“Зямля пад белымі крыламі”

Такую назву меў рэспубліканскі інтэрнэт-конкурс літаратурных работ, прысвечаны 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча. Сярод пераможцаў і юныя жабінкаўцы, якія па-майстэрску валодаюць родным словам, спрабуюць свае сілы ў паэзіі і прозе. Так, дыпломам другой ступені абласнога этапу конкурсу адзначаны лепшы вершаваны твор Веранікі Ліцкевіч з першай гарадской школы. Шасцікласніца напісала яго паводле казкі “Нямоглы бацька”. А Вольга Друшчыц са Старасельскай адзінаццацігодкі прысвяціла свой нарыс “Зямля пад белымі крыламі” любаму куточку . У яе таксама дыплом другой ступені.

У “палку” вучоных прыбыло!

Вядома, што з Жабінкаўшчынаю звязаны лёсам каля сарака навукоўцаў. І вось — прыемная навіна: у “палку” вучоных прыбыло! Кандыдацкую дысертацыю ў Белдзяржуніверсітэце паспяхова абараніла жабінкаўчанка Аксана Яўгенаўна Супрыновіч. Тэма яе навуковай работы: “Тыпалагізацыя міжмоўных лексічных паралеляў (на матэрыяле беларуска- і нямецкамоўных лексікаграфічных крыніц)”. Кандыдацкая створана пад навуковым кіраўніцтвам доктара філалагічных навук, прафесара Алены Мікалаеўны Рудэнка.

“Выбіраем студатрад!”

Акцыя пад такой назвай стартавала 5 сакавіка па ўсёй Беларусі. У РК ГА “БРСМ” заўважылі, што вельмі актыўна яна будзе праводзіцца на Жабінкаўшчыне. Галоўная задача праекта — інфармаваць маладых людзей аб магчымасці папрацаваць у трэцім працоўным семестры ў складзе студэнцкіх атрадаў. Актывісты маладзёжнай арганізацыі будуць расказваць пра іх дзейнасць, а таксама прымаць заяўкі ад тых, хто хоча карысна правесці свой летні адпачынак. Акцыя прадоўжыцца да чэрвеня, а жадаючыя ўвайсці ў склад студатрадаў ужо могуць звяртацца да першага сакратара Яўгена Мацюшына.

Масленіцу віталі, блінамі частавалі

У Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна прайшло святочнае мерапрыемства “Вітаем Масленіцу”. На яго былі запрошаны бацькі навучэнцаў і выхаванцаў, а таксама маладыя інваліды з тэрытарыяльнага цэнтра. На свята зазірнулі таксама скамарохі, Зіма і, вядома ж, Вясна. Зіма, развітваючыся, правяла з дзецьмі цікавыя гульні, прапанавала ім адгадаць загадкі, а Вясна-красуня запрасіла малечу на вясёлы танец “Карусель”. Масленіца традыцыйна парадавала не толькі конкурсамі ды забавамі, але й смачнымі цёплымі блінамі з гарачай гарбатай і самым розным варэннем.

У агульнай перамозе – уклад і нашых баксёраў

У Мінску прайшоў пяты тур рэспубліканскай юнацкай лігі бокса. У ім баксёры Брэстчыны сустрэліся са сваімі сапернікамі з Гродзеншчыны. У выніку праведзеных баёў брастаўчане перамаглі з лікам 8:7. У складзе зборнай Брэсцкай вобласці выступілі выхаванцы СДЮШАР Жабінкаўскага раёна Павел Клімовіч і Аляксей Піўчык. У сваёй вагавой катэгорыі Аляксей атрымаў упэўненую перамогу, тым самым зрабіў свой уклад у агульны камандны вынік.

Будзь прыкладам!

З 6 па 15 сакавіка на Жабінкаўшчыне праводзіцца ініцыятыва “Будзь прыкладам для свайго дзіцяці!”. У яе рамках Дзяржаўтаінспекцыя ажыццяўляе комплекс мерапрыемстваў па прафілактыцы і папярэджанні ДТЗ з удзелам непаўнагадовых. Сумеснымі намаганнямі можна ў простай і зразумелай форме растлумачыць дзецям правілы дарожнага руху. Самы дзейсны спосаб — асабісты прыклад! Дарослыя павінны памятаць, што менавіта яны ўплываюць на фарміраванне бяспечных паводзінаў на дарозе ў дзяцей.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top