Дапытлівыя і напорыстыя

Дапытлівыя і напорыстыя


Традыцыйна напрыканцы навучальнага года з ініцыятывы аддзела адукацыі райвыканкама праводзіцца цырымонія ўшаноўвання тых, хто прынёс славу школе, хто абараняў гонар раёна ў алімпіядах. Сярод удзельнікаў свята былі таксама самыя актыўныя ў навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах, спартсмены, спевакі, мастакі… Словам, усе тыя, хто багаты інтэлектуальна, ініцыятыўны, няўрымслівы, хто ў будучым будзе працаваць дзеля росквіту нашай краіны. На цырымонію “Зоркавы Алімп-2012” прыйшлі педагогі і бацькі, якія распазналі гэтыя зорачкі, запалілі і дапамагаюць ім разгарэцца ярка-ярка.
Слова для прывітання даецца бяззменнай захавальніцы жабінкаўскага зоркавага Алімпу, намесніку начальніка аддзела адукацыі райвыканкама К.М.Сіда. “Веды і мудрасць упрыгожваюць чалавека любога ўзросту, — гаворыць Кацярына Мікалаеўна. — У вытокаў зоркавага Алімпу было 40 таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Штогод колькасць іх павялічваецца. У сёлетнім навучальным годзе ў рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях удзельнічала звыш дзвюх соцень вучняў. Восем самых здольных школьнікаў Жабінкаўшчыны занесены ў банк дадзеных рэспублікі. Выказваю шчырую ўдзячнасць вучням за ўседлівасць, жаданне ведаць як мага больш, а бацькам — за падтрымку сваіх дзяцей, педагогам — за ўменне заўважыць здольнасці і развіць іх”.
Вядучыя цырымоніі знаёмяць з пераможцамі і прызёрамі раённых алімпіяд, хто абараняў гонар Жабінкаўшчыны ў вобласці. Іх амаль два з паловаю дзясяткі.


Перамаглі ў абласным туры і прывезлі дыпломы розных ступеняў з першай гарадской Яна Пракапчук у рускай мове, Юлія Вярэніч у абслуговай і Мікіта Алехнік у тэхнічнай працах, з трэцяй гарадской Алена Даманская ў біялогіі, з ліцэя Кацярына Сакалоўская ў рускай мове, з Якаўчыцкай адзінаццацігодкі Дар’я Даманская ў біялогіі, з Ленінскай сярэдняй школы Аляксей Лось у грамадазнаўстве. Пахвальныя водгукі атрымалі Юлія Мяснікова з СШ №1 г.Жабінка ў абслуговай працы і Ігар Дошчык з СШ №2 г.Жабінка ў тэхнічнай працы. Цудоўна, што ў школах ёсць вучні, веды і розум якіх прыносяць славу ёй. Яны гонар і надзея будучыні краіны.
На рэспубліканскім небасхіле таксама прыкметныя жабінкаўскія разумнікі і разумніцы, якія ўдзельнічалі ў заключным этапе алімпіяд. З пахвальнымі водгукамі вярнуліся Юлія Вярэніч і Аляксей Лось.
З цёплымі пажаданнямі поспехаў юным зорачкам Алімпу выступіла начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Вера Бортнік, якая таксама ўручыла каштоўныя падарункі пераможцам раённых алімпіяд у здаровым ладзе жыцця і прававых ведах Ангеліне Булыга і Наталлі Бакун з СШ №3 г.Жабінка, Ганне Жук з Азяцкай і Кацярыне Гутчанка з Ленінскай школ.
Ад імя педагогаў шчырае слова здольным вучням і іх настаўнікам сказала Ларыса Уладзіміраўна Поўх з Ленінскай школы. Яна зазначыла, што гэтыя зорачкі не толькі гонар школ, а й вынік працы бацькоў, педагогаў і, вядома ж, саміх хлопчыкаў і дзяўчынак. Працы крэатыўнай, творчай, штодзённай. Яшчэ  настаўніца заклікала не засмучацца, калі не атрымалі дыпломаў, не зайздросціць пераможцам і прызёрам, таму што не будзе творчасці. Узбагачацца ведамі трэба штодня і прыйдзе поспех.
Пад час цырымоніі гаварылася і пра вучняў, якім узысці на Алімп дапамаглі дапытлівасць, цікаўнасць, а дабіліся пераможнага выніку ў конкурсе доследных работ. Так, вучні і педагогі Ракітніцкай школы атрымалі дыплом ІІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу на лепшы летапіс пра населены пункт; дзіцячы танцавальны ансамбль “Гарэзы” з раённага цэнтра дзіцячай і моладзевай творчасці заняў першае месца ў Міжнародным конкурсе “Мы — разам” у намінацыі “Народныя танцы”; фальклорны ансамбль “Дараносіца” — другое месца ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячых фальклорных калектываў “Вясновы танок”. Нямала і індывідуальных перамог, але ўсіх не пералічыш.
В.а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Марыя Маісеенка ўручыла граматы актыўным удзельнікам у грамадска карысных справах моладзевай арганізацыі і пажадала быць заўсёды дапытлівымі, не забываць педагогаў.
Як бачым, на зоркавым Алімпе ў нашым раёне так многа здольных, таленавітых дзяцей. Асабліва прыемна, калі яны ствараюць прыгожае: мастакі, паэты, музыкі, спевакі, спартсмены… Усіх іх аб’ядноўвае творчасць, талент, фантазія. Большасць з іх свае здольнасці развіваюць у гуртках раённага цэнтра творчасці. Назавём найлепшых спартсменаў раёна: Раман Ліхван, у якога ІІІ месца ў Міжнародным турніры ў боксе, Юлія Актысюк — чэмпіён вобласці ў плаванні, Валянціна Ястрабкова, у якой другі разрад у плаванні і Павел Пахомскі, першаразраднік, чэмпіён вобласці ў таэквандо.
Поспехамі вучняў ганарацца сябры і педагогі, бацькі… Наперадзе ў іх вучоба, карпатлівая праца, новыя алімпіяды і конкурсы, вядома, новыя перамогі.


Напорыстасці і дапытлівасці ім! Верыцца, што інтэлектуальныя зорачкі, запаленыя ў школе, з часам будуць узнімацца ўсё вышэй і свяціць усё прыкметней і ярчэй!
Людміла КОСЦІНА.
Фота Дар’і Падаліснкай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top