Падарункі лепшым рупліўцам

Падарункі лепшым рупліўцам

Вясна, здаецца, правярае на трываласць хлебаробаў: “падражнілася” цёплым надвор’ем і зноў уступіла правы зіме. Начныя замаразкі могуць пашкодзіць парасткі зярнятак, што “праклюнуліся” і спяшаюцца выбрацца з глебы насустрач сонцу. Таму напрыканцы мінулага тыдня і ў пачатку гэтага яравая сяўба прыпынілася. Сіноптыкі, праўда, абяцаюць павышэнне тэмпературы паветра, што дазволіць сеяльшчыкам шчыраваць на палях увесь светлавы дзень.
Нягледзячы на капрызы над-вор’я, сяўба ранніх яравых зерневых культур на Жабінкаўшчыне падыходзіць да завяршэння. Чым не нагода павіншаваць лепшых рупліўцаў?
Менавіта з такой місіяй у аўторак у ААТ “Вазнясенскі” завітаў старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланеўскі. Ды, як павялося, з падарункамі. Госць паціснуў напрацаваныя мазолістыя рукі двум механізатарам, нязменным перадавікам гаспадаркі — Пятру Чмуневічу і Васілю Мельніку і ўручыў майкі ды кепкі з лагатыпам саюза і шліфавальныя машынкі.
— Гэтыя падарункі, думаю, спатрэбяцца вам у вольны ад работы час, — зазначыў Аляксандр Паўлавіч. — Дзякуй вам за працу. Вы сееце хлеб, корміце народ. А гэта дарагога каштуе. Малайцы! Дарэчы, жабінкаўскія і маларыцкія хлебаробы ў перадавіках пасля Брэсцкага раёна па сяўбе ранніх яравых культур. Галоўнае, каб вы не забывалі аб правілах бяспекі пры рабоце з тэхнікай.
Пётр Чмуневіч расказаў, што працуе трактарыстам ужо 37 гадоў і ў іншай прафесіі сябе не ўяўляе. Яго калега Васіль Мельнік таксама з тэхнікай на “ты”, дарэчы, ён сёлета атрымаў новенькі “Джон Дзір”. “На ім у полі працаваць — любата. Каробка “аўтамат” дазваляе здорава эканоміць паліва, а ўстаноўленая сістэма навігацыі — сачыць за роўнасцю радочкаў і дакладнасцю высеву. Кабіна трактара — мой кабінет, дзе вельмі камфортна і ўтульна. Так што працую з задавальненнем”.
Дзякуй вам, механізатары, за руплівасць і вернасць сваёй справе. Няхай вас ніколі не падводзяць сталёвыя коні.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top