Верны клятве Гіпакрата

Верны клятве Гіпакрата

Больш за сорак жабінкаўцаў праславілі сябе на навуковай ніве. Найбольшую колькасць складаюць медыкі і сярод іх сапраўднай зоркаю першай велічыні ззяе імя Рыгора Паўлавіча Шораха (1930-2013), якому споўнілася б 90 гадоў.

Рыгор Паўлавіч прыйшоў на свет у невялічкай вёсцы Налезнікі 3 сакавіка 1930 года. Яго дзяцінства і сталенне прыпала на цяжкія часы вайны. Калі стала магчыма наведваць школу, меў сапраўдную прагу да ведаў. Паспяхова закончыў Мінскі медінстытут і ў 1954-м
паехаў па размеркаванні на Магілёўшчыну, дзе лячыў пацыентаў у Красіне ды Клічаве.
Пры гэтым малады ўрач, які ніколі не забываўся пра навуку, стаў аспірантам у роднай альма-матар і на кафедры агульнай хірургіі ў 1961 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, а затым (у 1975-м) і доктарскую.
Ён меў усяго паўвека за спінай, калі стаў прафесарам шпітальнай хірургіі. У тым жа, юбілейным для сябе 1980 годзе, Рыгор Шорах на конкурснай аснове быў абраны загадчыкам кафедры неадкладнай хірургіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў.
У памяці тых, з кім яго зводзіла жыццё, Рыгор Паўлавіч застаўся таленавітым арганізатарам аховы здароўя, сапраўды высокім прафесіяналам, які заўсёды быў адданы сваім пацыентам і клятве Гіпакрата.
23 сакавіка 1993 года ён стаў першым айчынным хірургам, што выканаў лапараскапічную халецыстытэктамію пры вострым халецыстыце. У клініцы, якую ўзначальваў прафесар Шорах, упершыню ў Беларусі праводзіліся эндаскапічныя аперацыі без прымянення скальпеля.
Апроч таго, Рыгор Паўлавіч быў высокаэрудыраваным педагогам, чые лекцыі і даклады адлюстроўвалі важныя дасягненні айчыннай і замежнай хірургіі. У выніку пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны каля дзясятка доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. За доўгае жыццё ў навуцы Рыгор Шорах паспеў стаць аўтарам больш за 450 прац, у тым ліку чатырох манаграфій, васьмі вынаходніцтваў.
Дзейнасць прафесара з Налезнікаў не засталася незаўважанай на самым высокім узроўні: ён атрымаў медаль Пірагова, у 1988-м узнагароджаны знакам “Выдатнік аховы здароўя СССР”, а праз дзесяцігоддзе стаў “Заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь”. Нарэшце, у 1999-м Рыгор Паўлавіч абраны дзейсным акадэмікам Беларускай акадэміі медыцынскіх навук. Адначасова ўзначальваў праўленне таварыства хірургаў Мінска, загадваў кафедрай прыкладной хірургіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў, быў намеснікам старшыні Савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па хірургіі.
Памёр наш выдатны зямляк 26 красавіка 2013 года.
Шляхам бацькі пайшоў сын. Сяргей Рыгоравіч Шорах закончыў Мінскі дзяржаўны медінстытут, у 2003-м абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Аптымізацыя дыягностыкі і лячэння ўскладненага вострага халецыстыта”. У 2005 годзе навукоўцу-медыку прысвоена вучонае званне дацэнта, ён стаў аўтарам сямі патэнтаў на вынаходніцтвы. Сяргей Шорах — дзейсны сябра таварыства хірургаў-гепатолагаў Расіі і краін СНД, а таксама таварыства хірургаў Рэспублікі Беларусь.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top