Любоў да тэхнікі перамагла

Любоў да тэхнікі перамагла


“Кожны павінен быць на сваім месцы. Нехта народжаны, каб стаць кіраўніком ці лячыць хворых, іншы ўсё жыццё будзе будаваць дамы ці працаваць у сельскай гаспадарцы, а мне наканавана круціць абаранак трактара, атрымліваючы асалоду ад навакольных краявідаў, але ж зразумеў я гэта не адразу,” –— адзначае Віктар Іванавіч Пахомскі трактарыст “Жабінкаўскай ПМК-19”.
Той, хто нарадзіўся і вырас ў вёсцы,з маленства добра ведае, што такое праца. Догляд за гаспадаркай і дапамога бацькам у доме аўтаматычна становяцца галоўнымі “хобі” кожнага вясковага дзіцяці. У бацькоў Віктара Пахомскага, малою радзімаю якога з’яўляецца вёска Бяроза, што у Кобрынскім раёне, была даволі вялікая гаспадарка.
— Бацька заўсёды трымаў дзвюх кароў, як і ва ўсіх, былі і цяляты, і свінні, і куры. Сена трэба было нарыхтоўваць, таму з братам яшчэ малымі навучыліся касіць і выконваць ўсе хатнія справы, — успамінае Віктар Іванавіч.
Калі хлопец вучыўся у 8 класе, у калгас прыйшоў новы галоўны інжынер, які ўзяўся за выхаванне падрастаючага пакалення.
— Ён вучыў нас кіраваць трактарам, любіць зямлю, якая корміць усіх нас, ставіць мэты і ўпэўнена дасягаць іх ажыццяўлення, — згадвае Пахомскі. — У той жа год на канікулах я пайшоў працаваць трактарыстам у калгас, а заработную плату адкладваў на тое, каб здзейсніць сваю мару –— купіць веласіпед. А за грошы, заробленыя пасля 9 і 10 класаў, набыў сабе мапед, а потым і матацыкл.
Але ж пасля школы хлопец пайшоў вучыцца на сувязіста, працаваў электраманцёрам у Кобрынскім ЭТВС. Потым яго прызвалі на тэрміновую службу. Служыў Віктар Іванавіч ў Львоўскай вобласці. Пасля войска прадзільна-ткацкая фабрыка стала наступным прыпынкам Віктара Іванавіча, дзе працаваў электраманцёрам-абмотчыкам. Менавіта тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Жабінкаўская дзяўчына пакарыла яго сэрца.
— І перацягнула мяне сюды, — з усмешкай адзначае Віктар Іванавіч. — Цяпер нават не ўяўляецца, што ўсё магло б скласціся неяк інакш. Зараз ужо дачка наша замуж выйшла, а сын вучыцца ў 8 класе, радуе нас поспехамі ў навучанні і спорце.
Першыя два гады на Жабінкаўшчыне працаваў Віктар Іванавіч электраманцёрам на цукровым заводзе. А потым зразумеў, што душа жадае іншага. Нездарма яго з маленства цягнула да тэхнікі. Так і перакваліфікаваўся ў трактарысты. Больш за 17 гадоў адпрацаваў ў саўгасе “Жабінкаўскі”, пакуль не перайшоў на цяперашняе месца працы ў ПМК-19. Дарэчы, тут мужчына працуе ўжо амаль сем гадоў. За гэты час праявіў сябе, як адказны працаўнік і просты, добры чалавек, які заўсёды прыйдзе на дапамогу. Пакуль не завершыць сваю справу,Віктар Іванавіч ніколі адпачываць не пойдзе. Ды і з тэхнікай ён на “ты”! Яго імя занесена ў Галерэю працоўнай славы.
— Работа трактарыста –— сезонная, таму тут не засумуеш. Сёння ты ездзіш з прычэпам, займаешся выраўноўваннем глебы, а заўтра ўжо косіш траву, наводзім чысціню і парадак на каналах. Галоўнае працаваць сумленна. Яшчэ з дзяцінства памятаю словы бацькі: “Намагайся ўсё рабіць добра — дрэнна і без цябе атрымаецца”…
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: трактарыст ПМК-19 В.І.Пахомскі.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top