Праз агонь, ваду і медныя трубы

Праз агонь, ваду і медныя трубы

У маі 1990 года ў інтэрв’ю “Сельскай праўдзе” старшыня камісіі па падрыхтоўцы раённай кнігі “Памяць” Соф’я Амельянюк паведаміла, што ўжо складзены сельсавецкія спіскі загінулых воінаў-землякоў, аднак выказала шкадаванне: “На жаль, не абышлося і без недарэчнасцяў”. У якасці прыкладу прывяла імя Мікалая Грачаніка з Задзерці, якога на малой радзіме лічылі Героем Савецкага Саюза. Але гэты факт пры праверцы не пацвердзіўся.
Быў студзень сорак пятага.
Гэты бой на польскай зямлі аб’яднаў імёны трох герояў — украінца Іларыёна Васільевіча Бялова, рускага Сцяпана Сцяпанавіча Шаўрына і беларуса Мікалая Паўлавіча ГРАЧАНІКА (1923–1945).
На правым беразе хуткай паўнаводнай ракі іх было пяцёра, на левым супраць незлічонай варожай сілы засталіся ўтраіх. “Падлікам” фрыцаў і гансаў заняліся кулямёты гвардзейцаў, якія амаль без стомы касілі гітлераўцаў. Аднак перад выпрабаваннем агнём гвардзейцаў чакалі халодныя воды Варты.
Пры фарсіраванні байцы 271-га гвардзейскага стралковага палка 88-й гвардзейскай стралковай дывізіі карысталіся падручнымі сродкамі. Сцяпан Шаўрын змайстраваў плыток і разам са зброяй і другім нумарам свайго кулямётнага разліку пад агнём ворага пераплываў раку. На сярэдзіне Варты плыт перакуліўся. Цячэнне імкліва панесла ў бок праціўніка, у сцюдзёных водах быў згублены родны “дзягцяр”. Аднак дапамаглі гранаты, гвар-дзейцы захапілі нямецкі кулямёт і ўдарылі ворагу з тылу. 12 гадзін яны трымалі абарону, адбілі чатыры контратакі, паклаўшы больш за сотню гітлераўцаў.
У час трэцяй нямецкай навалы ў рукапашным баі быў смяротна паранены іх камандзір — камсорг роты, гвардыі сяржант Іларыён Бялоў, які меў усяго 21 год ад нараджэння. Яшчэ пры фарсіраванні Іларыён Васільевіч, дэманструючы прыклад падначаленым, першым кінуўся ў Варту. Паўзком выбраўся на лёд і адкрыў аўтаматны агонь, увесь час прыкрываў пераправу таварышаў. Немцы спрабавалі паланіць адважнага воіна, але атрымалі некалькі трапна кінутых гранат і, пакінуўшы забітых і параненых, адпаўзлі ў свае траншэі. Аўтамат Бялова не змаўкаў да апошняга імгнення, паспеў скасіць прыблізна да трыццаці гітлераўцаў.
Такую ж колькасць забітых варожых салдат меў на сваім рахунку і наш зямляк — гвардыі радавы Мікалай Грачанік з вёскі Задзерць.
Яны перамаглі агонь і ваду (Бялоў, на жаль, коштам уласнага жыцця), але адолець выпрабаванне меднымі трубамі не змаглі.
5 лютага 1945 года кампалка гвардыі падпалкоўнік Квяткоўскі ўсіх траіх прадставіў да звання “Герой Савецкага Саюза”. Праз два дні камандзір 88-й гвардзейскай асобнай Запарожскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага дывізіі гвардыі генерал-маёр Барыс Панкоў узгадніў прадстаўленні Квяткоўскага.
Аднак ніхто з герояў Героем так і не стаў.
Што стала перашкодаю? Відаць, кароткія штабныя даведкі, у якіх пазначалася, што храбрацы мелі непераадольны “грэх” перад савецкай уладай. Да прызыву ў войска яны жылі на акупаванай тэрыторыі. У выніку загінулы гвардыі сяржант атрымаў пасмяротна ордэн Айчыннай вайны
І ступені, гвардыі радавыя Шаўрын і Грачанік — ордэны Славы ІІІ ступені.
Мікалай Паўлавіч склаў сваю галаву ў баях на берлінскім напрамку, калі да пераможных салютаў заставаліся лічаныя дні. Яго імя ўганаравана сярод землякоў на помніку ў Ракітніцы.
…Згадваючы ў 1990-м пра Мікалая Грачаніка, Соф’я Данілаўна заўважыла: “Гэта гісторыя сведчыць аб тым, што патрэбна старанная праверка любога факта, падзеі”. І праз 30 гадоў гэтыя словы не губляюць актуальнасці.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top