Раманава спатканне ды чужая пластыкавая картка

Раманава спатканне ды чужая пластыкавая картка

Рабочы дзень Надзеі С. пачаўся а шостай гадзіне раніцы. Неўзабаве на яе мабільны тэлефон прыйшла з банка эсэмэска: з яе рахунку знята 20 рублёў. Не паспела жанчына здзівіцца гэткаму “цуду тэхнікі”, як піскнула новае паведамленне: у вас, паважаная, яшчэ 22 рублі быццам карова языком злізала… Тут ужо час не здзіўляцца, а хвалявацца. І было чаму: банкаўская картка была пры Надзеі ў кішэні, а значыцца, ніхто па ёй не мог вось так проста разлічвацца… Жанчына неадкладна пазваніла ў ААТ “Белаграпрамбанк” і папрасіла, каб яе рахунак заблакіравалі.
Вярнуўшыся з працы, Надзея пацікавілася ў дачкі Юлі, але тая нічога пра знятыя грошы не ведала. Аказалася, была яшчэ адна эсэмэска, а ўсяго з рахунку забрана 44 рублі. Назаўтра жанчына пайшла ў банк, каб разабрацца, хто ўсё-такі пакарыстаўся яе сродкамі, і, калі атрымала выпіску з рахунку, звярнулася ў міліцыю.
Была ўзбуджана крымінальная справа. У ходзе праверкі выйшлі на непаўналетняга Рамана Ю., які жыў на той жа вуліцы, што і Надзея С.
Вечарам у хлопца было спатканне з Надзеінай дачкой Юляй. Маладыя людзі пагулялі-пагулялі па вуліцы ды і зайшлі да дзяўчыны ў дом. Знаходзячыся ў пакоі, хлопец заўважыў на стале банкаўскую картку, што належала Юлінай маці.
Трэба сказаць, перад тым Раману выпала прачытаць у сусветнай павуціне: калі ведаць рэквізіты карткі, дык можна ажыццяўляць плацяжы цераз інтэрнэт, пры гэтым нават не абавязкова знаць пін-код карты. Юнаку было вельмі заманліва праверыць, ці ўдасца гэткім чынам набыць грошай. Таму, як Юля на некаторы час выйшла з пакойчыка, не зусім рамантычны Рома перафатаграфаваў рэквізіты банкаўскай карткі на камеру свайго мабільнага тэлефона. А назаўтра раніцай зняў з яе грошы.
Але аднаго раза злодзею заўжды бывае мала. Цягне паўтарыць… Падумаў — і зрабіў зноў, а потым і ў трэці раз. Вось і “пабагацеў” Раман у адзін момант на цэлыя 44 рублі.
Пры гэтым юнак забыў звычайны жыццёвы закон: калі ў цябе нешта прырастае, дык у некага на такую ж суму змяншаецца. А калі робіцца тое без дамоўленасці з супрацьлеглым бокам, дык гэта ўжо злачынства, якое падпадае пад артыкул закона.
Суд прызнаў Рамана вінаватым у крадзяжы маёмасці шляхам увядзення ў камп’ютарную сістэму лжывай інфармацыі, спалучанай з несанкцыянаваным доступам да камп’ютарнай інфармацыі.
На аснове часткі 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў адпаведнасці з пунктам 1 часткі 2 артыкула 117 КК суд прымяніў да Рамана Ю. прымусовыя меры выхаваўчага характару ў выглядзе перасцярогі, растлумачыўшы непаўналетняму вынікі паўторнага здзяйснення злачынства. Паводле артыкула 81 Крымінальнага кодэкса рэспублікі за вінаватым ажыццяўляецца прафілактычнае назіранне.
А частка 1 артыкула 46-1 КК абавязала прымяніць да яго спецыяльную канфіскацыю — забраць у даход дзяржавы мабільны тэлефон “Xiaomi Redmi Note 5A”, якім было здзейснена злачынства.
Такім быў вынік той сустрэчы. Можа, ён навучыць юнака надалей не быць сквапным да чужога ды не “эксперыментаваць” з законам?..
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top