Лукашэнка правёў нараду па эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі

Лукашэнка правёў нараду па эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка заслухаў даклад аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне.

На даклад у Палац Незалежнасці прыехалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Таксама на мерапрыемства паклікалі прадстаўнікоў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

«Я запрасіў вас сёння, каб абмеркаваць эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі. Асабліва гэта важна ва ўмовах каранавіруснага псіхозу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, першапачаткова ён хацеў правесці сустрэчу выключна з вірусолагамі і эпідэміёлагамі: пазіцыя і падыходы міністра аховы здароўя Прэзідэнту вядомы. «Але міністр сказаў, што ён чалавек дзяржаўны і не будзе коўдру цягнуць на свой бок. Думаю, дарэчы будзе, калі міністр аховы здароўя нам даложыць аб сітуацыі, якая складваецца, а вы аб сваім пункце гледжання», — сказаў ён.

«Прыкласці ўсе намаганні, каб беларусы змаглі вярнуцца дамоў»

Прэзідэнт нагадаў, што першы з гэтым вірусам сутыкнуўся Кітай, а затым і азіяцкі рэгіён. Прычым кітайцам удалося справіцца з вірусам, і яны ўжо дзеляцца сваім паспяховым вопытам з іншымі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Прынамсі, у мяне няма такіх фактаў, каб яны не адказалі хоць на адно пытанне або ў нечым адмовілі. У мяне сігналы ад кітайскага боку, што яны гатовы беларусам дапамагчы ва ўсім», — адзначыў ён.

На гэты момант Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла пандэмію. Аднак для Беларусі гэта не мае ніякага значэння, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што ў краіне і раней уважліва ставіліся да барацьбы з інфекцыямі, і не толькі з каранавірусам. «На карце не засталося практычна ніводнай краіны, дзе не пасяліўся б гэты вірус. Але адна справа, калі недзе ў Паўночнай Афрыцы адзін чалавек, а іншая справа, калі за суткі толькі ў Італіі загінулі 475 чалавек. Розніца вялікая», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Многія краіны закрылі сваю тэрыторыю для іншаземцаў. Так зрабілі і пяць краін — суседак Беларусі. «Глупства абсалютнае і несусветнае, і гэта пацвярджаецца ўжо. Гэта ніяк не абараняе Расію. Тым больш закрываюць выбарачна. Але гэта іх справа. Людзі ацэняць усё, што адбываецца ў нас з закрыццём граніц, — заўважыў Прэзідэнт. — Цяпер у свеце штучна створана сітуацыя, калі чалавек не можа трапіць дамоў. Нам трэба прыкласці ўсе намаганні, каб нашы грамадзяне змаглі вярнуцца ў самы бліжэйшы час. Яны павінны быць дома. У бяспецы».

«Самая страшная эпідэмія — гэта паніка»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што самая страшная эпідэмія ў свеце — гэта паніка. Ён пацікавіўся, як складваецца эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі і якія прагнозы па каранавірусе і іншых інфекцыйных захворваннях на бліжэйшыя дні і тыдні. «Справа не толькі ў гэтым каранавірусе, у нас больш праблем з іншымі хваробамі. Якія меры прымаюцца для прадухілення новых выпадкаў завозу ў Беларусь розных вірусаў?» — спытаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі пражывае шмат замежных грамадзян, напрыклад, студэнтаў і супрацоўнікаў замежных прадпрыемстваў. «Ці ахоплены яны паўнацэнным медыцынскім наглядам і лячэннем, як гэта было са студэнтам з Ірана, які, на шчасце, пераадолеў усе гэтыя вірусы і сёння выпісаны?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Асобна ён закрануў работу беларускіх урачоў, падкрэсліўшы, што медыцынскі персанал павінен быць забяспечаны ўсім неабходным і матэрыяльна падтрыманы за нялёгкую, у тым ліку пазаўрочную, работу. У той жа час Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў гэтай сферы праблем няма.

«У Беларусі няма ніводнай смерці ад каранавіруса»

«У канцы зімы — пачатку вясны ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, ідзе пад’ём сезонных інфекцый. Мяне гэта больш за ўсё непакоіць. Размова ў гэтым выпадку не аб каранавірусе, а аб прывычных для нас вострых рэспіраторных інфекцыях, уключаючы грып. Самае небяспечнае, што можа здарыцца ў выніку гэтых вірусаў, — гэта пнеўманія», — заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя параўнальнай статыстыкі за мінулы і гэты гады па колькасці смяротных выпадкаў у выніку пнеўманіі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у 2019 годзе за студзень-люты такіх выпадкаў было 196, цяпер — 138. Усяго з-за захворванняў органаў дыхання за першыя два месяцы мінулага года загінулі 498 чалавек, у пачатку гэтага года — 328.

