цікава і з карысцю бавяць час.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.