Дзеля чысціні лесу

З 28 сакавіка па 4 красавіка ўжо ў 13-ы раз у краіне пройдзе рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу”, якую арганізуе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Яе галоўная мэта — папулярызацыя беражлівых адносін сярод насельніцтва да аднаго з галоўных прыродных рэсурсаў краіны, узмацненне экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў.
Штогод да акцыі далучаецца ўсё большая колькасць беларусаў. Так, летась у ёй прынялі ўдзел звыш 52 тысяч чалавек. За тыдзень было высаджана больш як 29 мільёнаў дрэў.
Сёлетняе мерапрыемства будзе прысвечана Году малой радзімы і 75-годдзю Вялікай Перамогі. Далучыцца да акцыі можа кожны: для гэтага дастаткова звярнуцца ў Кобрынскі доследны лясгас (тэл. (801642)2-54-64, 2-26-79).
Усе жадаючыя паўдзельнічаць у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу — 2020” будуць забяспечаны неабходным інвентаром і пасадачным матэрыялам. Ім пакажуць таксама аб’екты, якія маюць патрэбу ў лесааднаўленні.

Аператыўная дапамога

З 20 сакавіка ва ўсіх рэгіёнах краіны БРСМ арганізаваў работу “гарачых тэлефонных ліній” для інфармацыйнай дапамогі пажылым людзям. Даступная такая паслуга і ў нашым горадзе. “Мы зможам аператыўна падказаць тэлефоны тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гігіены і эпідэміялогіі, бліжэйшых устаноў аховы здароўя, — адзначыў першы сакратар Яўген Мацюшын. — Наша маладзёжная “гарачая лінія” працуе штодня з панядзелка па суботу ўключна з 9.00 да 18.00 па нумары (801641) 2-36-25. У перыяд складанага эпідэміялагічнага становішча ў свеце БРСМ праводзіць інфармацыйна-тлумачальную работу з моладдзю праз сацыяльныя сеткі. Расказваем маладым людзям, якія трэба прымаць прафілактычныя меры, каб пазбегнуць каранавіруснай інфекцыі, звяртаем увагу на неабходнасць клапаціцца пра сваё здароўе і прапаноўваць дапамогу родным і блізкім”.

Працоўны дэсант на беразе Палахвы

Дзякуючы ініцыятыве БРСМ #ЗаСправу было арганізавана мерапрыемства, накіраванае на добраўпарадкаванне нашай Жабінкаўшчыны. Актывісты валанцёрскага атрада “Добрае Сэрца” першай гарадской школы Аксана Асійчук, Аляксандр Фунцяеў, Вікторыя Філіпук і Сяргей Пукіта прыбралі тэрыторыю паблізу ракі Палахва (правы прыток Мухаўца).
Дапамагалі неабыякаваму працоўнаму квартэту педагог-арганізатар установы Яўгенія Дземідзюк, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Яўген Мацюшын, старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Мікалай Галавейка. Мікалай Віктаравіч перадаў валанцёрам пальчаткі і мяхі. Апошніх спатрэбілася многа: ад колькасці бытавых і будаўнічых адходаў разбягаліся вочы! Актывісты выдатна справіліся са складанай задачай і прапаноўваюць жабінкаўцам узяць з іх прыклад і не забываць, што нельга пакідаць пасля сябе смецце на ўлонні прыроды.

У аб’ектыве ДАІ — пасяўная

У рэспубліцы стартавала пасяўная кампанія. Пад увагай Дзяржаўтаінспекцыі — сельскагаспадарчая тэхніка. Праваахоўнікі выязджаюць на палі, дзе ўжо пачаліся работы, наведваюць аграпрамысловыя комплексы. Інспектары ДАІ правяраюць тэхнічны стан аўтамабіляў, трактароў, самаходных машын, прычапнога і навяснога абсталявання, а таксама наяўнасць на тэхніцы святлоадбівальнай маркіроўкі і знешніх светлавых прыбораў у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства і наяўнасць допуску да ўдзелу ў дарожным руху.
Вялікую ўвагу супрацоўнікі ДАІ надаюць фізічнаму стану вадзіцеляў і механізатараў, правяраюць наяўнасць алкатэстараў на прадпрыемствах АПК і спецадзення са святлоадбівальнымі ўстаўкамі.
Падчас рэйдаў міліцыянеры гутараць з аграрыямі, нагадваюць пра важнасць захавання асцярожнасці, калі знаходзішся за рулём транспарту.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top