4 сакавіка — Дзень беларускай міліцыі

4 сакавіка — Дзень беларускай міліцыі

НАШ НУМАР — 102,
або Месца, дзе “закручваецца спружына”

Хутка чвэрць веку, як Мікалай Іванавіч Кузьмук служыць у Жабінкаўскім РАУС. У нечым сёння ён на “перадавой”, бо працуе ў аператыўна-дзяжурнай службе, куды людзі ў першую чаргу звяртаюцца, калі ўзнікаюць нейкія праблемы, якія можа вырашыць міліцыя.
Час ляціць незаўважна, але ў памяці (быццам тое было зусім нядаўна) той сакавіцкі дзень 1995 года, калі 20-гадовы хлопец упершыню апрануў міліцэйскую форму.
У жыццёвым “багажы” меў ужо службу ў беларускім войску. Паўтара года ў 52-м цэнтры кіравання разведкай Мікалай правёў з карысцю для сябе, стаў сяржантам, узначаліў аддзяленне. Увогуле, армія надала ўпэўненасці ў сваіх сілах, маральна і фізічна загартавала.
Калі стаяў на раздарожжы, чым займацца на “грамадзянцы”, у жыццёвыя планы ўмяшаўся выпадак, які і вызначыў далейшы лёс. Напрыканцы 1994 года будучы цесць Фёдар Георгіевіч неяк спаткаўся з сябрам Валянцінам Кавалёвым. Той служыў дзяжурным АДС, вось і прапанаваў:
— А чаму б твайму без пяці мінут зяцю не пайсці да нас у міліцыю? Бачу, ён з галавой на плячах, сур’ёзны, адказны дый фізічна моцны. Такія нам патрэбны!
Іра, Міколава нявеста, пераказала тыя словы. І літаральна на наступны дзень хлопец прыйшоў на “агледзіны” да тагачаснага начальніка РАУС Міхаіла Ляшука. Міхал Міхалыч выслухаў уважліва, з разуменнем, паківаў галавою, але адказаў:
— Сяржанцкіх вакансій у нас пакуль няма — абяцаць нічога не стану. Аднак буду мець на ўвазе, вазьму на заметачку.
У лютым Ірына і Мікалай справілі вяселле, а тут і станоўчы адказ з міліцыі прыйшоў: маўляў, чакаем маладажона ў сябе — патрэбна Радзіме паслужыць у ППС. І адразу ў першы дзень — выхад на патрульнае дзяжурства, якое прайшло спакойна, без эксцэсаў. Потым, вядома, усялякае бывала: даводзілася заклікаць да парадку хуліганаў, дэбашыраў, асабліва сямейных, лавіць рабаўнікоў веласіпедаў, іншай маёмасці — адным словам, ачышчаць горад і раён ад тых, хто перашкаджаў жыхарам жыць спакойна, з надзеяй на лепшае.
— Гады, калі пачынаў службу, і сённяшні дзень адрозніваюцца, як неба і зямля, — міжволі параўноўвае Кузьмук розныя часы. — Тады аказанне супраціўлення міліцыянеру лічылася нонсенсам. Адзін патрульны справай, а часцей проста словам мог прывесці да парадку цэлы натоўп, напрыклад, на дыскатэцы. Зараз калегі выязджаюць на патруляванне цэлым нарадам. Адчуваецца, што працаваць год ад году становіцца ўсё складаней.
З самага пачатку службы Мікалаю Іванавічу моцна пашанцавала на старэйшых таварышаў Генадзя Цітова і Сяргея Блізнякова, якія сталі яму настаўнікамі ў праваахоўнай справе. У 1997-м на пагонах з’явілася яшчэ адна лычка — старшы сяржант міліцыі Кузьмук быў прызначаны камандзірам аддзялення патрульна-паставой службы. Пашырылася і адказнасць, добра, што хлопцы падабраліся выдатныя, на іх можна было абапірацца без усялякіх ваганняў.
2 жніўня 2002 года Мікалай Іванавіч перайшоў у аператыўна-дзяжурную службу памочнікам дзяжурнага. Неўзабаве, як спяваў калісь Высоцкі, на пагоны ўпалі першыя зоркі — прапаршчыцкія. Сёння старшы прапаршчык міліцыі Кузьмук працягвае службу ў “дзяжурцы”. Свае абавязкі акрэслівае наступным чынам:
— Усім вядомы нумар 102 — гэта наш нумар. Дзяжурная змена, або штатны нарад, складаецца з трох чалавек: дзяжурнага (ён мой цёзка па прозвішчы капітан міліцыі Юрый Кузьмук), мяне, памочніка дзяжурнага, і вадзіцеля — старшага сяржанта міліцыі Андрэя Швека. “Дзяжурка” — сапраўдны аператыўны цэнтр, дзе прымаем інфармацыю аб падзеях, рэгіструем паведамленні пра злачынствы або адмі-ністрацыйныя парушэнні, кантралюем дастаўленых у райаддзел парушальнікаў парадку. Як гаворыцца, з нас уся “спружына закручваецца”.
Нярэдка ў прафесіях узні-каюць дынастыі. На пытанне, ці мае жонка дачыненне да праваахоўных органаў, Мікалай Кузьмук шчыра рассмяяўся:
— Калі муж міліцыянер, дык, канечне, мае! Надзейны тыл — вялікая рэч у нашай справе. Як у доме парадак, добры настрой пануе, тады і на працы ўсё ладзіцца.
Не мог не спытацца:
— Міліцэйскае свята заўсёды папярэднічае ў календары Восьмаму сакавіка. Да таго ж,
25 лютага вы з Ірынай Фё-дараўнай адсвяткавалі сярэбранае вяселле. Прыгадайце, калі ласка, які самы каштоўны падарунак паднеслі жонцы?
— А чаму толькі адзін? — весела пацікавіўся Кузьмук. — Я ёй два вялікія дарункі зрабіў: сыноў. Старэйшы Арцём, якому восенню споўніцца 25, працуе ў Жабінкаўскім ГДК, завочна заканчвае Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Праз лічаныя месяцы стане дыпламаваным інжынерам-механікам. У БрДТУ паступіў і Уладзіслаў, хоча стаць інжынерам-праграмістам. Праўда, зараз на час прыпыніў вучобу, каб паслужыць Айчыне ў 15-й зенітна-ракетнай брыга-дзе пад Мінскам. Мы з Ірынай ганарымся сынамі, яны растуць годнымі людзьмі.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top