Правілы бяспекі ўзгадалі і выконваць абяцалі

Правілы бяспекі ўзгадалі і выконваць абяцалі

Напрыканцы лютага ва ўсіх рэгіёнах Беларусі праходзіла рэспубліканская акцыя “Адзіны дзень бяспекі”, падчас якой адбыліся прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні надзвычайных сітуацый, навучанні паводзінам ва ўмовах пажараў, аварый і інш.
У другой гарадской школе для вучняў таксама падрыхтавалі некалькі карысных сустрэч і мерапрыемстваў. Распачала акцыю вучэбная эвакуацыя школьнікаў і настаўнікаў на выпадак пажару. Затым да навучэнцаў завітаў галоўны інжынер вытворчага ўпраўлення “Брэстгаз” Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння Анатоль Харковіч. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўзгадалі правілы бяспечнага карыстання бытавым газам, паўдзельнічалі ў гульні “Знайдзі парушэнні” і добра запомнілі, што трэба рабіць, калі ў пакоі адчуваецца пах газу.
Да самых юных школьнікаў завітаў інспектар ДАІ Юрый Навасад. Першакласнікі ў гульнёвай форме ўзгадалі галоўныя правілы пешаходаў і паабяцалі інспектару насіць флікер, пераходзіць праз дарогу толькі на зялёнае святло і не катацца на веласіпедзе без дарослых.
Цікавай выдалася сустрэча з урачом-педыятрам Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Наталляй Лаўранюк, якая ведае ўсё пра школьны, бытавы і вулічны траўматызм. Яна прывяла прыклады са сваёй практыкі. Здавалася б, нявінная падножка на перапынку можа абярнуцца бядою: удар аб вугал падаконніка, радыятар ацяплення, падзенне з лесвіцы — і вось ужо моцны вывіх, пералом рукі-нагі ці траўма галавы. “Школа — месца для атрымання ведаў, а не траўмаў”, — падкрэсліла Наталля Віктараўна і заклікала дзяцей быць уважлівымі і асцярожнымі ў калідорах, кабінетах, спартыўных залах і на пляцоўках.
Падчас акцыі ва ўсіх класах прайшлі інфармацыйныя гадзіны “Мая бяспека ў школе”, “Каб не здарылася бяда”, “Хвілінкі бяспекі”, а таксама квэсты “За бяспеку — разам!”.
Святлана БЯЛЯК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top