Заслужаная ўзнагарода

У сярэдняй школе № 8 Брэста імя Героя Беларусі Уладзіміра Карвата адбыўся IV пленум Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. На ім падвялі вынікі дзейнасці аддзялення за мінулы год, агучылі задачы актыву па арганізацыі міратворчай і дабрачыннай дзейнасці на сёлетні ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама ўручылі ўзнагароды. Так, старшыня Жабінкаўскага раённага аддзялення Беларускага фонду міру Анатоль Шалтанюк уганараваны нагрудным знакам “Заслужаны міратворац”. Віншуем з узнагародай!

Турнір выявіў лепшых валейбалістаў

У мінулую суботу на базе СШ № 3 Жабінкі адбыўся турнір па валейболе сярод работнікаў сістэмы адукацыі раёна памяці воіна-афганца Васіля Дудара. Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі раённы камітэт беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і аддзел па адукацыі райвыканкама. У мерапрыемстве прынялі ўдзел пяць каманд: трох гарадскіх школ, Ленінскай адзінаццацігодкі і ЦКРНіР. Ва ўпартай барацьбе перамаглі валейбалісты СШ № 1, на другім месцы прадстаўнікі Ленінскай школы, на трэцім — каманда СШ № 3. Удзельнікі турніру ўзнагароджаны дыпломамі і граматамі, заахвочаны грашовымі прэміямі.

“ШАГ” на армейскім пляцы

Падчас правядзення праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” па тэме “Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь: на варце бяспекі і суверэнітэту” юнакі, вучні восьмых і дзявятых класаў другой гарадской школы наведалі 38-ю Брэсцкую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую Венскую Чырванасцяжную брыгаду.
У нефармальных абставінах дзеці пагутарылі з першым сакратаром Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Юрыем Сегенюком, з вайскоўцамі, афіцэрамі ваеннага камісарыята, даведаліся, як сёння праходзіць тэрміновая служба.
Затым салдаты паказалі невялікі канцэрт і прапанавалі гледачам прадэманстраваць сваё майстэрства. Дзевяцікласнік Аляксандр Габрынеўскі выканаў на гітары сваю любімую песню, якую падпявалі ўсе дэсантнікі.
Пад канец сустрэчы падлеткі з Жабінкі выказалі ўпэўненасць, што кожны грамадзянін краіны павінен выканаць свой абавязак і прайсці службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Дыплом — за творчы ўзровень

У Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы імя Рыгора Шырмы адбыўся абласны конкурс інструментальных калектываў “Берасцейскі калейдаскоп”. Па яго выніках дыпломам І ступені адзначаны ўзорны аркестр народных інструментаў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе Наталля Грэцкая. На суд журы калектыў прадставіў тры творы: “Папуры на беларускія народныя песні”, “Субацею” і “Простую песеньку”. Апошнюю ў суправаджэнні аркестра выканала яго салістка — выхаванка школы мастацтваў Кацярына Зданкевіч. Прафесійную ацэнку канкурсантам дало журы, якое складалася з беларускіх музыкантаў, выкладчыкаў устаноў адукацыі і культуры вобласці. Пад увагу браліся прафесійны і творчы ўзроўні аркестравага выканання.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top