«Пры гэтым асабліва падкрэсліваю, ні адной смерці пры пацверджанай каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі нашай краіны сёння няма. Дзякуй богу. Хачу пачуць дакладна і па сутнасці, як мы будзем працаваць далей, каб хворых было як мага менш і ўсе яны выздаравелі ад любой інфекцыі», — сказаў Прэзідэнт і перадаў слова міністру аховы здароўя.

Паводле слоў Уладзіміра Караніка, у Беларусі прытрымліваюцца рызыка-арыентаванага падыходу на аснове аналізу існуючых рызык і прагназавання развіцця сітуацыі. «Гэта не першая і не апошняя эпідэмія ў нашым жыцці, таму мы, зыходзячы з мінулага вопыту, прагназуем і параметры развіцця, і цяжкасць наступстваў, і меры, якія накіраваны на тое, каб мінімізаваць урон ад гэтай эпідэміі», — сказаў ён.

Ён таксама адзначыў, што дзякуючы развіццю айчыннай школы лабараторнай дыягностыкі ў Беларусі хутка ўдалося наладзіць вытворчасць уласных тэстаў на выяўленне каранавіруса. «Калі СААЗ апублікавала РНК віруса, наш тэст быў зроблены на працягу тыдня», — заявіў міністр.

Лукашэнка: людзі могуць больш пацярпець ад панікі, чым ад самога каранавіруса

«Нягледзячы на нейкую крытыку з майго боку, я гэты каранавірус называю не інакш як псіхозам і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў ужо многія псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла. Абсалютна ўпэўнены, што гэта чарговы такі ж псіхоз, які камусьці будзе на руку, а камусьці і на шкоду, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Але мы жывём у канкрэтнай сітуацыі і, зразумела, павінны зыходзіць з той абстаноўкі, якая складваецца не толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны. Чаму я сябе так паводжу? Таму што я абсалютна ўпэўнены, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога віруса. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе». На думку Прэзідэнта, цывілізаваны свет страціў розум, а палітыкі пачалі ўжо выкарыстоўваць сітуацыю дзеля сваіх інтарэсаў.

У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хуткае распаўсюджванне захворвання дало магчымасць «узварухнуць» беларускую сістэму аховы здароўя, асабліва вірусолагаў і эпідэміёлагаў. «Добра, што мы з савецкіх часоў захавалі гэту сістэму. А так мы людзей лечым, а што там з эпідэміялагічнай абстаноўкай? Гэты псіхоз прымусіў нас неяк узварухнуцца і ў гэтым напрамку папрацаваць», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка растлумачыў, чаму ў краіне і школах не ўводзяць каранцін з-за каранавіруса

«Усіх, хто едзе з-за мяжы, мы бяром на кантроль. Самае малое падазрэнне, кашляе ці чхае — мы адразу ж тэсціруем. Калі раптам лабараторна пацверджана, мы адразу ўсе кантакты пачынаем знаходзіць і ізаляваць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — І я прааналізаваў усе гэтыя факты: там, дзе мы, перастрахаваўшыся, пачалі збіраць людзей і каранцініць, ні адзін не быў хворы. Усе аказаліся здаровыя. І вось таму кітайцы нам гавораць: не трэба залішне каранцініць, таму што гэта вынікаў не дае. І наш вопыт пацвярджае: за трыма тысячамі чалавек наглядалі — тры тысячы здаровыя». Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі не будуць спрашчаць падыходы да барацьбы з каранавірусам.

Прэзідэнт успомніў пра першы выяўлены выпадак каранавіруса ў Беларусі — інфекцыю выявілі ў іранскага студэнта з БНТУ. У хуткім часе прынялі рашэнне ўвесці каранцін ва ўстанове, нягледзячы на тое, што ў маладога чалавека на той момант прыкмет каранавіруса яшчэ не было. «Калі нехта пачынае панікаваць, пачынаюць прымаць незразумелыя меры», — пракаменціраваў сітуацыю кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што задача Міністэрства аховы здароўя ў першую чаргу — у лячэнні людзей. «Глядзіце за людзьмі. А тых, хто будзе закрываць-адкрываць, у нас хапае», — дадаў ён.

