“Сустрэча ў зялёным жыце”

“Сустрэча ў зялёным жыце”

У 2010-м сталічнае выдавецтва “Чатыры чвэрці” заснавала кніжную серыю “Дзеці вайны”. За дзесяцігоддзе ў ёй пабачыла свет мноства выданняў. Літаральна днямі з-пад друкарскага варштата сышла чарговая кніга нашага земляка Расціслава Бензерука. У ёй аўтар, які нарадзіўся 27 лютага 1944 года, за пяць месяцаў да вызвалення раёна, вядзе шчырую размову з чытачом.
Хто яны, дзеці вайны? Ім давялося нарадзіцца і падрастаць у няпросты час. А таму яны маюць права на ўспаміны пра маленства, якое прыпала на вогненнае ліхалецце і пасляваеннае адраджэнне.
Кніга нездарма мае назву “Сустрэча ў зялёным жыце”. Яна пачынаецца аўтабіяграфічнай аповесцю “Адмеціны вайны”, а завяршаецца аднайменнай навелай, прысвечанай “светлай памяці бацькі, шчырага хлебароба, якога вайна змусіла стаць салдатам і забрала маладым”. Выданне — не проста дзвесце старонак адкрытай размовы з чытачом. Праз лёсы землякоў, калегаў па пяры, якія таксама “прыйшлі на свет пад грукат кананады”, Расціслаў Мацвеевіч аднаўляе частку біяграфіі сваёй краіны, што апынулася ў саракавыя агнявыя паміж молатам і кавадлам.
Цікавым падаецца расповед пра доўгі і складаны пошук бацькавай магілы. Толькі праз 70 гадоў пасля гібелі гвардыі радавога Мацвея Бензерука, калі адкрыліся архівы ваенных часоў, стала дакладна вядома, што свой апошні спачын баец, які змагаўся на варшаўскім накірунку, знайшоў у мястэчку Гарволін.
За сорак гадоў у журналістыцы аўтару шмат разоў даводзілася перакрыжоўвацца з жывымі сведкамі вайны. Таму працягам размовы з чытачом сталі восем эсэ і нарысаў. Сярод іх — “Крэпасць жыве ў сэрцы” (пра пісьменніка-франтавіка Алеся Махнача, які пачаў вайну ў Цытадэлі над Бугам) і “Сардэчны абярэг” (пра лёс рускага пісьменніка Рамана Левіна, якога выратавала ў вайну жыхарка Жабінкі Флорыя Будзішэўская).
Асобныя творы аўтар прысвячае “дзецям вайны”, якіх лёс звязаў з Жабінкаўшчынай: тром Іванам — Арабейку, Герасевічу, Жытко — ды сыну камісара партызанскага атрада імя Чарнака Леаніда Зяленіна Вадзіму, які гадаваўся пасля гібелі бацькоў у Стрыганцы.
Ёсць сярод герояў кнігі і творцы, з якімі пісьменніка з Жабінкі некалі ў яго “вандроўках па натхненне” злучыла сяброўства. У іх ліку — вядомыя беларускія творцы Уладзімір Содаль і Леанід Левановіч.
Працягам тэмы “дзяцей вайны” сталі апавяданні, напісаныя Расціславам Бензеруком у розныя часы: “Бацькава скрыпка”, “Нялёгка быць героем!..”, “Граша Буслёнак”.
Такім чынам, новая (дарэчы, ужо сямнаццатая па ліку) кніга земляка адрасавана тым, каго не пакідае абыякавым тэма Вялікай Айчыннай вайны, усім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. У мастацкім афармленні вокладкі выкарыстана вядомая карціна Адольфа Гугеля. Напісана яна да 40-годдзя Перамогі і носіць назву “Дзеці вайны”.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top