Калі заплакалі бярозы

Калі заплакалі бярозы

Не хочацца земляробу развітвацца з жыццём, асабліва ў пару, калі абу-джаная зямля чакае свайго аратага, моцна буяюць веснавыя воды ды пачынаюць плакаць салодкім сокам белыя бярозы.
Родную хату 22-гадовы азятчук Давыд Фёдаравіч ФЕДАСЮК (1918-1945) пакінуў восенню саракавога, прызваны Жабінкаўскім РВК у Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію. Думаў, на год-другі — атрымалася назаўжды.
Развітаўся ля парога з бацькамі, старэйшым братам. Хто ж тады мог уявіць, што Аляксей Фёдаравіч ФЕДАСЮК (1914-1941?) і сам хутка апране шынель. За месяц да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Аляксея прызавуць на зборы ў Брэсцкую крэпасць, залічаць у 333-і стралковы полк 6-й Арлоўскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі. Нямецкая ўварванне баец з Азятаў сустрэне ў Цытадэлі над Бугам, але паваюе зусім нядоўга — ужо ў ліпені 1941 года прападзе без вестак.
А вось малодшаму брату выпалі вельмі доўгія ваенныя дарогі, якія прывялі амаль да нацысцкага логава. Ён загінуў роўна 75 гадоў таму — 11 сакавіка 1945 года, усяго за два месяцы да Перамогі.
Вялікую Айчынную часам завуць вайной матораў, аднак гэта было і апошняе ліхалецце, у якім актыўна яшчэ карысталіся баявой конніцай. Федасюк трапіў у 7-ы гвардзейскі асобны дывізіён сувязі, які быў у складзе 7-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса.
Сваю франтавую адысею Давыд Фёдаравіч пачаў у сакавіку 1943 года, служыў з адвагаю, умела. Таму неўзабаве ўзначаліў аддзяленне тэлеграфна-кабельнага эскадрона, стаў гвардыі старшым сяржантам. Федасюкова часць была ў ліку першых, каму давялося вызваляць беларускія землі (яшчэ задоўга да пачатку маштабнай аперацыі “Баграціён”).
У лістападзе сорак трэцяга коннікі гвардыі генерал-маёра Міхаіла Канстанцінава сапраўдным кавалерыйскім наскокам прарвалі фронт і перайшлі мяжу БССР. Давыд Федасюк вызначыўся ў баях за мястэчка Васілевічы (зараз — горад на Гомельшчыне), дзе яго аддзяленне забяспечвала непарыўную правадную сувязь штаба з наступаючай 15-й гвар-дзейскай кавалерыйскай дывізіяй. За гэты подзвіг грудзі малодшага камандзіра 3 снежня ўпрыгожыў ордэн Чырвонай Зоркі.
Далейшы баявы шлях пралягаў па землях Украіны і Польшчы. Сваю другую ўзнагароду Давыд Фёдаравіч атрымаў, на жаль, пасмяротна. Вось вынятка з прадстаўлення да ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені, якое было зацверджана праз дваццаць дзён пасля смерці кавалерыста-гвардзейца: “Гвардыі старшы сяржант Федасюк служыў камандзірам аддзялення, неаднаразова выконваў баявыя заданні. Пры арганізацыі сувязі з гаспадарскім дваром Юлінгаў працаваў пад агнём праціўніка з рызыкай для жыцця. 7 сакавіка пры выкананні задачы гвардыі старшы сяржант Федасюк быў цяжка паранены. Сваёй самаадданасцю садзейнічаў баявому поспеху нашых войскаў”.
Параненага адвезлі ў медсанбат, але ўратаваць не змаглі: праз чатыры дні яго не стала. Давыд Федасюк быў пахаваны ў Наўгардзе, які пасля вайны быў перададзены Польшчы. Зараз гэта горад Навогард, размешчаны ў Заходне-Паморскім ваяводстве.
…У 1985 годзе на самым версе некаму прыйшла ў галаву “геніяльная” ідэя наштампаваць мільёны ордэнаў Айчыннай вайны і раздаць іх ветэранам, якія дажылі да 40-годдзя Перамогі. Аднак тыя, хто ваяваў, цудоўна разумелі розніцу паміж узнагародай, за якую плацілі крывёю і нават жыццём у акопах пад Варшавай, Берлінам, Кёнігзбергам, і пасляваенным ордэнам, практычна “апушчаным да ўзроўню юбілейнага медалька”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: імёны братоў Федасюкоў пазначаны на помніку загінулым землякам у аграгарадку Азяты.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top