“Мой прынцып: стаўся да жыцця сур’ёзна…”


Сёлета ў дырэктара ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” В.К.Волка юбілеяў не адзін, а два. 10 сакавіка споўнілася 25 гадоў, як Васіль Канстанцінавіч стаў кіраўніком прадпрыемства, а ўчора яму “стукнула” 60 ад нараджэння. У такіх выпадках звычайна згадваюць пройдзены адрэзак жыццёвага шляху, таму размова з юбілярам пачалася проста — з яго маленства і юнацтва.
— Нарадзіўся ў сям’і патомнага чыгуначніка, — ажывіўся мой суразмоўнік, — аднак, як бачыце, ні за дзедам, ні за бацькам не пайшоў. Скончыўшы першую гарадскую школу, дарэчы, адзіную тады ў Жабінцы, вырашыў паступаць у Львоўскі політэхнічны інстытут на спецыяльнасць, якая толькі-толькі была ўведзена: аўтаматыка і тэлемеханіка. Вучоба ў школе давалася лёгка, асабліва любіў матэматыку, фізіку, хімію, дык аднёсся да паступлення без вялікай адказнасці, самаўпэўнена, можна сказаць. Тады вось і атрымаў урок на ўсё жыццё: да любога больш-менш важнага пытання стаўся сур’ёзна.
Ні з чым вярнуўся дадому. Да вайсковай службы заставаўся год, і трэба было ісці працаваць. Куды — выбіраць не давялося. Будаваўся камбікормавы завод, куды яшчэ школьнікам, на канікулах, хадзіў падсобнікам. Дык і цяпер, у 1969-м, разам з іншымі хлопцамі пайшоў на будоўлю. Працаваў слесарам-гідраўлікам на складзе сіласнага тыпу. Асвойваў прафесію, як кажуць, на хаду, на практыцы. Заадно і зварцы навучыўся, бо вымагала спецыфіка работы. Зварачны апарат ёсць у мяне дома і сёння. Мне дасюль падабаецца працаваць з металам.
— Слесарам, вынікае, вы пачыналі ў будаўнічай арганізацыі, якая ўзводзіла завод. Працавалі з металам і на прадпрыемстве. Гэта было ўжо пасля вайсковай службы?
— Пасля службы, але камбікормавы завод не адразу выбраў. Мае браты працавалі на цукровым, туды падаўся і я. Заставалася прайсці медкамісію, як мяне “пераарыентавалі” маладыя рабочыя і галоўны механік камбікормавага завода, таксама малады, пасля інстытута. Ён правёў па цэху, пазнаёміў з умовамі працы і заробкамі — заінтрыгаваў, адным словам, да таго ж бацькоўскі дом быў побач, і я пайшоў слесарам сюды. Было гэта ў снежні 1973-га. Вырас да слесара пятага разраду, у 1979 годзе паступіў на завочнае ў Беларускі політэхнічны інстытут, праз год мяне прызначылі галоўным механікам, а яшчэ праз год і дзесяць месяцаў — намеснікам дырэктара…
— Выбачайце, што перабіваю. Можа скласціся ўражанне, што так проста робіцца службовая кар’ера.
— Зусім не так. Трэба добра асвоіць справу, якой займаешся, любіць яе, пастаянна вучыцца, мець адказнасць перад сабой і калектывам. Мой дэвіз: калі трэба — значыць трэба! І 40-метровую ўпалую норыю за ноч паставіць на месца, калі быў яшчэ слесарам, і замяніць зваршчыка ў рамонтны перыяд, няхай ты ўжо галоўны механік, і ў спецыфіку нарыхтоўкі збожжа ўнікнуць на пасадзе намесніка дырэктара, дарма што па-ранейшаму любіш метал. Чым больш адказная работа, тым цікавей, чым лепш і аператыўней яе выканаеш, тым прыемней самому.
