Нібыта пажар быў учора

Прыкладна паўгода таму ў мікрараёне цукровага завода надарылася бяда — згарэла кватэра. Калі яна палала, дасталося ўсяму дому. Камунальнікі адрамантавалі пад’езд, а аплату за працу ўсклалі на віноўніка пажару. Судовы выканаўца, які нядаўна пабываў на месцы, дзе жыве даўжнік, быў страшэнна ўражаны ўмовамі жыцця грамадзяніна Л. Хоць і прайшоў ужо немалы час пасля таго, як агонь “насваволіў”, гаспадар і не задумваецца аб рамонце кватэры. Ды што там — нават венік, каб прыбрацца, не бярэ ў рукі. Валяецца нават экран некалі вялікага тэлевізара, які не вытрымаў жару. А чалавек як жыў у гэтым памяшканні, так і працягвае сваё неўладкаванае існаванне: паўсюль смецце, куродым ад цыгарэт, поўная безгаспадарлівасць. З такога даўжніка спагнаць нешта надзвычай цяжка.

Фантомныя хаты

Ёсць у раёне невялічкія вёскі з дзіўнай нумарацыяй дамоў. У гэтым упэўніліся супрацоўнікі АПВ. У адной, напрыклад, няма хаты пад нумарам 10, дзе павінен жыць пазычальнік. У другой адсутнічае сёмы дом. Сусед злева кажа: “У мяне хата нумар пяць. А праз плот месціцца ўжо дзявятая”. Вось і даводзіцца судовым выканаўцам шукаць часам дамы-прывіды. У такіх выпадках судовыя вытворчасці выканаць практычна немагчыма. Бо ўзяла жанчына крэдыт, прад’явіла пашпарт з прапіскаю ў доме, што не існуе, а потым, як час прыйшоў вяртаць, пра доўг “забылася”. Выязджае на месца судовы выканаўца — тут і высвятляецца: некалі ў пашпарце была дапушчана памылка, а таму пазыка ўзята жыхаркай хаты, якая не існуе ў сапраўднасці. Вось і ўзнікае праблема, у чые дзверы грукацца, каб нядобрасумленны плацельшчык пагасіў запазычанасць. Гэткіх “лятучых галандцаў” даводзіцца аб’яўляць у вышук. Схавацца пры гэтым няхай і не спадзяюцца. Нездарма ж гаворыцца пра вяровачку, якая канец заўсёды мае. Быў ужо выпадак, што нават за акіянам, у Бразіліі, адшукалі неплацельшчыка з нашых Замошанаў.

Няпроста выцягнуць на святло “ўладара цемры”

З 2013 года мужчына, які заве сябе “грамадзянінам хаосу” і “ўладаром цемры”, не плоціць аліменты. Пры гэтым яго свядомасць нярэдка патанае ў спіртным ды іншых рэчывах, ад якіх звычайнага чалавека вароціць. “Прымайце мяне такім, як ёсць”, — заяўляе мужчына. Аднак, каб з ім пагаварыць ды нагадаць пра доўг перад дзіцём, спецыялістам аддзела прымусовага выканання і міліцыі даводзіцца спачатку прыкласці намаганні, каб выцягнуць на святло “ўладара цемры”. Бо “грамадзянін хаосу” нярэдка хаваецца ад адказнасці ў прамым і пераносным сэнсе.
Раман КУЗНЕЦ, судовы выканаўца раённага аддзела прымусовага выканання

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top