Пазалаціў ручку?

Такога багатага “ўлову”, бадай, не меў яшчэ ніводзін злодзей. Невядомы забраўся ў дом у аграгарадку Ракітніца і ў адзін момант азалаціўся, бо ўкраў у Вольгі Т. 38200 долараў ЗША, 300 еўра і цэлую кучу залатых рэчаў: два ланцужкі, пару пярсцёнкаў ды завушніцу.
Ці добра спіцца зламысніку, які чужым дабром пазалаціў сабе ручку? Ці не ўздрыгвае ён пры кожным шораху за акном: мо за ім прыйшлі? Бо для таго, каб ён не выкарыстаў украдзенае, узбуджана справа па частцы 4 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса краіны. Следчым трэба знайсці чалавека, які паквапіўся на чужое, а гаспадыні — вярнуць упрыгожванні і грошы.

Думайце пра дзяцей

Са снежня 2008 года Алена П., пазбаўленая бацькоўскіх правоў, рашэннем суда раёна была абавязана кампенсаваць дзяржаве затраты на ўтрыманне яе дачкі, а ў 2018 годзе такое ж рашэнне было прынята і па сыне.
Жанчына працуе ў ЖКГ прыбіральшчыцай. Яна, мусіць, мала думае пра сваіх дзяцей, бо толькі за тры месяцы дапусціла няяўку на працу звыш дзесяці дзён. Таму няпоўным было выкананне штомесячных абавязацельстваў па кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне яе крывіначак.
Чакае матэрыяльнай дапамогі непаўнагадовая дачка і ад бацькі Андрэя В. А ён прагульвае рабочыя дні ды не кампенсуе спаўна затраты на ўтрыманне малой. Супраць такіх гора-бацькоў узбуджаны крымінальныя справы па частцы 2 артыкула 174 КК.

Неўязная дама

Грамадзянка-расіянка Ніна Г. летась пастановай Ленінскага РАУС горада Брэста была падвергнута прымусовай высылцы з нашай дзяржавы ў Расійскую Федэрацыю з забаронай вяртання да 27 лістапада 2029 года. Тым не менш, сёлета 12 лютага яна наўмысна прыбыла ў Беларусь і жыла ў вёсцы Мацеевічы, пакуль яе не затрымалі работнікі райаддзела міліцыі.
За незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы і пражыванне ў Беларусі ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 371-2. Жанчыне давядзецца адказваць на судзе паводле закона нашай краіны.

Гора для Ягора

Напрыканцы 2018 года судом нашага раёна Ягору Г. было вынесена пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды на адзін год і тры месяцы без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу. У крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС асуджаны быў азнаёмлены з парадкам і ўмовамі адбыцця пакарання, прадугледжанымі артыкуламі 48-1 і 55 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Закон ёсць закон, і яго трэба выконваць. Толькі Ягор чамусьці не прытрымліваўся гэтага: не раз і не два парушаў артыкулы названага вышэй кодэкса, за што яму выносіліся афіцыйныя вымовы. Ніяк не мог мужчына ўцяміць, што жартаваць з законам — сабе даражэй. Значыць, гора для Ягора прынёс ён сам.
Сабраныя матэрыялы ўтрымліваюць дастаткова фактаў, якія ўказваюць на тое, што Ягор Г. дапусціў злачынста, прадугледжанае артыкулам 415 Крымінальнага кодэкса рэспублікі. На вінаватага ўзбуджана судовая справа. Такі нярэдка бывае канец, калі чалавек захоча пагуляць у хованкі з законам.

Хто ловіць рыбу чужой вудаю?

Паўгода Вадзім П. не наведваўся на ўчастак, дзе будуе дом. А прыехаў і адразу зразумеў, што нехта пагаспадарыў тут без яго. Ды так пашчыраваў, што зніклі Вадзімавы рыбалоўныя прылады: тры спінінгі з катушкамі, адна тэлескапічная вудачка, адзін жыварыбны садок, два рыбападхопнікі і чатыры падстаўкі пад вудачкі.
Як тут было не схапіцца за галаву: у адначассе згубіў такое багацце! Сам жа колькі збіраў, каб у вольную хвіліну адпачыць дзе-небудзь на беражку з вудаю. Хто пазарыўся на чужое? Вадзім звярнуўся да работнікаў міліцыі, і цяпер заведзена справа па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса краіны. Следчыя адшукалі зламыснікаў — аматараў “павудзіць” у чужой хаце.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.