Імёны з “Кнігі народнай славы”

Імёны з “Кнігі народнай славы”

З 1972 года ў Жабінкаўскім райаддзеле міліцыі пачала стварацца “Кніга народнай памяці”. Першымі ў яе ўнесены прозвішчы Аляксея Дзмітрука і Сяргея Ануфрыюка (на здымку) — былых супрацоўнікаў міліцыі, якія загінулі ў гады вайны, змагаючыся супраць ворага.
Імя сцяброўца Аляксея Данілавіча ДЗМІТРУКА (1907-1942) даўно стала легендарным на Жабінкаўшчыне. Яго кароткаму яркаму жыццю прысвечаны шматлікія публікацыі. Ён быў у ліку змагароў за аб’яднанне Беларусі. Стаяў ля вытокаў праваахоўнай справы ў раёне, быў дэлегатам на з’ездзе, пасля якога Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. З самага пачатку ліхалецця Дзмітрук уліўся ў шэрагі старасельскіх партызан, стаў камандзірам дыверсійнай групы, загінуў пры выкананні службовага і вайсковага доўгу. Быў пахаваны ў Жабінцы, дзе яго імя носіць адна з гарадскіх вуліц. Прозвішча Аляксея Дзмітрука занесена ў “Кнігу народнай славы” і на мемарыяльную дошку, размешчаную на будынку раённага аддзела ўнутраных спраў.
Значна радзей згадваем пра другога змагара, чыё імя суседнічае з Дзмітруковым і ў “Кнізе народнай славы”, і на мармуровай пліце.
Сяргей Сямёнавіч АНУФРЫЮК (1910-1942) паходзіў з Панцюхаў. Да вайны служыў оперупаўнаважаным кры-мінальнага вышуку Жабінкаўскага райаддзела міліцыі. Калі пачалася Вялікая Айчынная, удзельнічаў у баях з захопнікамі. Да слова, раённая “Памяць” памылкова сцвярджае, што Сяргей Сямёнавіч загінуў у сорак першым. Насамрэч у баях пад Гомелем ён трапіў у акружэнне і быў заключаны ў лагер для ваеннапалонных, скуль у пачатку 1942 года здолеў збегчы. Вярнуўся дамоў, але неўзабаве быў схоплены і закатаваны гітлераўцамі.
На старонках “Кнігі народнай славы” знаходзім прозвішчы іншых супрацоўнікаў міліцыі, якія ў гады вайны ваявалі ў шэрагах партызан ці зведалі радасць перамог і горыч адступленняў на цярністых франтавых дарогах.
Сёння прыгадаем толькі аднаго з доўгага спіска міліцыянераў-ветэранаў.
Віктар Васільевіч МАГІЛЁЎ (1926-2006) хоць і насіў “беларускае” прозвішча, нарадзіўся
25 кастрычніка 1926 года далёка ад нашых краёў. Яго малая радзіма — пасёлак Петрапаўлаўка, што на Астраханшчыне.
23 сакавіка 1944 года з мясцін, дзе Волга ўпадае ў Каспійскае мора, у няпоўныя васямнаццаць Віктар быў прызваны Уладзіміраўскім РВК і накіраваны ў вучэбны полк у горад Маздок.
4 верасня ў сувязі з маштабным наступленнем, якое рыхтавалася ў Польшчы, выйшаў загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага накіраваць на перадавую ўсіх, хто нарадзіўся ў 1926 годзе.
Міжволі юнак адчуў: прыйшла даросласць, а сваё паўналецце сустрэў ужо ў “пекле” — гэтак нават бывалыя байцы і камандзіры называлі Сандамірскі плацдарм, у які немцы ледзь не ўгрызаліся зубамі. Маладому байцу давялося паўдзельнічаць у цяжкіх баях і ў адчайных вылазках на варожую тэрыторыю, каб захапіць “языка”. Словам, панюхаў пораху спаўна.
Але ў самым канцы сорак чацвёртага вялікую групу салдат накіравалі ў Чкалаўск. Сярод іх аказаўся і Віктар Магілёў. Прыбылі на месца за пару дзён да новага 1945 года. Хутка высветлілася: франтавікоў чакае вучоба ў Рыжскім пяхотным вучылішчы. І няхай не падманвае назва — вучэльня, дзе рыхтавалі малодшых камандзіраў, месцілася ў Башкірыі. Тут, у горадзе Стэрлітамаку, і давялося сустрэць заканчэнне вайны.
Далей Віктара Васільевіча чакала звычайная афіцэрская служба ва Уфе, Германіі, Адэскай вобласці, а затым (з 1956-га) замест вайсковай ён апрануў міліцэйскую форму. Спачатку быў участковым інспектарам Ляхавіцкага РАУС, затым старшым оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку. У 1966 годзе падпалкоўнік міліцыі Віктар Магілёў перавёўся ў Жабінку, дзе працаваў да самага выхаду на пенсію 4 студзеня 1982 года.
Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top