Паўтаруся: трэба ўвесь час вучыцца. Я не аднойчы ездзіў на курсы павышэння кваліфікацыі, пабываў не на адным камбікормавым заводзе, не абавязкова на лепшых з лепшых, бо карысны вопыт ёсць на кожным. У 1995 годзе, дзякуючы расійска-амерыканскаму вучэбнаму цэнтру, ездзіў на два тыдні ў ЗША. Камбікормавыя заводы там аўтаматызаваныя, працуе мала людзей, абсталяванне надзейнае, не выходзіць са строю ўвесь сезон, да планавага рамонту, чаго, трэба сказаць, дабіваемся і мы. Аднак жа многае залежыць ад вытворцаў тэхнікі. Некаторыя амерыканскія машыны працуюць па паўстагоддзя і больш, чым, на жаль, мы пахваліцца не можам. Быў таксама ў Германіі, Польшчы, Галандыі. Паездкі, перайманне вопыту айчынных і замежных вытворцаў даюць свой плён — ён і ў сённяшняй тэхнічнай аснашчанасці завода, і ў папулярнасці нашай прадукцыі. Каб задаволіць попыт, шырока разгалінавалі гандлёвую сетку ў вобласці і за яе межамі, скарацілі тэрмін міжсезоннага рамонту абсталявання за кошт дзвюхзменнай работы, у тым ліку ў выхадныя дні. На ўсё новае трэба настройваць калектыў, і гэта нам удаецца, прынамсі ўдавалася. Эканамічны крызіс — гэта, вядома ж, кепска, але з другога боку ён падштурхоўвае тварыць і абнаўляцца. Сёння, напрыклад, сорак працэнтаў усіх прыбыткаў дае нам рознічны гандаль, а напачатку ў такі вынік верылі далёка не ўсе.
— Хто вы больш, Васіль Канстанцінавіч: работнік вытворчасці ці кіраўнік калектыву? На каго перш за ўсё абапіраецеся як дырэктар?
— Трэба, канечне, спалучаць у сабе адно і другое. Бо чаго вартая вытворчасць без людзей? Яны павінны быць зацікаўленымі ў ёй, працаваць сумленна і з душой, а не абы-як. Будзь ты самым разумным вынаходнікам, аднак ці ажыццявіш свае ідэі без іх? Для гэтага патрэбна моцная каманда аднадумцаў. Я ганаруся заводскімі спецыялістамі і скажу вам як на духу: за чвэрць стагоддзя свайго дырэктарства не зняў, здаецца, з пасады нікога. Былі з тым ці іншым чалавекам сур’ёзныя размовы, але я намагаўся зразумець і пераканаць яго, нацэльваў на галоўнае і забываў на асабістае, бо ў кожнага ёсць і вартасці, і недахопы ў характары.
Нямала ўвагі ўдзяляем кіраўнікам сярэдняга звяна — маладым майстрам. Яны, як правіла, на два-тры месяцы залічваюцца рабочымі для таго, каб пазнаёміцца з вытворчасцю, з працаю і характарамі тых, каго потым будуць весці за сабою. Не ўсе на гэта ідуць ахвотна, але ў канцы застаюцца задаволеныя: пасля такой своеасаблівай стажыроўкі яны ўжо сапраўдныя майстры!
Няма ніякага сакрэту: кадры набіраю сам. Намеснікі дырэктара, галоўныя спецыялісты, начальнікі аддзелаў і ўчасткаў — гэта і ёсць мая каманда. Магу назваць нават свайго будучага пераемніка…
— Што, вы збіраецеся пакінуць пасаду?
— Не, проста сёлета заканчваецца кантракт, а там час пакажа. Кажу пра будучага магчымага пераемніка, іншага не бачу: гэта галоўны інжынер Андрэй Дзмітрыевіч Трафімчук. На завод ён, як і я калісьці, прыйшоў слесарам. Стаў талковым, ініцыятыўным спецыялістам. Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў, усталяванне лініі экспандзіравання камбікармоў, будаўніцтва цэха фасоўкі прадукцыі і цэха перапрацоўкі алейных культур, павелічэнне магутнасці камбікормавага цэха з адначасовым вызваленнем вытворчай плошчы для лініі выпуску кармоў тонкіх рэцэптаў — ва ўсім, што звязана з тэхнічным пераўзбраеннем завода, вялікая заслуга галоўнага інжынера. Яму сорак пяць. Заканчвае Акадэмію кіравання, якую ў 1993-м закончыў я.