Прэзідэнт таксама выступіў супраць каранціну ў школах і пераносу канікулаў. «Калі бацькі баяцца — не адпраўляйце дзяцей у школу, мы не забараняем», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. На яго думку, калі ў школах аб’явіць канікулы, гэта толькі абвострыць абстаноўку, паколькі дзеці, якія могуць пераносіць каранавірус, іх імунітэт спраўляецца з інфекцыяй, паедуць да бабуль. А пажылыя людзі, наадварот, знаходзяцца ў групе рызыкі. «Мы ж загубім старых людзей! Таму не трэба нічога рабіць. Устаноўлена з 30 сакавіка канікулы — будуць з 30-га. У нас што, у школах праблемы? Няма праблем. А калі мы яшчэ навучым дзяцей, бацькоў, настаўнікаў, тэхнічак своечасова мыць рукі і дэзынфіцыравацца, маску надзяваць, наогул будзе добра. Грамадства пачало ўжо да гэтага прывыкаць. Навошта мы робім непатрэбныя дзеянні там, дзе ў іх няма неабходнасці», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Няма неабходнасці і ў закрыцці граніц, перакананы Аляксандр Лукашэнка. А вось кантроль на іх слабець не павінен, падкрэсліў ён.

У Мінску з-за каранавіруса зменяць расклад грамадскага транспарту і пачатак заняткаў у ВНУ

«Мы дамаўляліся аб тым (Міністэрства аховы здароўя папрасіла), што нам трэба перанесці па часе аўтамабільны транспарт, каб развесці патокі ў аўтобусах рабочых і студэнтаў. Няхай студэнты крыху пазней пачынаюць заняткі ва ўніверсітэтах, яны будуць пазней ехаць на грамадскім транспарце, калі асноўны паток рабочых трапіць на свае прадпрыемствы. Гэта нават будзе зручней і для горада», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэта рашэнне перш за ўсё датычыцца Мінска.

Беларускім грамадзянам таксама рэкамендуецца пры магчымасці пабыць у самаізаляцыі. «Людзям трэба раіць, каб яны заставаліся дома. Трэба мабілізаваць нашы сацыяльныя службы, каб дапамагалі старым, у якіх дзяцей няма, якім ніхто дапамагчы не можа. Трэба іх цяпер апякаць. Трэба ўсё зрабіць, каб яны змаглі выйсці з гэтага сезоннага бязладдзя без страт», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка даручыў наладзіць у краіне вытворчасць рэспіратараў

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў краіне хапае ахоўных касцюмаў, масак і сродкаў дэзынфекцыі. Аднак не наладжана вытворчасць рэспіратараў.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік спецыяльна прынёс на нараду гэты сродак аховы і паказаў яго Прэзідэнту. Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу запатрабаваў перадаць гэты ўзор ва ўрад і даручыў за тыдзень наладзіць у Беларусі вытворчасць рэспіратараў.

«Хвалімся ўсюды — ІТ-краіна, а гэтыя няшчасныя рэспіратары не можам вырабіць. Каб за тыдзень урад прыняў рашэнне, дзе будзе вырабляць. Не праблема станок набыць, — заявіў Прэзідэнт. — Нядобра, што ў Беларусі іх няма. Яны нам спатрэбяцца заўсёды».

Лукашэнка даручыў дапамагчы расіянам вярнуцца з Польшчы на радзіму

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што краіны ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса закрылі свае граніцы, спрабуючы ўберагчыся ад увозу інфекцыі. На думку Прэзідэнта, такія рашэнні ані не пазбаўляюць ад праблемы і штучна ствараюць сітуацыю, калі чалавек не можа трапіць дамоў.

«Вазьміце расіян, якія сёння ў Польшчы: яны не могуць выехаць у Расію. Калі ля нашых граніц сабралася пэўная колькасць расіян, Ігар Пятровіч, вам персанальнае даручэнне: прыцягвайце каго хочаце, але трэба вывезці расіян з Польшчы і дапамагчы ім дабрацца на радзіму», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі.

«Гэта нядобра, што нашы браты там сядзяць, зразумела, у якой сітуацыі. Трэба ім дапамагчы, як бы ў нас ні складваліся адносіны з расійскімі ўладамі. Людзі ні ў чым не вінаватыя», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён даручыў прыцягнуць да вырашэння гэтага пытання Міністэрства замежных спраў і праваахоўныя структуры. «Няхай дапамогуць расіянам пакінуць Польшчу. Вывезіце іх на радзіму, калі расіяне (улады. — Заўвага БЕЛТА) не могуць там разабрацца», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

БелТА

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro