19 мая залы спарткомлекса “Бадзёрасць” у шосты раз сталі месцамі правядзення галіновай спартакіяды працаўнікоў аграпрамысловага комплексу.
Мерапрыемства пачалося шэсцем удзельнікаў. Дзевяць каманд у васьмі спартыўных відах спрачаліся за права называцца самымі моцнымі, спрытнымі, хуткімі. Арганізатары спартакіяды раённы камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.
Перад прэідыумам спаборніцтваў — старшынёй райвыканкама Мікалаем Токарам і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Нінай Калыбскай справаздачу трымае галоўны суддзя спаборніцтваў Вячаслаў Сацюк. Пад урачыстыя гукі гімна капітан мінулагодніх пераможцаў — цукровазаводскай каманды Юрый Панасюк узнімае Дзяржаўны сцяг і сцяг Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Каманды-ўдзельніцы атрымалі ў падарунак духмяныя караваі і танцавальныя віншаванні ад дзяўчынак з “Цукарынкі”.
Першымі спартыўнае майстэрства паказвалі кіраўнікі прадпрыемстваў у ціры. Найлепшым у стральбе з пнеўматычнага пісталета стаў дырэктар ПУАП “Азяты” Сяргей Шык. Ён біў у мішэнь надзвычай паспяхова, а з апошняга стрэлу пацэліў нават у яблычка. Другім сярод стралкоў прызнаны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Васіль Волк, “бронза” ў старышні СВК “Шпіталі” Віктара Марковіча.
У дартсе зладжаныя дзеянні паказала ракітніцкая каманда. Віктар Цікунс (ён стаў першым сярод мужчын) і Марына Ахметава разам выбілі роўна 500 балаў. Сярод жанчын лепшай у гэтым спаборніцтве была Жанна Трафімук з СВК “Рагазнянскі”.
Доўгаю і ўпартаю выдалася барацьба за тэніснымі сталамі. Тут перамогу святкаваў дуэт Ганны Данільчанкі і Аляксандра Шкуратава з ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, другімі і трэцімі сталі тэнесісты сегаскалектываў са Шпіталёў і Хмелева.
Найлепшымі шашыстамі прызнаны Міхаіл Чарнецкі з камбікормавага завода і Наталля Румачык з Ракітніцы, якія не пакінулі ніякіх шанцаў сваім сапернікам.
У гіравым спорце вызначаліся пераможцы ў трох вагавых намінацыях. Імі сталі Яўген Раманюк з СВК “Рагазнянскі”, Віталь Міхеенка з цукровага завода, Павел Шыдловіч з ААТ “Жабінкаўскі”. (Апошні ўвогуле паказаў найлепшы вынік: падняў гіру ажно 120 разоў).
У гэты час на спартыўнай пляцоўцы каля другой гарадской школы разгортвалася спаборніцтва ў лёгкаатлетычным шматбор’і. Найбольш удала выступілі тут сярод мужчын Руслан Лучынскі з каманды цукровага завода, сярод жанчын — Наталля Смалюк з камбікормавага завода. У шматбор’і завадчане занялі адпаведна першае і другое месцы, а на трэцім радку апынуліся рагазнянцы.
Затым спартсменаў чакалі блакітныя дарожкі басейна. У эстафеце першынство было ў плыўцоў з цукровага, за імі на прызавых месцах апынуліся прадстаўнікі камбікормавага завода і ААТ “Ракітніца”.
Апошнімі выйшлі паспрачацца ў сіле мужчыны ў перацягванні каната. У фінале сустрэліся завадчане. Напружаная барацьба завяршылася перамогай волатаў з камбікормавага завода.
І вось — прыемны доўгачаканы момант: лепшыя з лепшых атрымліваюць дыпломы і грашовыя ўзнагароды за перамогу і прызавыя месцы.
Пераможцай VI раённай галіновай спартакіяды работнікаў аграпрамысловага комплексу стала каманда ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. На другім месцы — цукравікі, на трэцім — спартсмены з Ракітніцы. Прадстаўнікі СВК “Рагазнянскі” адзначаны дыпломам і грашовай ўзнагародай за волю да перамогі.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: узнімаюцца сцягі спаборніцтва; да ўдзельнікаў VI раённай спартакіяды работнікаў аграпрамысловага комплексу звяртаецца старшыня райвыканкама М.В.Токар; каманда пераможцаў з ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”; у гарачыя хвіліны спартыўнай барацьбы.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.