Дасканала ведаць вытворчасць — гэтага сёння мала, трэба мець эканамічную адукацыю, у прыватнасці валодаць бухгалтарскім улікам, каб на аснове аналізу прымаць правільныя рашэнні. Так, думаю, мы не памыліліся, калі ў перыяд крызісу ўзяліся за будаўніцтва новага элеватара, які ўвойдзе ў строй з сёлетняга сезона нарыхтоўкі збожжа. Дзяржпазыка доўгатэрміновая, на пяць гадоў, акупіцца ж ён за два з паловаю гады — за кошт таго, што не будзем несці стратаў на арандаванні складскіх памяшканняў іншых заводаў, а яшчэ ж і на пагрузцы-выгрузцы збожжа, яго перавозцы, на ўсушцы ды ўтрусцы… Ажыццяўляем бізнес-план таксама на будаўніцтве ўласнага свінакомплексу, які будуць абслугоўваць нашы работнікі. У перспектыве — будаўніцтва побач з ім мясакамбіната. І наогул, задумак багата. Ужо складзены план развіцця прадпрыемства да 2025 года. Тады я ўжо дакладна не буду працаваць.
— У вашы прыёмныя дні не раз заўважалася: нават вялікая чарга наведвальнікаў растае хутка. Неадкладнае вырашэнне пытанняў — гэта стыль вашай работы?
— Бадай, стыль: даражыць часам сваім і чужым. Я пераканаўся: калі чалавек звяртаецца, значыць яму трэба, ён хоча, каб яго выслухалі і дапамаглі. Рэдка хто прыходзіць з-за дробязяў, ды і тады паслухаю, пастараюся супакоіць. Зусім не дробязь — заработная плата. Не паспяваем павышаць яе разам з ростам цэнаў. Але не станеш чалавеку тлумачыць, што гэта з’ява часовая, дый робіш ты акурат на тарыфную стаўку, якая ёсць, калі месячны заробак у яго мільён дзвесце, у жонкі мільён сто, а ў іх трое дзяцей. Уважліва ставімся да кожнага выпадку, стараемся падтрымаць хоць аднаразовай грашовай дапамогай. Я прывёў прыклад ужо даволі даўні: з першага красавіка зарплата на заводзе вырасла ўдвая. Але прынцып адносін да людзей той жа — з павагаю і разуменнем.
Жаданыя госці і мае, і ўсяго заводскага калектыву — нашы ветэраны. Здаўна мы з імі адно цэлае. Ніводнаму пенсіянеру не адмаўляем у просьбе, знаёмім былых работнікаў з новаўвядзеннямі на прадпрыемстве, ладзім для іх цікавыя экскурсійныя паездкі, запрашаем на ўрачыстасці, віншуем з юбілеямі. Многія з іх усё жыццё працавалі на заводзе і маюць поўнае права на нашу ўвагу, хаця б маральную.
На прыём да мяне як да дэпутата райсавета прыходзяць выбаршчыкі. Шукаю магчымасць дапамагчы ім у добраўпарадкаванні вуліцы, рамонце дзетсада і ў іншым. Паколькі многае сёння ўпіраецца ў фінансавыя праблемы, спрабую вырашаць іх праз раённыя службы. На жаль, не заўсёды выпадае сустракацца з выбаршчыкамі на месцы іх жыхарства з-за вялікай занятасці.
— Чым любіце займацца па-за вытворчасцю і грамадскай работай? Скажам, у выхадныя і святочныя дні, у водпуску.
— Для кожнага ўзроставага перыяду ўласцівыя свае захапленні. У школьныя гады цікава было збіраць манеты — старажытныя, замежныя. Рыбалкай займаўся, спортам. Калі служыў на флоце ў Прыбалтыцы, захапіўся апрацоўкаю бурштыну. Дасюль люблю яго. Бываючы ў Калінінградзе або Паланзе, абавязкова заходжу ў музей. Магу цэлымі гадзінамі любавацца экспанатамі з бурштыну. Люблю наведваць музеі старажытнасці. Раблю гэта ў паездках у водпуску, а то выкройваю час і ў камандзіроўках.
Але з пачаткам дырэктарства галоўным маім захапленнем стала работа. Першыя гады літаральна прападаў на заводзе. Затрымліваўся пасля працоўнага дня, прысвячаў прадпрыемству палову кожнага выхаднога, і раз і другі завітваў сюды ў адпачынку. Цяпер, калі грунтоўна ўмацавалася каманда спецыялістаў, перажываю значна менш. Проста прыходжу, ахвяруючы вольным часам, упэўніцца, што ўсё тут сапраўды ў норме. Больш стала магчымасці пабыць з дзецьмі. Пасля таго, як паставіў свой дом, палюбіў сад-агарод, ён для мяне і адпачынак, і аддушына.
— Дзякуй за шчырую размову. З юбілеем, Васіль Канстанцінавіч!
Гутарыў Алесь КАСКО.
Фота Дар’і Падалінскай.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*