Яе Вялікасць Кніга

Яе Вялікасць Кніга

“Кніжны свет Беларусі: Берасцейшчына” — такую назву насіла вечарына, што ладзілася 11 сакавіка ў сталічнай кнігарні “Светач”. Брэсцкая стала першай з абласцей Беларусі, каму пашчасціла прэзентаваць свае багатыя літаратурныя здабыткі. Бо Берасцейшчына не толькі па алфавіце першая ў Беларусі літаратурнай. Яе паэты і празаікі — стваральнікі сапраўды прыгожага пісьменства.
Пагэтаму мерапрыемства наведалі шматлікія прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, выканаўчай улады, выдаўцы, літаратары, краязнаўцы. І ўсё ж на працягу імпрэзы галоўнае месца і ў прамовах, і на паліцах належала Яе Вялікасці Кнізе — сімвалу духоўнасці ды святла сінявокай нашай Беларусі.

Ад Брэсцкай Бібліі да сённяшняга дня

Па-рознаму можна весці адлік часу. Для літаратурнай Берасцейшчыны пачаткам друкаванага слова стаў дзень, калі ў друкарні Радзівіла Чорнага пабачыла свет Біблія. Летась, калі Брэст святкаваў сваё 1000-годдзе, гэты ўнікальны важкі рарытэт быў падараваны гораду-юбіляру Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Ратапрынтнае перавыданне шэдэўра айчыннага друкарства, зробленае ўжо ў ХХІ стагоддзі, было прадстаўлена на вечарыне як сімвал магутнасці Слова, уладнага над вякамі.
Да слаўнай даты ў жыцці горада над Бугам пабачыла свет і энцыклапедыя “Брэст. 1000”, прэзентаваная складальнікам выдання доктарам гістарычных навук, загадчыкам кафедры Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандрам Вабішчэвічам. Аляксандр Мікалаевіч падрабязна распавёў пра тое, як стваралася кніга, асобна падзякаваў усім, хто дапамагаў пры гэтым, у тым ліку кіраўнікам горада і вобласці. Таму цалкам арганічна было запрасіць на імправізаваную сцэну першага намесніка старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вадзіма Краўчука (здымак 1) і першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Вадзіма Ляўковіча. Яны знайшлі ўзважаныя кранальныя словы, каб душэўна і лаканічна выказаць сваё стаўленне да кнігі і кніжнікаў — аўтараў, друкароў, бібліятэкараў і, канечне, удзячных прыхільнікаў друкаванага слова, якія і ў наш электронны век чытаюць выданні, што “надзейна на разгорнутых сваіх старонках, нібыта птушкі, трымаюць Беларусь”.

Малая радзіма для іх — вялікая

Здаўна вучаць у народзе шанаваць кнігу, нібы хлеб. Каб здабыць веды ці ўзгадаваць колас, колькі трэба папрацаваць розуму ды рукам! За тое ўдзячныя хлебныя нівы і друкаваныя словы абавязкова дадаюць людзям чалавечнасці, мудрасці, дабрыні. Пра гэта распавядалі вядучыя вечарыны Алесь Бадак і Вольга Ваніна. Дарэчы, да кніжнай справы яны маюць непасрэдныя адносіны. Вольга Уладзіміраўна — дырэктар Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі. Аляксандр Мікалаевіч, акрамя таго, што знаны беларускі паэт, узначальвае буйнейшае ў краіне выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Вядучыя крыху “паспрачаліся”, высвятляючы сэнс словазлучэння “малая радзіма”. Паколькі ў зале было шмат людзей, для якіх родны куточак заўсёды самы вялікі і дарагі. Сапраўды карпатлівую, надзвычай патрэбную справу робяць краязнаўцы. Менавіта яны ў сваіх кнігах знаёмяць шырокае кола чытачоў з таямніцамі і скарбамі роднай зямлі. Лічыце, у кожным раёне Брэстчыны ёсць такія апантаныя рупліўцы. Пералік аўтараў, што пісалі і пішуць пра даўніну ды сённяшні дзень нашай вобласці, хоць і заняў не адну хвіліну, усё ж скончыўся прабачэннем перад тымі, каго не згадалі. Ад імя “арміі краязнаўцаў” слова трымаў берасцейскі даследчык унікальных драўляных храмаў Валерый Мароз. Ён і вядомыя гісторыкі Брэстчыны Анатоль Бензярук і Леанід Несцярчук “за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай краязнаўчай літаратуры” атрымалі Ганаровыя граматы з рук міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча.

Нам ёсць чым і кім ганарыцца

Гонар Берасцейшчыны — сусветна вядомы Нацыянальны парк “Белавежская пушча” — здаўна натхняе на стварэнне навуковых манаграфій і мастацкіх твораў, а ў бібліятэках можна адшукаць мноства цікавых кніг, якія распавядаюць пра гісторыю, прыгажосць, жывёльны і раслінны свет запаведніка. Уявіце, нашай пушчы прысвечана больш за 25 тысяч выданняў! Таму сказаць нешта новае, адшукаць раней недаследаванае — надзвычай цяжкая справа. І ўсё ж гэта аказалася па сілах арнітолагу Мікалаю Чаркасу — аўтару кніг “Белавежскі цуд” і “Царскія паляванні ў Белавежскай пушчы. Старонкі гісторыі”. Разам з дырэктарам выдавецтва “Беларусь” Сяргеем Пешыным вучоны прэзентаваў свае яркія выданні. Пры гэтым прызнаўся: “Я з Казахстана, сфера маіх навуковых інтарэсаў — птушкі пустыні. Але Белавежская пушча — настолькі багаты куток на Зямлі, што яна не магла пакінуць маё сэрца абыякавым”.
Важкія (у прамым сэнсе) кнігі іншага аўтара Уладзіміра Ліхадзедава вядомыя як у нашай краіне, так і за мяжой. Амаль у кожнай з іх — унікальныя старыя фотаздымкі з калекцыі Уладзіміра Аляксеевіча, прысвечаныя гарадам і вёскам Брэстчыны. Дзякуючы гэтым выданням, якія, прынамсі, Прэзідэнт Беларусі дарыў кіраўнікам Расіі, Турцыі, Ізраіля, Казахстана, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, пра Берасцейшчыну гістарычную ведаюць ва ўсім свеце. І нам сапраўды ёсць кім ганарыцца. Нездарма на выставе кнігі Ліхадзедава, прысвечаныя Тадэвушу Касцюшку, Адаму Міцкевічу, Напалеону Ордзе, займалі пачэснае месца. Невыпадкова згадваліся імёны славутых нараджэнцаў нашай зямлі: касманаўта Пятра Клімука, лётчыкаў-герояў Сяргея Грыцаўца і Уладзіміра Карвата, першага прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага, тэатральных дзеячаў Уладзіслава Галубка і Рыгора Шырмы, алімпійскіх чэмпіёнак Юліі Несцярэнка і Надзеі Астапук, мастакоў Мікалая Кузьміча, Нікадзіма Вашчука, Юрыя Хілько і многіх-многіх іншых.
Са свайго боку, на цудоўнай беларускай мове ад імя дэпутацкага корпуса Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь да прысутных звярнулася народная абранніца ад горада Брэста Марына Васько.
Антон БЕРАСТОК
Фота аўтара


Фальклорны калектыў з Лунінеччыны.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top