Ці хапае насення і тэхнікі?

Ці хапае насення і тэхнікі?

Цёплая зіма дала аграрыям невялікі перадых, і зноў поле кліча сейбітаў. На Жабінкаўшчыне стартавалі вясновыя палявыя работы. Як ідуць справы ў раёне, пра размеркаванне яравога кліна і іншае расказвае першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Кучынскі.
— Аляксандр Яўгенавіч, што і колькі будзем сеяць сёлета?
— Яравы клін размеркаваны такім чынам: 6870 гектараў зоймуць зерневыя і крупяныя (на 170 гектараў меней, чым летась), 4200 га — раннія яравыя (менш на 760 гектараў), 2350 га — кукуруза на зерне (плюс 580 га), 6100 га — на сілас і зялёны корм (павелічэнне на 390 га), 1300 га — цукровыя буракі (меней на 200 га), 2200 га — аднагадовыя травы (менш на 400 га).
— А якая сітуацыя склалася з насенным фондам?
— Раён забяспечаны насеннем зерневых і зернебабовых культур на 150 % — а гэта ні многа ні мала 1656 тон. Яно падрыхтавана, праверана і адпавядае патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Дастаткова насення эліты пшаніцы, ячменю, аўса, гароху, грэчкі і проса, яшчэ закупім 80 тон эліты зерневых і зернебабовых. Дарэчы, дагаворы на набыццё ўжо заключаны.
Пакуль маем толькі 125 тон насення кукурузы — 66 % да неабходнага. З ТАА “Брэст травы” заключаны дагаворы на набыццё 101 тоны, 69 з іх ужо дастаўлена. Што тычыцца бульбы, то маем 809 тон першай і другой рэпрадукцыі. Насеннем цукровых буракоў сельгасарганізацыі забяспечыць мясцовае “салодкае” прадпрыемства.
— Як вядома, любая культура любіць падкормку і праполку…
— Пад яравую сяўбу нарыхтавана 383,2 тысячы тон арганікі, што складае 107 % да плана, частка яе вывезена на палі і заарана. Уносяцца таксама мінеральныя ўгнаенні. Маем запас 70 % да неабходнага. Азотнымі ўгнаеннямі забяспечаны на 59 %, фосфарнымі — на 23 %, калійнымі — на 105 %. З улікам фінансавання, будзем забяспечаны тукамі на 90 %. Што тычыцца гербіцыдаў для праполкі яравых, то маем іх толькі 27 %. Пакуль дастаткова ў поўным аб’ёме толькі пратручвальнікаў насення і прэпаратаў для правядзенння інсектыцыднай апрацоўкі азімага рапсу.
— Цікава, наколькі гаспадаркі забяспечаны тэхнікай?
— Зазначу, што ў сельгасарга-нізацыях дастаткова тэхнікі, каб правесці вясновую сяўбу ў адведзеныя тэрміны. У нас налічваецца 205 трактароў, з якіх 37 — энерганасычаныя, 21 камбінаваны глебаапрацоўчы і 22 — пасяўныя агрэгаты, восем зерневых сеялак і інш. Летась былі закуплены чатыры “Джон-Дзіры”, К-744 і чатыры глебаапрацоўчыя агрэгаты. Каб падрыхтаваць тэхніку да сяўбы, на яе рамонт было накіравана каля аднаго мільёна рублёў уласных сродкаў, з абласнога бюджэту — 102 тысячы рублёў. Дарэчы, каб адсеяцца, нам спатрэбіцца 670 тон дызпаліва, 40 тон бензіну і 12 тон змазачных матэрыялаў на агульную суму 1 мільён 400 тысяч рублёў.
— Ці будуць аратыя забяспечаны гарачым харчаваннем?
— Абявязкова. Гэтая практыка існуе не першы год. Звычайна гаспадаркі дастаўляюць абеды рупліўцам у поле, каб не губляць час на раз’езды. Стравы для іх гатуюць у кафэ цукровага завода, рэстаране “Вясёлка” або ў сталоўках. Калі надыходзіць самая гарачая пара — жніво, колькасць абедаў павялічваецца. Аграрыі таксама забяспечваюцца рупліўцы чыстай вадой, спецвопраткай, сродкамі індывідуальнай аховы.
Сяўба актыўна вядзецца. У дзень маем “прыбаўку” ў 370 гектараў. За кожнай лічбай стаяць нашы рупліўцы, якія ўжо сёння клапоцяцца пра будучы ўраджай.
Запісала Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top