У згодзе з цэлым светам

У згодзе з цэлым светам

Добраму чалавеку Бог дае доўгі век і чулых людзей навокал. Не раз думала пра тое, калі сустракалася з Кацярынай Міхайлаўнай Казак, якая да апошніх дзён была пры розуме, нягледзячы на тое, што размяняла дзясяты дзясятак. Хоць сама патрабавала клопату, ды пра іншых заўжды клапацілася.
Жыла бабуля Каця ў той частцы Ленінскага, якую мясцовы люд дасюль заве Ацячызнай. Сюды прыехала разам з мужам яшчэ ў 1980-я гады, паходзіла з Расіі.
Быў час, я даглядала за Кацярынай Міхайлаўнай у якасці сацыяльнага работніка. Яна даўно аўдавела, не мела дзетак і радні, але жыла ў згодзе з цэлым светам. Памятаю, усялякі раз, калі праходзіла міма яе хаты, бачыла ўладкаваную кармушку на акенцы, куды зляталіся сінічкі ды вераб’і. Бывала, па-хвалю Міхайлаўну за клопат пра птушак, а яна адразу расцвітала ад усмешкі. Такой прыгожай станавілася! Вельмі любіла кошачак, якія аблегчвалі яе самотны век.
Аднак якім бы доўгім ні было жыццё, яно раней ці пазней заканчваецца. Тады вельмі важна, каб побач аказаліся добрыя людзі. І яны Кацярыну Міхайлаўну на самой справе акружалі. Старая жанчына адчувала клопат ад суседзяў Прыхожкаў, Мішы, што жыў побач (яго прозвішча, на жаль, не знаю, ды ў Ацячызне кожнаму яно вядома), маладой сацработніцы Наташы, якая абслугоўвала Кацярыну Міхайлаўну апошнія гады. Асабліва прыемна, калі так званага простага чалавека заўважаюць улады. І не проста бачаць яго праблемы, але й вырашаюць. Так было і пры жыцці жанчыны, і ў дзень, як надарылася непазбежнае. Сельсавет дапамог, каб усё прайшло па-людску. Непасрэдна пахаваннем адзінокай жанчыны займаўся старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай Лугаўскі. Усё правялі належным чынам, і нават дзень быў гожы, сонечны, калі Кацярыну Міхайлаўну паклалі ў зямлю на рагазнянскіх могілках побач з мужам Іванам.
Хочацца кожнаму, хто не застаўся ўбаку ад лёсу Кацярыны Міхайлаўны, пакланіцца да самай зямлі, няхай Бог ім і іх сем’ям дапамагае ў жыцці.
Марыя ГРЫЦУК, в. Федзькавічы

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro