Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта вёў яго старшыня М.В.Токар.
Напачатку пасяджэння быў узгоднены ў пасадзе галоўны аграном СВК “Рагазнянскі” Віктар Трафімук.
Затым была абмеркавана работа з кадрамі СВК “Маціевічы”. Было адзначана, што ў СВК “Маціевічы” на 1 мая г.г. працавала 185 чалавек, у тым ліку 157 — кадры рабочых прафесій і 28 — спецыялісты. 20% працуючых — моладзь ва ўзросце да 31 года, у асноўным гэта маладыя-спецыялісты з вышэйшай і сярэдне спецыяльнай адукацыяй. У 2010-2012 гадах у калектыў прыйшло 15 маладых спецыялістаў, з іх засталося працаваць 8. Усе маладыя кадры працаўладкаваны згодна са спецыяльнасцю паводле дыпломаў, забяспечаны жыллём у дамах сядзібнага тыпу, ім выплачаны грашовыя дапамогі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Работу праўлення СВК з кадрамі нельга прызнаць здавальняючай. Тут не надавалася пэўнай увагі захаванню, эфектыўнаму выкарыстанню і развіццю таго кадравага патэнцыялу, які ёсць, замацаванню маладых спецыялістаў, што негатыўна адбіваецца на эканамічнай стабільнасці і выкананні прагнозных паказчыкаў. У гаспадарцы вельмі высокая і пастаянна павялічваецца бягучасць кадраў, якая ў 2011 годзе склала 32%, у тым ліку сярод кіруючых работнікаў і спецыялістаў самая высокая ў раёне — 49%, сярод кадраў рабочых прафесій — 28%. Цяпер сельгаскааператыву патрабуецца 6 спецыялістаў зоаветэрынарнага, 2 — агранамічнага, 5 — інжынерна-тэхнічнага профіляў, 8 жывёлаводаў.
Прычынамі такой сітуацыі з’яўляюцца недапрацоўкі кіраўніцтва ў рабоце з кадрамі, месца размяшчэння гаспадаркі — блізасць да Жабінкі, наяўнасць чыгуначнага прыпынку, што дазваляе знаходзіць працу з большай заработнай платай, з гарантаванымі выхаднымі. Значнай праблемай застаецца ненарміраваны, часта без выхадных, ці “разбіты” рабочы дзень. Гэтую спецыфіку работы ў сельскай гаспадарцы магла б кампенсаваць дастойная заработная плата, але яе ўзровень таксама павінен быць лепшым.
Яшчэ ў гаспадарцы не выконваецца патрабаванне аб павышэнні кваліфікацыі кіруючымі работнікамі і спецыялістамі не радзей аднаго разу ў пяць гадоў. Недастаткова ўвагі надаецца вытворча-эканамічнай вучобе кадраў масавых прафесій, не дзейнічае атэстацыйная камісія. Не заўсёды захоўваецца патрабаванне аб штогоднім адпачынку работніку і аб тэрмінах выплаты заработнай платы і адпускных. Матэрыяльна не стымулююцца працаўнікі, якія займаюцца завочна.
Затым на пасяджэнні выканкама было разгледжана выкананне праграмы энергазберажэння, заданняў у эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў і выкарыстанні мясцовых відаў паліва ў 1-ым квартале 2012 года. З дакладам выступіў намеснік старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюк. Адзначалася, што раёнам выконваецца заданне ў выкарыстанні мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў у балансе кацельна-пячнога паліва. Гэты паказчык у 1-ым квартале склаў 34,7 пры даведзеным заданні 34,1%. А вось арганізацыямі раёна своечасова не рэалізуюцца мерапрыемствы праграмы энергазберажэння на 2012 год, што ў сваю чаргу вядзе да невыканання задання ў эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. Не выкананы яны аддзелам адукацыі райвыканкама, СВК “Арэпічы”, райспажыўтаварыствам, УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца”.
Пры абмеркаванні работы аб аказанні платных паслуг насельніцтву ў ФАУ “СК “Бадзёрасць” адзначалася, што карыстаюцца папулярнасцю плаванне, футбол, баскетбол, валейбол, тэніс, більярд і інш. Працуе пяць груп у навучанні плаванню, адна дарослая баксёрская і адна ў таэквандо. Летась спарткомплекс наведалі 54,4 тыс. чалавек за чатыры месяцы сёлета — 27,7 тыс., што на 12,6% больш, чым у аналагічным перыядзе 2011г. У мінулым годзе загружанасць склала 56%. Для павелічэння яе і прыцягнення насельніцтва да заняткаў спортам з 20-ю прадпрыемствамі раёна і вобласці заключаны дагаворы на наведванне спартыўнай установы.
За чатыры месяцы сёлета аказана фізкультурна-аздараўленчых паслуг на 111,2 млн. руб., што на 51,1% больш, чым за адпаведны перыяд летась; пунктам пракату на 1,5 млн. руб., што ў 50 разоў больш. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца паслугі басейна. З верасня сёлета плануецца адкрыць групу для заняткаў вольнай барацьбой. Аказваюцца тут і турыстычна-экскурсійныя паслугі: на 7,9 млн. руб. скарыстана іх турыстамі нашага раёна, што на 12,5% больш, чым у аналагічным перыядзе летась.
Па разгледжаных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top